Уласная швейная майстэрня функцыянуе на базе Лабанаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Чэрыкаўскага раёна. Яна з’явілася ў школе дзякуючы рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Сацыяльныя швейныя майстэрні” пры фінансавай падтрымцы праекта “Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцей занятасці на тэрыторыі сельскіх раёнаў Магілёўскай вобласці”.
– Ідэя стварэння ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю арганізацыі заняткаў па вытворчым навучанні на ўроках абслуговай працы. Мы падалі заяўку на конкурс ініцыятыў, дзе атрымалі 14 тысяч беларускіх рублёў у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі. На гэтыя сродкі правялі рамонт памяшкання, закупілі новую мэблю, швейнае і прасавальнае абсталяванне. Сёння ў нас ёсць авярлок, швейна-вышывальная машына, тры звычайныя швейныя машыны, прэсы для абцяжкі гузікаў і ўстаноўкі люверсаў, прас, прасавальная дошка, а таксама сучасны ноўтбук для распрацоўкі дызайнаў вышыўкі, – расказаў дырэктар Аляксандр Асіпенка.
Праца ў майстэрні кіпіць пастаянна. Тут не толькі праходзяць заняткі па вытворчым навучанні. На канікулах рэгулярна ажыццяўляецца другасная занятасць навучэнцаў. Калі дакладней, працуе вучнёўская брыгада, якая займаецца пашывам пасцельнай бялізны і ручнікоў. Вырабы пасля перадаюцца на патрэбы ўстаноў адукацыі раёна.
Ганна СІНКЕВІЧ
Фота прадастаўлена
Лабанаўскім вучэбна-педагагічным комплексам
Чэрыкаўскага раёна