Ёсць на тэрыторыі дзіцячага сада № 37 Ліды куток, якім асабліва ганарацца выхаванцы. Ганарацца таму, што менавіта яны прынялі непасрэдны ўдзел у стварэнні гэтага цікавага аб’екта экалагічнай трапы – музея прыроды.
Усім вядома, што дзеці дашкольнага ўзросту праяўляюць цікавасць да разнастайных аб’ектаў прыроды, любяць іх разглядаць, а таксама калекцыяніраваць. Усе гэтыя калекцыі прыгожых каменьчыкаў, лісця разнастайнай формы, плады раслін натхнілі педагогаў і дзяцей на стварэнне музея прыроды. Асаблівасцю такога музея стала яго мабільнасць, зручнасць і многафункцыянальнасць. Яго можна перамяшчаць з месца на месца. Музей змяшчае некалькі пастаянна дзейнічаючых экспазіцый, такіх, як “Жыхары нашых лясоў”, “Расліны роднага краю”, “Пахі лесу”, “Правілы паводзін у прыродзе”.
Дзякуючы здымным дэталям можна арганізаваць розныя выставы ў адпаведнасці з тэмай тыдня, сезона або ўзросту выхаванцаў. Напрыклад, дзяцей малодшых груп зацікавяць выставы “Жыхары бабулінага падворка”, “Жывёлы і іх дзіцяняты” або “Расліны лесу”. Выхаванцы старэйшага ўзросту змогуць папоўніць свае ўяўленні пра расліны і жывёл Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, карысныя выкапні. З наведвальнікамі музея можна арганізаваць цікавую пазнавальна-практычную дзейнасць: вызначыць па спілах дрэў іх узрост, або параўнаць шышкі і іншыя плады раслін, пазнаёміцца з будовай птушынага пяра.
Дапаўняюць музей уласныя калекцыі нашых выхаванцаў. Тут можна знайсці калекцыі камянёў і мінералаў, гербарыі раслін і плады дрэў. Усё гэта выхаванцы калекцыяніруюць разам з бацькамі і прыносяць у наш музей. Зусім нядаўна ў музеі прайшла выстава фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны незвычайныя з’явы прыроды. Аўтары фотаздымкаў з натхненнем расказвалі нам пра дзівосныя сустрэчы з дзікімі жывёламі, незвычайнымі раслінамі, якія былі выяўлены падчас прагулак па лесе, а таксама пра прыгожыя мясціны нашай краіны. Усе гэтыя фотаздымкі ўвайшлі ў альбом “Нашы падарожжы па запаведных мясцінах”.
Наш музей пастаянна папаўняецца экспанатамі, таму, каб з лёгкасцю арыентавацца ў яго разнастайнасці, была створана картатэка, куды занесены ўсе экспанаты і прыклады гульняў і практыкаванняў.
Вось так можна, не выходзячы за межы пляцоўкі дзіцячага садка, апынуцца ў сапраўдным музеі прыроды.
Вольга ВАРОШКА,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 37 Ліды