Марафон адкрыццяў для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Усмешка”

- 10:12ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выхаванцы аздараўленчага лагера “Усмешка”, створанага пры Цырынскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Карэліцкага раёна, на працягу лагернай змены з цікавасцю вывучалі гісторыю сваёй малой радзімы.

Шмат новага даведаліся вучні пра гісторыю роднай вёскі, паходжанне назвы, народных майстроў, якія жывуць побач. Экскурсія ў краязнаўчы музей Карэліч пазнаёміла з традыцыямі і абрадамі беларусаў, з захапляючай прыродай роднага краю. Дзеці даведаліся шмат цікавага пра вялікі подзвіг нашых землякоў падчас Вялікай Айчыннай вайны, пачулі рэальныя гісторыі жыцця і барацьбы беларускага народа ў цяжкія ваенныя гады. Выхаванцы наведалі памятныя месцы Карэліч: мемарыяльны комплекс “Зорка”, помнік Мікалаю Арцюху, помнік воінам-інтэрнацыяналістам.

А як захапіла вандроўка ў жамчужыну карэліцкай зямлі – Мірскі замак. Колькі пытанняў было, колькі новага пабачылі і пачулі. Дзяцей уразілі велічныя сцены і вежы, дзіўныя легенды. Яны пачулі гісторыю замка, даведаліся пра яго ўладароў.

Наведванне турыстычнай вёскі “Белыя лугі”, якая знаходзіцца ў аг. Райца, дазволілі акунуцца ў мінулае нашага народа і яго паўсядзённы быт. Шмат уражанняў атрымалі выхаванцы ад экскурсіі ў музей-сядзібу Салдатавых, якая знаходзіцца ў аграгарадку. Хлопцы і дзяўчыны пазнаёміліся з экспазіцыяй, дзе змяшчаюцца як працы таленавітай сям’і Салдатавых, так і калекцыя вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сабраная з усёй Беларусі. У музеі гаспадыня Вера Яўгеньеўна прадэманстравала не толькі свае творы, але і прадметы побыту XIX стагоддзя, габелены, ручнікі з сакральнымі ўзорамі, маляўнічыя палотны, старадаўнія фотаздымкі.

Для таго каб пашырыць уяўленне дзяцей пра разнастайнасць свету прафесій, для выхаванцаў лагера была арганізавана экскурсія на МТФ “Літараўшчына” СВК “Свіцязянка–2003”. Дзеці пазнаёміліся з працай комплексу і запатрабаванымі прафесіямі. На ферме расказалі пра асаблівасці догляду за жывёлай, паказалі механізм даення кароў “камп’ютарам”. Пабывалі выхаванцы з экскурсіяй у Карэліцкім РАНС. Яго супрацоўнікі прадэманстравалі, як дзейнічаюць ратавальнікі падчас надзвычайных сітуацый, расказалі, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек гэтай прафесіі. Падчас экскурсіі дзеці ўбачылі баявую вопратку, аварыйна-выратавальны інструмент, пажарна-тэхнічнае ўзбраенне.

Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках Году гістарычнай памяці, дазваляюць сцвярджаць: дзеці цікавяцца гісторыяй, любяць свой край і хочуць бачыць сваю Беларусь свабоднай, багатай і шчаслівай.

 

Галіна ЗІНЧАНКА,
настаўнік пачатковых класаў
Цырынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий