Выхаванцы санаторнай сярэдняй групы № 1 і спецыяльнай для дзяцей з ЦПМ групы № 1 ясляў-сада № 12 Навагрудка пабывалі ў цікавым падарожжы ў краіне пясочных замкаў.
Любімая дзіцячая дзейнасць у летні перыяд – гульні з пяском. Кожнае дзіця, трапляючы ў пясочніцу пачынае будаваць чароўныя замкі, пячоры, гарады, масты. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць велізарнае задавальненне, калі “пякуць піражкі”, або рыюць падземныя хады ў пяску. Гэты працэс, падобна чараўніцтву, захапляе настолькі, што дзіцяці потым складана пераключыцца на іншую дзейнасць.
Да нашых выхаванцаў завітала ў госці Каралева пясочных замкаў і арганізавала цікавую забаву “Будуем замкі з пяску”. Дзеці з задавальненнем падхапілі ідэю і з захапленнем прыняліся за справу. Яны раскопвалі ямкі, насыпалі ўзгорачкі, рылі тунэлі, будавалі рэкі і масткі. У свае пабудовы дзеці дадавалі мініяцюрныя фігуркі, цацкі. У хуткім часе з’явіўся цэлы пясочны горад, у якім ажылі казачныя героі. Гуляючы ў пясочніцы, дзеці адчувалі сябе сапраўднымі чараўнікамі і гаспадарамі свайго маленькага казачнага свету, дзе з’яўляліся і рэжысёрам і аўтарам сваёй казкі. Дзеці хутка пабудавалі свой казачны горад, затым хлопчыкі і дзяўчынкі любаваліся ім, радаваліся, што горад атрымаўся выдатным, і не хацелі пакідаць свой занятак і ісці на абед.
Гуляючы з пяском, дзеці пазнаюць уласцівасці пяску і вады, развіваюць дробную маторыку, ствараюць свой загадкавы, толькі ім зразумелы свет, фантазуюць і выдумляюць, тым самым развіваюць творчыя здольнасці. І ў той жа час вучацца працаваць і дамагацца пастаўленай мэты.
Досведы і эксперыменты з пяском спрыяюць фарміраванню ў дзяцей пазнавальнага цікавасці, развіццю назіральнасці і эмацыйнасці ў зносінах з навакольным светам.
Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка