У рамках летняга аздараўленчага перыяду ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы прайшоў тэматычны дзень “Чароўны свет тэатра.
На працягу дня выхаванцы займаліся разнастайнай дзейнасцю. Гутарылі з педагогамі пра тэатр. Старэйшыя выхаванцы даведаліся, што ўпершыню ён зарадзіўся ў Грэцыі, што вясёлыя спектаклі называюцца камедыі, а сумныя – трагедыі. Знаёміліся з разнастайнымі відамі тэатра, малышы спрабавалі сябе ў настольным тэатры па казках “Калабок”, “Маша і мядзведзь” і інш. Даведаліся, што лялькі, якіх прыводзяць у рух, торгаючы за ніткі, называюцца марыянеткі, а кіруюць такімі лялькамі лялькаводы. Гулялі ў розныя дыдактычныя гульні “Збяры казку”, “Адкуль з’явіўся герой”.
Асабліва дашкалятам спадабаліся імправізаваныя тэатральныя сцэны на гульнявых пляцоўках, дзе выхаванцы старшай і сярэдніх груп прапанавалі невялікія тэатралізаваныя пастаноўкі па матывах беларускіх народных казках “Калабок”, “Коцік, Пеўнік і лісіца”, “Рэпка”. Дзякуючы тэатральным пастаноўкам дзеці спазнавалі свет не толькі розумам, але і сэрцам, выяўлялі свае ўласныя адносіны да дабра і зла. Вядома, што пасля выступлення акцёраў гледачы дзякуюць артыстам апладысментамі. Выхаванцы павучыліся розным відам апладысментаў: лянівым, захопленым – і падарылі маленькім артыстам сапраўдныя авацыі.
Тэатралізаваная дзейнасць дапамагае дзіцяці пераадолець нясмеласць, няўпэўненасць у сабе, сарамлівасць. Педагогі дашкольнага цэнтра ўпэўнены, што тэатр у дашкольным узросце навучыць дзіця бачыць цудоўнае ў жыцці і ў людзях, зародзіць імкненне самому несці ў жыццё цудоўнае і добрае. Такім чынам, тэатр дапамагае дзіцяці развівацца ўсебакова.
Рамуальда КУРУТА,
музычны кіраўнік
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы