Дзень беларускага пісьменства сёлета праходзіў у Добрушы. Вучні Гімназіі № 1 Дзятлава з вялікай цікавасцю далучылі да святкавання і сталі ўдзельнікамі шэрагу школьных мерапрыемстваў.
Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства вызначаецца горад, які пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, асветы і культуры, з якім непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць выдатных людзей Беларусі розных часоў. Пачатак гэтай традыцыі пакладзены ў 1994 годзе ў горадзе Полацку.
На працягу некалькіх дзень у бібліятэцы гімназіі працавала літаратурная выстава. У час падарожжа гімназісты 1-11-х класаў пазнаеміліся з цікавымі літаратурнымі экспанатамі з фонда бібліятэкі, такімі як “Біблія”, “Скарынаўскі каляндар”, “Асветнікі зямлі беларускай”. Вучням быў прапанаваны відэаролік “Беларусь – мая Радзіма”, а таксама прэзентацыя “Сем цудаў Дзятлаўшчыны”, якая суправаджалася вучнёўскімі выступленнямі.
Вучні пачаткавых класаў наведалі Краіну беларускага пісьменства, пазнаёміліся з творчасцю выдатных беларускіх пісьменнікаў. Малодшыя гімназісты паспрабавалі прыдумаць новыя ілюстрацыі да старонак любімых кніг. Прадэманстраваць свае таленты маглі і чытальнікі вершаў. Таксама вучні падзяліліся сваімі ўражаннямі пра беларускую кнігу, якая закранула душу, расказалі пра любімага героя з кніжнага свету.
Для вучняў 5-8-х класаў была праведзена інтэрактыўная гульня “Я люблю цябе, мая Беларусь”. Вучням былі прапанаваны займальныя заданні па розных раздзелах беларускай мовы і літаратуры. Падчас гульні гімназісты змаглі пабыць журналістамі, этнографамі, фалькларыстамі, мовазнаўцамі, перакладчыкамі. Групавая форма работы дазволіла ўключыць у працэс пошуку і творчасці ўсіх вучняў, а радасць перамогі стала штуршком для далейшага вывучэння мовы.
Члены БРПА наведалі Дом творчасці і сталі ўдзельнікамі мерапрыемства “Будучыня за намі”, мэта якога – папулярызацыя маладзёжнага руху, праяўлення лідарскага і творчага патэнцыяла падрастаючага пакалення.
Сапраўдным святам стала сустрэча гімназістаў 9-11-х класаў са старшым супрацоўнікам Дзятлаўскага краязнаўчага музея і былой настаўніцай гімназіі Аленай Абрамчык. Вучні пазнаеміліся з гісторыяй свята пісьменнасці, знакамітымі людзьмі Дзятлаўшчыны, архіўнымі дакументамі музея. Напрыканцы сустрэчы Алена Рыгораўна прачытала свае асабістыя вершы пра родную Беларусь, прыгажосць беларускіх краявідаў.
Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках Дня беларускага пісьменства, сталі добрымі ўрокамі выхавання духоўнасці, пачуцця адданасці роднаму краю і яго культурнай спадчыне.
Аксана ВАНЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Гімназіі № 1 Дзятлава