Нягневіцкія выпускнікі выбіраюць аграрныя прафесіі

- 15:08ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Лагер працы і адпачынку “Вектар” Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна традыцыйна збірае падлеткаў, якія ўжо вырашылі для сябе далейшы лёс пасля заканчэння 9-га класа і атрымання пасведчання аб завяршэнні навучання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Для выхаванцаў лагера на працягу змены арганізаваны тэматычныя дні прафесій “Крок у прафесію”, сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі на прадпрыемствы рэгіёна.

Атрымаць прафесію агранома марыць Даша Сап’янік, таму падчас сустрэчы з аграномам-семенаводам СВК “Нягневічы” Аляксандрай Кісель цікавіцца, чым прывабіла прафесія Аляксандру Віктараўну, якія якасці неабходна выхоўваць у сабе, каб любіць справу, якой займаешся. Установу адукацыі Даша ўжо выбрала – гэта Навагрудскі аграрны каледж. Дзяўчына ўсміхаецца: “Як у прымаўцы: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”.

Стаць будаўніком марыць Аляксей Хвіневіч, збіраецца падаць дакументы ў Навагрудскі прафесійна-тэхнічны ліцэй, а пасля яго заканчэння вярнуцца ў родную вёску.

Сямейную дынастыю працаўнікоў сельскай гаспадаркі працягне Ліза Шуляк. Дзяўчына ўжо год займалася ў 10-м аграрным класе, створаным на базе нашай школы. Мінулае лета Ліза працавала і адпачывала разам са сваімі сябрамі ў лагеры працы і адпачынку, сёлета не стала выключэннем: кожную раніцу яна спяшаецца на працу, як і яе тата, вадзіцель, і мама, бухгалтар сельскагаспадарчага прадпрыемства. Усё жыццё працавалі ў калгасе яе бабуля і дзядуля, і дзяўчына ведае, якой цаной здабываецца хлеб.

Выхаванцы лагера правялі даследаванне і стварылі “Карту прафесій аграгарадка”, высветлілі, што найбольш у нашай гаспадарцы запатрабаваны прафесіі трактарыста, вадзіцеля, жывёлавода.

Прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца ва ўстанове адукацыі, дае станоўчыя вынікі. Самае галоўнае для выпускнікоў школы – не памыліцца ў выбары прафесіі, і тады кожны дзень будзе прыносіць задавальненне, а чалавек будзе адчуваць сябе шчаслівым.

 

Марына СЯВЕЦ,
дырэктар лагера працы і адпачынку “Вектар”
Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий