У лагеры “Рэспубліка вясёлых рабят” хлопчыкі і дзяўчынкі адпачылі і падрыхтаваліся да новага навучальнага года

- 18:07ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Выхаванцы прышкольнага лагера “Рэспубліка вясёлых рабят”, што працаваў на базе сярэдняй школы № 14 Ліды, запэўніваюць: “Адпачынак прайшоў выдатна!”

Арганізатары пастараліся зрабіць адпачынак выхаванцаў насычаным і незабыўным. Атрады былі рознаўзроставыя, і гэта было, з аднаго боку, перашкодай для правядзення мерапрыемстваў, а з другога боку – вялізным плюсам для разнастайнасці дзейнасці.

Самы пачатак дня ўжо настройваў на пазітыў. Калі ў першы дзень недаспалыя “спартоўцы” млява пляліся на зарадку, то ўжо з наступнага дня стаялі на пляцоўцы за пяць хвілін да яе пачатку. Таму што танцавальныя вясёлыя практыкаванні не толькі разміналі мышцы, але і давалі зарад выдатнага настрою. Да канца першага тыдня нашы здаравякі ўжо не толькі ведалі набор танцавальных рухаў на памяць, але і падпявалі выканаўцам трэкаў на працягу ўсёй зарадкі. Выхавальнікі не маглі ўтрымацца і самі паказвалі прыклад дзецям, размінаючыся разам з імі пад прамянямі ранішняга летняга сонейка. Жыхары суседніх дамоў казалі: “Зарадку ў 14-й чуваць на ўвесь мікрараён!”

А пасля сытнага сняданку панеслася: конкурсы, квесты, падрыхтоўкі да маштабных мерапрыемстваў. Непазбыўнае ўражанне пакінула ў выхаванцаў наведванне выратавальнай станцыі на Лідскім возеры. Работнікі змаглі даступна і цікава расказаць пра сваю працу, і, самае галоўнае, данесці патрэбную інфармацыю пра бяспечныя паводзіны падчас купання і меры першай дапамогі чалавеку, які тоне. Прыемным бонусам стала масавае катанне на катамаранах па возеры. Натуральна, з усімі мерамі засцярогі! А калі на тэрыторыю школы пад’ехала машына супрацоўнікаў ДАІ з уключаным сігналам, рабяты перапудзіліся і з цікавасцю высыпалі на ганак школы, дзе і сталі слухаць супрацоўніка дзяржаўтаінспекцыі. Напрыканцы сустрэчы можна было прымераць фуражку інспектара і пакіраваць рухам з дапамогай жазла, як сапраўдныя рэгуліроўшчыкі руху. Магчыма, такія сустрэчы падштурхнуць хлопчыкаў і дзяўчынак да выбару сваёй будучай прафесіі.

Не застаўся ў лагеры без увагі і той факт, што 2022 год быў аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Ваенна-палявая гульня “Зарніца” перанесла нашых выхаванцаў у ваенную абстаноўку. Мерапрыемству папярэднічала сур’ёзная падрыхтоўка: трэба было развучыць усім атрадам песню на ваенную тэматыку і прайсціся строем, выконваючы яе. Навучыцца перавязваць параненага, прыпыніць крывацёк. “Параненага” байца неабходна было перанесці на насілках у імправізаваную “медсанчастку” і аказаць першую медыцынскую дапамогу. На “замініраваным” полі задачай рабят стала знаходжанне ўсіх “мін” за найкарацейшы час. На апошнім этапе гульні кожны атрад атрымліваў карту школьнай тэрыторыі, на якой было пазначана, дзе схаваны сцяг лагера. Колькі радасці было ў хлопцаў пры знаходжанні запаветнага трафея!

У нашай школе ўжо шмат гадоў дзейнічае клуб юных інспектараў руху, звычайна там прымаюць удзел навучэнцы з 5-га па 10-ы клас. Але мы вырашылі і нашых малодшакласнікаў падрыхтаваць да ўступлення ў шэрагі юідаўцаў. Задалі ім цэлую “Паласу перашкод”, каб выбраць чэмпіёна велатрэка. Але ўмець віртуозна ездзіць на ровары – гэта толькі палова справы. Наперадзе ўдзельнікаў велатрэка чакалі пытанні па правілах дарожнага руху, трэба было праверыць, як засвойваюць яны праграму курса “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Задыхаўшыся пасля язды, рабяты хутка пераключаліся на інтэлектуальную частку. Правільныя адказы дапамагалі ім скараціць час паездкі і тым самым наблізіць да перамогі.

А падчас правядзення квесту “А ці ведаеш ты Беларусь?” адказы выхаванцаў былі настолькі поўнымі і абгрунтаванымі, што было вельмі прыемна за выдатную працу нашых педагогаў і светлыя галовы нашых навучэнцаў.

Праца ў прышкольным лагеры – гэта працаёмкі і стомны працэс. Але, гледзячы на задаволеныя твары нашых выхаванцаў, чуючы іх радасны смех і жарты, разумееш: “Значыць, гэта ўсё не дарма. Мая праца. Мае старанні. Ёсць аддача. Ёсць сувязь. Значыць, усё ў нас атрымаецца!”

 

Наталля ДАЎКШЫС,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
сярэдняй школы № 14 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий