У Аздараўленчым летніку “Эрудыт” гімназіі № 1 Дзятлава кожны дзень выхаванцы адпраўляюцца ў падарожжа па розных планетах.
Знаёмства з планетай Здароўя распачалося з хвілінкі пра аказанне першай дапамогі пры ўкусах насякомых. Падчас інтэлектуальнай гульні “Здароўе – гэта тваё шчасце” размова ішла пра правільнае харчаванне, правілы асабістай гігіены. У калектыўнай творчай справе па стварэнні банера “Маё здароўе ў маіх руках!” удзельнічалі ўсе выхаванцы. Скончылася падарожжа музычна-забаўляльнай праграмай “Здаровым быць выдатна!” і спаборніцтвамі па валейболе.
Першым прыпынкам падарожжа на планету Экалогіі стала пазнавальная экскурсія ў дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову “Дзятлаўскі лясгас”, дзе школьнікаў пазнаёмілі з работай лесагаспадарчай установы, запрасілі пабываць у міні-дэндрапарку, на вытворчай базе лясгаса, правялі віктарыну. Самыя ўважлівыя атрымалі прызы ад адміністрацыі лясгаса. Усім дзецям уручылі памяткі з правіламі паводзінаў улесе. Экасэлфі “Мы з прыродай адзіныя!” дапамагло зацікавіць выхаванцаў вывучэннем аб’ектаў прыроды, паказаць неабходнасць беражлівых адносінаў да яе. Вынікам стала стварэнне калажа “Экаастравок”, а выхаванцы другога атрада працавалі над стварэннем стыкераў “Экалогія, якую я выбіраю”.
Курс на планету Літаратуры выхаванцы летніка ўзялі з танцавальнай бадзёрай зарадкі, хвілінкі здароўя. Не абышлося без рухомых гульняў на свежым паветры: з задавальненнем павесяліліся ў спартыўным спаборніцтве “Алімпійскія атракцыёны”. Наступны прыпынак – раённая бібліятэка, дзе іх чакала гадзіна пытанняў і адказаў “Мы цікавыя свету, свет цікавы нам”, літаратурная віктарына, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Не прамінулі і планету Ведаў, дзе ў час “Сваёй гульні” кожны імкнуўся паказаць свае веды і паспаборнічаць з сябрамі. Мерапрыемства садзейнічала развіццю лагічнага мыслення, камунікатыўных здольнасцяў, пашырэнню кругагляду навучэнцаў, папаўненню слоўнікавага запасу. У кінатэатры “Спадарожнік” выхаванцы паглядзелі мультфільм “Сувораў. Вялікае падарожжа”. А гульня “Матэматычная мазаіка” дазволіла замацаваць веды дзяцей аб геаметрычных фігурах, пазнаёміцца са старажытнымі мысліцелямі.
Аксана ВАНЧУК,
дырэктар летніка “Эрудыт”
гімназіі № 1 Дзятлава