Падарожжа па спіралі часу ў “Вялікае княства Сула”

- 17:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Год гістарычнай памяці з мэтай азнаямлення з гісторыка-культурнай спадчынай Рэспублікі Беларусь педкалектыў Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы Смаргонскага раёна накіраваўся ў чарговую вандроўку. На гэты раз – у парк-музей гісторыі “Вялікае княства Сула”.

Менавіта тут, на беразе паўнаводнай Сулы, даўным-даўно, яшчэ да нараджэння Хрыста, пасяліліся нашы продкі, і мы вырашылі адрадзіць сувязь з велічным мінулым.

Адразу каля варот княства нас урачыста, пад гукі даўнейшай музыкі, сустрэлі прыветлівыя гаспадары і запрасілі акунуцца ў мінулае нашага народа. Яшчэ здалёк мы ўбачылі на возеры прыгожае судна, дракар, на якім змаглі прайсці шлях “з варагаў у грэкі”, і апынуліся каля старажытнага кромлеху, адкуль, як тут кажуць, пачынаецца гісторыя ўсіх беларусаў. Слухаючы цікавы аповед экскурсавода пра летапісную гісторыю нашай зямлі, мы наведалі пляцоўкі язычніцтва і капішча; змаглі паўдзельнічаць у правядзенні стараславянскага абраду ачышчэння агнём і, дакрануўшыся да дзеда-каменя, загадаць жаданне.

Затым, нібы рухаючыся па імправізаванай спіралі часу, мы апынуліся ў сярэдневяковым квартале. Тут мы пазнаёміліся з гісторыяй замка Міндоўга, наведалі вадзяны млын, збройную майстэрню і завіталі ў госці да ганчара.

Наша падарожжа прадоўжылася ў XV–XVII стагоддзях. Разам з экскурсаводам мы перанесліся ў эпоху шляхецтва, дзе наведалі музей навукі, даведаліся пра гісторыю Статута Вялікага Княства Літоўскага і атрымалі прывілей на аўдыенцыю да Караля Стэфана Баторыя. Уразіла сваёй веліччу і прыгажосцю каралеўская асамблея. Паўдзельнічаўшы ў забаве “Чарка на лязе”, мы атрымалі дазвол ад харунжага на дэгустацыю напою шляхецкага “Старка Запольская” і шляхецкі прывілей на падарожжа па адзінай у свеце коннай чыгунцы.

Трапіўшы ў беларускае мястэчка, мы з задавальненнем наведалі аптэку “Зёлкі”, шапавальскую хату, майстэрню ткацтва, музей бортніцтва. Знаходзячыся ў капліцы “Святая Фамілія”, слухаючы аповед пра лёс людзей з роду Ленскіх, напэўна, кожны ў душы адчуваў нябачную сувязь з нашымі далёкімі продкамі і гонар за наш народ.

Пасля экскурсіі мы яшчэ доўга хадзілі па вуліцах “княства”, любаваліся прыгажосцю прыроды і веліччу будынкаў. Гэта было сапраўднае падарожжа па спіралі часу, пачынаючы ад каменнага веку да разбуранага і адноўленага зноў высакароднага роду Ленскіх.

 

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий