Сярэдняя школа № 7 Смаргоні стала пляцоўкай для правядзення свята “Спартыўныя таленты”.
Адкрытая ў 2005 годзе, школа мела адметную асаблівасць – фізкультурна-аздараўленчы ўхіл. Яна двойчы прызнавалася лепшай у абласным конкурсе “Самая спартыўная школа”, а зараз у ёй выразна прасочваецца слаўнае спартыўнае мінулае і захоўваюцца спартыўныя традыцыі Смаргоншчыны.
На свяце прысутнічалі шмат госцей, сярод якіх намеснік старшыні БАСС, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі, дырэктар Беларускай алімпійскай акадэміі Наталля Апанчук, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Савіцкі і іншыя.
У рамках спартыўнага свята адбылася дэманстрацыя талентаў і ўменняў выхаванцаў Смаргонскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе футбольнага клуба “Смаргонь”, Смаргонскай раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў “Трыумф”.
На спартыўных пляцоўках і гульнявых зонах прайшлі вучэбна-трэніровачныя гульні са спартсменамі – навучэнцамі СДЮШАР, таварыскі матч паміж навучэнцамі сярэдніх школ № 5 і 7 Смаргоні, таварыская гульня паміж дзяўчатамі сярэдніх школ № 1 і 7 Смаргоні, майстар-клас спартсменаў футбольнага клуба “Смаргонь” для юнакоў, спартландыя для навучэнцаў 4-х класаў, вучэбна-трэніровачныя і паказальныя заняткі са спартсменамі – навучэнцамі секцыі “Бокс”.
У трэнажорнай зале жадаючыя маглі выпрабаваць свае магчымасці, у фае пагуляць у більярд, настольны тэніс, настольны футбол, дартс, а ў кабінеце рытмікі паўдзельнічаць у занятку аб’яднання па інтарэсах “Чарлідзінг”.
Для дырэктараў устаноў, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай і вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Апанчук правяла семінар-практыкум “Алімпійская адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь”.
Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўзросце 14–16 гадоў мелі магчымасць наведаць адукацыйнае мерапрыемства “Алімпійскі ўрок”, які арганізавалі Наталля Апанчук і Ганна Краевіч.
Экскурсія ў музей “Спартыўнае сузор’е Смаргоншчыны”, створаны сіламі педагогаў, бацькоў і навучэнцаў, дала гасцям магчымасць пазнаёміцца са спартыўнымі дасягненнямі і вядомымі спартсменамі не толькі нашай школы, але і раёна. Сярод іх майстар спорту міжнароднага класа па баскетболе, неаднаразовы пераможца чэмпіянатаў і кубкаў Рэспублікі Беларусь па баскетболе, прызёр міжнародных спаборніцтваў Юлія Рыцікава (Дурэйка), чэмпіён Рэспублікі Беларусь па баскетболе ў камандзе “Віталюр” 2007–2008 гг. Юрый Закрэўскі, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы U-18 па баскетболе Алена Рынкевіч.
Дэвіз свята “Здароўе – падмурак для нашых перамог!”, азарт спартсменаў – удзельнікаў мерапрыемства, а таксама вясёлы алімпійскі мішка, які свабодна разгульваў па тэрыторыі школы, натхнілі многіх нашых навучэнцаў прыняць удзел у акцыі “Запішы дзіця ў спартыўную школу”.
Спартыўнае свята прайшло на адным дыханні. Але жаданне займацца спортам і весці здаровы лад жыцця застанецца ў тых, хто прыняў у ім удзел.
Марыя ГОВІЧ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні