Рэалізацыя гульнявой мадэлі “У пошуках страчаных скарбаў” на прыкладзе аздараўленчага летняга лагера “Рабінзоны”  

- 12:50Внеклассная работа, Методичка

Вольга МАРУШКА, дырэктар
Жанна ЖЫНКО, намеснік дырэктара
аздараўленчага лагера “Рабінзоны”
ДУА “Уселюбскі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Ва Уселюбскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе быў арганізаваны летні прышкольны аздараўленчы лагер “Рабінзоны”. Уся дзейнасць выхаванцаў і педагогаў у лагеры рэалізавалася па распрацаванай гульнявой мадэлі “У пошуках страчаных скарбаў”.

Сутнасць гульнявой мадэлі заключалася ў тым, што на працягу 18 дзён усе ўдзельнікі аздараўленчага лагера здзяйснялі падарожжа па пошукавай карце, шукаючы і расколваючы кожны дзень па адным арэшку са словам-назвай каштоўнасці: “мір”, “Радзіма”, “вернасць”, “памяць”, “здароўе”, “бяспека”, “сям’я”, “прырода”, “прыгажосць”, “беражлівасць”, “прафесія”, “спорт”, “дабрыня”, “веды”, “майстэрства”, “працавітасць”, “сяброўства”, “міласэрнасць”.

Раскалоць арэшак дапамагалі мерапрыемствы дня і шыфроўка “Адгадай слова”, якая з’яўлялася кожную раніцу пасля лінейкі побач з картай падарожжа. Для гэтага выхаванцы на працягу дня здзяйснялі як мага больш добрых спраў для “вяртання згубленых людзьмі скарбаў”.

У канцы кожнага дня на лінейцы падводзіліся вынікі: самыя актыўныя дзеці заахвочваліся малюначкамі з выявай арэшка, а за адгаданае слова ў шыфроўцы ўдзельнік (той, хто адгадаў слова першым) атрымліваў адзін вялікі арэх, які роўны 10 маленькім арэшкам. Кожны атрад складаў свае набыткі ў куфар дасягненняў.

У канцы змены дзеці змаглі даць адказ на пытанне: “Што з’яўляецца галоўнымі каштоўнасцямі чалавека?” Быў створаны лагерны прадукт у выглядзе калажу “Вяртанне страчаных каштоўнасцей”.

 

Структура гульнявой мадэлі:

I Арганізацыйны перыяд

Мэта: фарміраванне асноў часовага дзіцячага калектыву, улічваючы мінулы вопыт дзяцей і традыцыі лагера.

Задачы:

1. Вывучыць інтарэсы, схільнасці, захапленні выхаванцаў.
2. Сфарміраваць органы дзіцячага самакіравання.
3. Прад’явіць адзіныя патрабаванні да выканання рэжыму дня, дысцыпліны ў лагеры.
4. Стварыць добразычлівыя міжасобасныя адносіны, з’яднаць дзіцячыя калектывы атрадаў.

 

ІІ Асноўны перыяд

Мэта: рэалізацыя гульнявой мадэлі ў дзейнасці лагера.

Задачы:

1) стварыць умовы для разумення духоўна-маральных каштоўнасцей у ходзе рэалізацыі гульнявой мадэлі;
2) стварыць умовы для аздараўлення і развіцця выхаванцаў;
3) фарміраваць лідарскія якасці і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

 

ІІІ Заключны перыяд

Мэта: падвядзенне вынікаў дзейнасці лагера “Рабінзоны”, завяршэнне працы лагера.

Задачы:

1) ацаніць дзейнасць кожнага атрада і яго членаў;
2) прадыягназаваць паспяховасць рэалізацыі гульнявой мадэлі;
3) распрацаваць рэкамендацыі на новы летні сезон.

 

Рэалізацыя гульнявой мадэлі “У пошуках страчаных скарбаў” ажыццяўлялася паэтапна:

І этап. Прысвячэнне ў рабінзоны

Мэта: фарміраванне матывацыі для ўдзелу ў гульні, азнаямленне з правіламі гульні.

1. Рэгістрацыя каманд.
2. Збор – прысвячэнне ў “рабінзоны”.
3. Уручэнне “Пошукавай карты”.

 

ІІ этап. Праходжанне выпрабаванняў пры пошуку скарбаў

Мэта: стварыць умовы для рэалізацыі грамадскай актыўнасці ўсіх удзельнікаў і развіцця творчасці.

1. Праходжанне выпрабаванняў па абраных напрамках.
2. Падвядзенне вынікаў кожнага дня на лінейцы.
3. Уручэнне “арэхаў”.

 

ІІІ этап. Падвядзенне вынікаў.

Мэта: выяўленне найбольш актыўных удзельнікаў сярод атрадаў.

1. Падвядзенне агульных вынікаў па ўсіх выпрабаваннях.
2. Урачысты збор – закрыццё лагера “Рабінзоны”.

 

Уся дзейнасць удзельнікаў гульнявой мадэлі ажыццяўлялася па чатырох напрамках з вылучэннем адпаведных каштоўнасцей:

– грамадзянска-патрыятычны (мір, Радзіма, вернасць, памяць, сям’я, прафесія),
– спартыўна-аздараўленчы (здароўе, спорт, бяспека),
– пазнавальна-экалагічны (веды, прырода, прыгажосць, беражлівасць, міласэрнасць, працавітасць),
– культурна-творчы (дабрыня, майстэрства, сяброўства).

Разуменне кожнай духоўна-маральнай каштоўнасці праходзіла праз уцягванне выхаванцаў у разнастайныя лагерныя мерапрыемствы.

Грамадзянска-патрыятычны напрамак прадугледжваў правядзенне тэматычных інфармацыйных гадзін, мітынгу “Мы гэтай памяці верныя”, акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Ветэран жыве побач”, вахты памяці “Дзякуй прадзеду за Перамогу!”, віртуальных экскурсаў (“Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, “Зямля бацькоў – мая зямля”), прававой віктарыны, велапрабегу “Ад помніка да помніка”, экскурсій (г. Мір, г. Нясвіж, воінская часць г. Навагрудка, аддзел па надзвычайных сітуацыях г. Навагрудка, сельская бібліятэка, паштовае аддзяленне сувязі, фермерская гаспадарка), аперацыі “Помнік”, што спрыяла фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі выхаванцаў, пашырэнню іх ведаў аб агульнагістарычных, маральных і духоўных каштоўнасцях, развіццю ўменняў шанаваць страчаныя каштоўнасці і карыстацца імі ў сваім сацыяльным вопыце.

Рэалізацыя штодзённых мерапрыемстваў у рамках спартыўна-аздараўленчага напрамку выхаваўчай работы: хвілінкі здароўя і бяспекі, працэдуры гартавання, акцыі (“Моладзь супраць наркотыкаў”, “Антырэклама шкодных звычак”), спартыўныя турніры, гульнявыя праграмы (“Заваяванне Алімпу”, “Кліч джунгляў”), спартыўныя святы (“Алімпійцы сярод нас”, “Волатаўскі турнір”), турпаходы, спартакіяды, марафон “Дружныя дзеці крочаць па планеце” – спрыялі ўмацаванню здароўя выхаванцаў падчас лагернай змены, пашырэнню ведаў па захаванні здароўя, прывіццю навыкаў здаровага ладу жыцця.

Пазнавальна-экалагічны напрамак выяўляўся праз актыўны ўдзел выхаванцаў у пазнавальна-забаўляльных праграмах (“Кладавыя малой радзімы”, “Па старонках Чырвонай кнігі”), навуковым шоу “У лабараторыі прафесара Адкрывашкіна”, калектыўна-працоўных дэсантах (“Створым прыгажосць сваімі рукамі”, “Упрыгожым малую радзіму”), экалагічнай аперацыі “Зрабі родны край чысцейшым”, акцыі “Выратуй дрэва – збяры макулатуру”), экалагічнай экспедыцыі “Блакітныя дарогі роднага краю”, якія спрыялі фарміраванню ўсвядомленага стаўлення да малой радзімы праз пазнанне роднага краю і спасціжэння маральных каштоўнасцей, развіццю беражлівых адносін да роднай зямлі і прыроды, выхаванню экалагічнай культуры.

Культурна-творчы кірунак быў арыентаваны на стварэнне ўмоў для раскрыцця і развіцця творчага патэнцыялу кожнага выхаванца, якое ажыццяўлялася праз стварэнне “Утульнай лабараторыі” (атраднага кутка), гульнявых пляцовак “Гульні нашых продкаў”, правядзенне майстар-класа “Нацыянальная цацка”, фестываля-рэкламы “Вось якія мы”, тэматычных конкурсаў малюнкаў, вырабаў з непрыдатнага матэрыялу, фотаконкурсу “Зямля бацькоў – мая зямля”, забаўляльных праграм (“Лета і кніга”, “Сябры заўсёды дапамогуць”), музычнай гадзіны “Спяваем разам”, фэсту “Сузор’е дабрыні”, флэшмобу “Гэта песня з Беларусі”, наведванне відэасалона, кінатэатра, музычнай школы.

Практыка працы паказала, што гульнявая задума арганізацыі работы “У пошуках страчаных скарбаў” займальная і цікавая для дзяцей. Кожны дзень прыносіў новыя адкрыцці, новыя ўражанні, масу эмоцый і жаданне расказаць аб праведзеным дні ў лагеры. А дасканалыя добрыя справы і ўчынкі выхаванцаў умацоўвалі іх духоўна-маральныя каштоўнасці.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий