Яркай і запамінальнай падзеяй для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Сцяжынкамі роднага краю” Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна стала экскурсія ў вайсковую часць 75158 горада Навагрудка.
Як праходзіць ваенная служба? З чаго складаецца побыт вайскоўцаў? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні атрымалі выхаванцы лагера.
Хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з умовамі нясення ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, з армейскім жыццём вайскоўцаў, даведаліся, як адрозніць форму паўсядзённую, парадную і баявую, паглядзелі на сапраўдныя аўтаматы, не толькі патрымалі іх у руках, але і паспрабавалі разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава. Асаблівую цікавасць выклікала тэхніка, дзецям дазволілі пасядзець за рулём баявой машыны, узяць у рукі рацыю.
Наведванне вайсковай часці было вельмі карысным, дазволіла дзецям даведацца нешта новае пра будні салдат, адчуць важнасць і складанасць ваеннай службы. Сустрэча прайшла ў рэжыме жывых зносін, вельмі цікава, пазнавальна і з карысцю.
Жанна БЕДУНКЕВІЧ,
дырэктар аздараўленчага лагера “Сцяжынкамі роднага краю”
Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна