Захапляльнае лета ў дзіцячым садку

- 16:38ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Калектыў дзіцячага сада № 79 Гродна ўсе летнія месяцы імкнецца прапанаваць сваім выхаванцам прывабную альтэрнатыву адпачынку на моры альбо ў летніку.

Мы прапанавалі дзеткам даследаваць уласцівасці вады, арганізаваўшы практыкумы “Цуды з вадой”. Цікавымі сталі гульні-эксперыменты, калі з маленькіх каляровых кропелек на аркушы паперы з дапамогай дзьмухання праз трубачку з’яўляўся крэатыўны малюнак альбо калі ў шклянцы вады паветраныя бурбалкі выклікалі бурленне вулкана. Яшчэ мы арганізавалі своеасаблівую рыбалку: напоўнілі невялікія ёмістасці вадой і паклалі ў іх разнастайныя рэчы. У такой дзейнасці праследаваўся і адукацыйны момант: удзельнікі каманд атрымоўвалі заданне злавіць адпаведную колькасць рыбак альбо пэўнага колеру; таксама даставалі з вады і названыя літары. А як весела прабягалі малышы каля імправізаванага фантанчыка! Зарад бадзёрасці і порцыю загартоўвання атрымалі ўсе тыя, на каго трапілі кропелькі вады.

Важным момантам сяброўства з сучаснымі дзецьмі з’яўляецца разуменне іх інтарэсаў. Варта быць з імі на адной хвалі, ведаць, якія мультфільмы яны глядзяць, якімі гульнямі захапляюцца, хто для іх з’яўляецца кумірам. На сённяшні дзень вельмі папулярным стаў персанаж Хагі Вагі. Мы вырашылі “запрасіць” яго завітаць у наш садок у летні перыяд, арганізаваўшы забаўляльнае мерапрыемства “Дыскатэка з Хагі Вагі”. У першую чаргу вывучылі гісторыю гэтага героя. Аказалася, што ён не зусім станоўчы персанаж, аднак гэта не перашкодзіла нам з ім пасябраваць і выкарыстаць яго якасці ў выхаваўчых мэтах. Напрыклад, дапамаглі яму зноў з монстра ператварыцца ў добрасардэчнага таварыша і ўзгадаць яго першапачатковую прыхільнасць да абдымкаў. Таксама мы засяродзілі ўвагу на шырокай усмешцы Хагі Вагі і ўзгадалі пра догляд зубоў. Дарэчы, наведвальнасць у дзень правядзення дыскатэкі была самая высокая.

Яшчэ адным сакрэтам летніх заняткаў стаў сумесны роспіс агромністага пано. На працягу ўсяго дня на вулічнай пляцоўцы быў усталяваны вялікі аркуш са спанбонду. Дзеткі мелі магчымасць у любы час падыходзіць і маляваць тое, што ім хацелася. Прычым, і тэхнікі прапаноўваліся розныя: акварэльныя, пальчыкавыя фарбы, пульверызатары, фламастары і крэйды. Атрымаўся самабытны малюнак, які адлюстроўваў настрой выхаванцаў і іх прыхільнасці.

Як вядома, у век інфармацыйных тэхналогій большасць з нас імкнецца да папулярнасці сродкамі інтэрнэту. Зараз модна быць блогерамі і прапаноўваць уласныя відэаролікі шырокаму колу гледачоў, а потым лічыць набраныя лайкі. Патрэніравацца выступаць перад камерай дазволіў арганізаваны канцэрт. Кожны выбраў амплуа, якое яму больш даспадобы: хтосьці спяваў або танцаваў, іншыя спрабавалі сябе ў размоўным жанры. Атрымаўся цікавы кантэнт для відэахостынгаў і сацыяльных сетак. Дзеці вучыліся трымаць сябе перад аўдыторыяй, спраўляцца з сарамлівасцю, працаваць над паставай і дыкцыяй.

Прапаноўваючы згаданыя захапляльныя мерапрыемствы і заняткі, мы імкнуліся, каб дзіцячая памяць назапасіла мноства маляўнічых эмацыйных момантаў з лета, праведзенага ў сваім садку.

 

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік дзіцячага сада № 79 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий