Адным з мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне памяці пра нашых продкаў, стала экскурсія ў этнаграфічны куток “Рэчы хатняга побыту ў сялянскай хаце” Паляцкішскага цэнтра культуры і дасуга.
Дзеці пазнаёміліся з укладам жыцця і асноўнымі заняткамі нашых продкаў. Сёння вядучым прынцыпам выхавання варта лічыць выхаванне, якое ажыццяўляецца на каранях нацыянальнай культуры. Шмат гаворыцца пра адраджэнне Айчыны. Адрадзіць культуру нашага народа, традыцыі – цяжкая і высакародная задача. Дашкольны ўзрост – спрыяльны перыяд для далучэння дзяцей да вытокаў народнай культуры, здольнай адрадзіць пераемнасць пакаленняў, перадаць маральныя асновы, духоўныя і мастацкія каштоўнасці.
Праца выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ясляў-сада в. Паляцкішкі накіравана на фарміраванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту агульных уяўленняў пра культуру беларускага народа. Пацешкі, прымаўкі, прыказкі, гульні, песні, народныя інструменты, танцы – усе гэтыя віды дзейнасці ствараюць магчымасць дзіцяці даткнуцца да гістарычнага мінулага.
Экспанаты, прадстаўленыя ў этнаграфічным кутку збіраліся не адзін год. Некаторым з іх больш чым за 100 гадоў. Адметнай асаблівасцю рэчаў з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную і выпраменьваюць энергетыку таго часу.
Выхаванцам расказалі пра асаблівую ролю покуці ў хаце. Дзеці даведаліся, што адным з самых старажытных промыслаў беларусаў лічылася ткацтва. На працягу стагоддзяў яно перадавалася з пакалення ў пакалення. Сыравінай для ткацтва быў лён або воўна. Лён заўсёды быў улюбёнай раслінай славянскіх народаў. З яго валакна выраблялі вопратку, вяроўкі і нават абутак. Дзеці пабачылі калаўрот, прасніцу, шчотку, верацяно, матавіла, пранік, чаўнок.
Частка экспазіцыі, прадстаўленай выхаванцам, была прысвечана гаспадарчым рэчам. Увагу дзяцей звярнулі на гліняны посуд, які ў нашых прашчураў быў на любы густ і для розных патрэб.
Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця, канечне, не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды, прадзеды, трэба.
Надзея ЖУКОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада в.Паляцкішкі Воранаўскага раёна