Выкарыстанне прыказак і прымавак у якасці дыдактычнага матэрыялу на ўроках беларускай мовы ў 3-м класе  

- 16:23Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Материалы к урокам

Вякамі жывуць яскравыя прыказкі і таямнічыя фразеалагізмы. Яны існуюць з намі ўсё жыццё, гэта наша культура. Трэба дапамагчы нашым навучэнцам пераняць гэтую культуру і панесці яе далей.

Алена ГАПУНІК,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Субацкая сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Канстанцін Дзмітрыевіч Ушынскі пісаў: “Адыміце ў народа ўсё, і ён усё можа вярнуць, але адыміце мову – і ён ужо не створыць яе нанова. Новую радзіму нават можа стварыць народ, але мову – ніколі. Вымерла мова ў вуснах народа – вымер і народ.”

Уявіце сабе, што настаўнік на кожным уроку выкарыстоўвае хоць адну прыказку ці адзін фразеалагізм… Колькі тады будуць ведаць яшчэ з дзяцінства нашы хлопчыкі і дзяўчынкі гэтага народнага багацця!

Што выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы – прыказкі ці фразеалагізмы, усё гэта залежыць ад майстэрства настаўніка.

Такім чынам, выхаваўчы патэнцыял прыказак і фразеалагізмаў на ўроках беларускай мовы спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў нацыянальнай свядомасці, пачуцця ўласнай годнасці, любові да Радзімы.

 

Мэта: далучэнне праз мову да культурных традыцый беларускага народа.

Задачы:

– развіваць практычныя ўменні і навыкі выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці;
– выхоўваць пачуццё эстэтычнай вартасці беларускай мовы, павагу да мінулага і сучаснага нашай краіны.

Прыклады выкарыстання прыказак і фразеалагізмаў

На ўроках беларускай мовы ў 3-м класе прапаноўваю прыказкі і фразеалагізмы для індывідуальнай, групавой і франтальнай работы.

Дэвіз урока

Хто без навукі, той як бязрукі.

 

Хвілінкі чыстапісання

Запісаць, звяртаючы ўвагу на нахіл, вышыню і злучэнні літар:

Бацькоў не цурайся, ад Радзімы не адракайся.

 

Маўленчая размінка

Спісаць, падкрэсліць у словах літары, пасля якіх пішацца “ў”.

У няўмекі рукі не баляць. Не выбірай дзеўку ў карагодзе, выбірай у агародзе. Вучыцца заўсёды прыгадзіцца.

 

Знаёмства з новым слоўнікавым словам осеньскі)

Восень кажа: “Ураджу”, а вясна кажа: “Яшчэ пагляджу”.

 

Паўтарэнне вывучаных правіл

З ч..жога гроша не разж..вешся. Л..гкі здабытак – л..гкі пражытак.

 

Развіццё мовы

1) Растлумач сэнс прыказкі. Калі, пры якіх абставінах так гавораць?

Адзін раз зманіш – другі не павераць”.

2) Складзі прыказку са слоў.

Пасварыцца, лёгка, цяжэй, памірыцца (Лёгка пасварыцца – цяжэй памірыцца).

3) Растлумач сэнс фразеалагізма:

вады не нап’ешся (скупы).

 

Падвядзенне выніку ўрока. Рэфлексія. Фразеалагізмы.

Кругом на сто (выдатна) працаваў…
Брындзікі біў (гультаяваў)
На вушах стаяў (свавольнічаў)

 

Алфавіт прыказак і фразеалагізмаў

Аа

Прыказкі

Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць.
Адной рукой і вузла не завяжаш.
Адною рукою дае, а дзвюма адбірае.

Фразеалагізмы

Адвесці дух (зрабіць перадышку).
Адзін на адным (скучана, цесна).
Ад зубоў адскоквае (жвава гаворыць).
Арэхам падзеліцца (чулы, спагадлівы).
Атручваць душу (дакучаць чым-небудзь непрыемным).

Бб

Прыказкі

Багаты брат беднаму не рад.
Бяда за бядою ходзіць калядою.
Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей.
Балючай раны не трэба дражніць.

Фразеалагізмы

Бок з бокам не сходзіцца (худы).
Брындзікі біць (гультаяваць).

Вв

Прыказкі

Восень кажа ўраджу, а вясна кажа: яшчэ пагляджу.
Восень – на дзень пагод восем.
Воўка як не кармі – усё ў лес глядзіць.
Вясенні дзень год корміць.
Вясну хваляць за дажджы і сонца, а лета – за снапы і вазы.

Фразеалагізмы

Вада не размые (дружна).
Вады не нап’ешся (скупы).

Гг

Прыказкі

Гадзіна гадзіне, год году рознь.
Глыбей узарэш – болей збярэш.
Гуляй, гуляй, ды справу не кідай.
Гара з гарою не сходзяцца, а людзі сходзяцца.

Фразеалагізмы

Гаспадыня, як мурашка (працавітая).

Дд (дз, дж)

Прыказкі

Дай зямлі, і яна табе дасць.
Давалі, ды з кішэні не вымалі.
“Дай” ніхто не любіць, а “на” ўсякі чуе.
Добрая птушка сваё гняздо не брудзіць.
Думай з вечара, а рабі з рання.
Дзе арэ сошка, там хлеба крошка.
Дзе дым, там і агонь.
Дзень уборкі беражы, будзеш есці пірагі.
Дзеці балуюцца ад матчынага блінца, а разумнеюць ад бацькавага дубца.
Дажджу дае не ўсякая хмара.

Фразеалагізмы

Дагоніць і яшчэ прыбавіць (не будзе гэтага).
Дастаць з губ (апярэдзіць чыё-небудзь выказванне).
Дзе горкі перац расце (прагнаць).
Дзьмухаць, як на балячку (вельмі хвалявацца за каго-небудзь, дагаджаць).

Ее

Прыказкі

Еду ціха – са мною ліха, еду скора – са мною гора.
Есць за вала, робіць за камара.
Ездзіць любіш – каня кармі.

Фразеалагізмы

Едзе, як з гаршкамі (не спяшаецца).
Есці, як кату (мала).
Есць, як валоў шэсць (многа).
Есць, як чужым ротам (абы як).

Ёё

Прыказкі

Ёсць дзе сесці, ды няма чаго з’ есці.
Ёсць зубы, ды хлеба няма да губы.

Фразеалагізмы

Ён спіць і бачыць (чутка).
Ёсць галава на плячах (разважлівы).

Жж

Прыказкі

Жывёлу гладзь не рукой, а мукой.
Жывы пра жывое і гаворыць.
Жыццё пражыць – не поле перайсці.
Жалеза куй – як гарачае, вучыся – як вучыцца.
Жаба квокча, сваё балота хваліць.

Фразеалагізмы

Жыве, прыпяваючы (добра).
Жуйку жуе (гаворыць невыразна).

Зз

Прыказкі

З агнём не жартуй, а вадзе – не вер.
За двума зайцамі пагонішся – ніводнага не зловіш.
Знойдзе прычыну, хоць за лучыну.

Фразеалагізмы

Закусваць язык (раптоўна замаўчаць).
Замаўляць зубы (адцягваць увагу).

Іі

Прыказкі

Ідзі ў родны край, там і пад елкай рай.
Ілля блізка, гніся, бабка, нізка, уставай раненька дый жні пазненька.
І сава хваліць сваё дзіця.
І хітрая курыца трапляе ў крапіву.
І мыш есці не просіць – сама сабе носіць.

Фразеалагізмы

І гарох на языку спячэцца (балбатун).
І пеўні нясуцца (шанцуе).
І расінкі ў губе не было (галодны).

Кк

Прыказкі

Калі маўчу, значыць міру хачу.
Калі ўзяўся за гуж, не гавары, што нядуж.
Конны пешаму не таварыш.

Фразеалагізмы

Кругом на сто (выдатна).
Круціць педалі (уцякаць).
Курыцы напіцца (мелкая рэчка).

Лл

Прыказкі

Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў.
Лепей кепска ехаць, як добра ісці.
Лепей ад беднага добрае слова, як ад багатага падмога.
Лета прагуляўшы, восенню не збярэш.
Лёгка знойдзецца – лёгка згубіцца.
Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.
Любіць увесь свет лагодны прывет.

Фразеалагізмы

Лезе, як аса ў вочы (надакучае).
Ляціць, як страла (хутка).

Мм

Прыказкі

Мілая тая дарожка, куды я да мамы хадзіў.
Мае загадкі – працаваць без аглядкі.
Малако ў каровы на языку.
Мароз – сорак пудоў на воз.

Фразеалагізмы

Мох з балотам (рознае мяшаць).
Мякка сцеле, ды цвёрда спаць(спадцішка зрабіць шкоду).
Мяняць дубіну на лучыну (выбраць горшае).

Нн

Прыказкі

Не ляніся з плужком, будзе з піражком.
На Пакроў мароз – сей пад кустом авёс.
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднае крыніцы.
Набытая мазалём капейка перацягне лёгкі рубель.
На чорным полі белая пшаніца родзіць.
Ніхто ўмелым не родзіцца.
На хлеб мае, на пірог шукае.
Над пешым арлом і сарока з калом.

Фразеалагізмы

На вушах стаяць (сваволіць).
На гарачыя зубы (у хвіліну злосці папасці).
На языку нічога не ўседзіць (балбатуха).

Пп

Прыказкі

Праца і рукі – моцныя зарукі.
Праца нікога не ганьбіць.
Праўда халодная, а мана цёплая.
Пабудзе з гадзіну, а нагаворыць за тыдзень.
Па нітачцы клубок знаходзяць.

Фразеалагізмы

Пухам слаць (дагаджаць).
Прамой наводкай (нікуды не зварочваючы, напрасткі).
Пугай па вадзе пісана (невядома, ці будзе).
Падкраўся, як кот (ціха).

Рр

Прыказкі

Рана не ўстанеш – многа не зробіш.
Раз украў – навек славу замараў.
Родная зямелька – як зморанаму пасцелька.
Ранняя птушка крылы цярэбіць, а позняя вочкі трэ.

Фразеалагізмы

Рак на языку не спячэцца (балбатлівы).
Рэдзьку драць (сварыцца).
Рваць як з агню (спяшацца).
Растуць як грыбы (хутка).
Робіць, як мокрае гарыць (марудна).

Сс

Прыказкі

Сам не з’еш, а каню дай.
Скоры паспех, людзям на смех.
Сыты галоднаму не спагадае.
Свайго смецця на чужы сметнік не вынось.
Сон на заўтра адкладзі, а справу сёння зрабі.
Скупы два разы плаціць.
Спрачайся да слёз, а біцца не лезь.

Фразеалагізмы

Саломкі не пераламаць (нічога не рабіць).
Скура гарыць (рухавы).

Тт

Прыказкі

Трэба рана ўстаць, каб хлеба прычакаць.
Там добра, дзе нас няма.
Татава хата ўсім багата.
Тады маю, калі ў руках трымаю.
Трымай язык на раменьчыку.
Туды цень, сюды цень, абы прайшоў дзень.

Фразеалагізмы

Толькі дух ды пятух (нічога няма).
Тыркаць носам (умешвацца).
Трэсці зялёны мак (абгаворваць).

Уу

Прыказкі

У людзей пытай, а свой розум май.
У лені баляць калені.
Умей праўду сказаць, любі праўду і паслухаць.
Уперад падумай, а потым скажы.
Усякая птушка сваё гняздо бароніць.
Увосень і верабей багаты.

Фразеалагізмы

У лесе вырас (няўмека).
Укусіць і рот закрыць (крывадушнічаць).
Увышшу пішчыць (абрыдла чуць).
Улетку ноч, як у зайца хвост (кароткая).

Фф

Прыказкі

Фарсун, што і носа не дастаць.
Франт: боты ў рант, галаву стручком, нос кручком.
Фурман добры, але коні не вязуць.

Фразеалагізмы

Фыркае, як пан у мужыцкай хаце (камандуе).

Хх

Прыказкі

Хто рана ўстае, таму Бог падае.
Хто дбае, той і мае.
Хто заб’е бабра, не будзе мець дабра.
Хто пытае, той не блудзіць.
Хутка гаворыцца, ды паціху робіцца.
Хто што ўмее, за плячамі не носіць.

Фразеалагізмы

Хоць з пушкі страляй (моцна спаць).
Хоць забіся (як ні старайся).
Хадзіць па вяровачцы (падпарадкоўвацца каму-небудзь).
Хоць хамут на шыю вешай (цярплівы).
Хоць у покуце стаў (прыгожы).

Цц

Прыказкі

Ціхая вада грэблю рве.
Цягне ў лес ваўка заўсёды.
Ціхая свіння глыбока рые.

Фразеалагізмы

Цягу даваць (уцякаць).
Цераз губу не пераплюне (слабы).
Цягавіты, як вол (працавіты).

Чч

Прыказкі

Чаго сабе не хочаш, другому не зыч.
Чужая бяда кепскім людзям на смех.
Чужымі рукамі толькі жар заграбаць.
Чаго не згубіў, таго не знойдзеш.

Фразеалагізмы

Чытае, як рэпу грызе (хутка).

Шш

Прыказкі

Што аднаму цяжка, то гуртам лёгка.
Што пасееш, тое і пажнеш.
Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць.
Шануй каня дома, а ён цябе ў дарозе.

Фразеалагізмы

Шылам хлеб есці (галадаць).
Што ў касцелі, то ў пасцелі (не шанаваць адзенне).
Шмыг да позы (знік).

Юю

Прыказкі

Юнацтва на ўсіх ветразях, старасць – з вяслом на чоўне.
Юнакі думаюць аб будучым, а старыя – аб мінулым.

Яя

Прыказкі

Як пасееш, так пажнеш.
Яду на заўтра адкладзі, а справу сёння зрабі.
Яблычка недалёка ад яблынькі падае.
Які госць, такое частаванне.
Яшчэ не злавіў, а ўжо скубе.
Як на дварэ лёд, дык кавалю мёд.
Яйка курыцу не вучыць.
Языка не прывяжаш.

Фразеалагізмы

Як у Бога за печкай (добра).
Як у рэшаце вады (зусім няма).
Як у сухі рот (марна, бескарысна).
Як цапамі збіты (вельмі стомлены).
Як вецер павее (непастаянны).
Язык на бораду (бегчы).
Язык як памяло (балбатлівы).
Як з неба зваліўся (нечаканы).
Як мёдам намазана (цягне).
Яшчэ бульба не спяклася (прайшло нямнога часу).

 

Прыказкі пра разумовыя якасці чалавека

Ад навукі і галава не баліць.
Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей.
Без навукі і лапця не спляцеш.
Гуляючы, розуму не прыдбаеш.
За багацце розум не купіш.
Кніжка чалавеку, што ліпка пчолцы.
Без розуму горш, чым без здароўя.
Лепей вучоны, чым залачоны.
На навуку грошай не шкадуй.
Навука не мучыць, а жыць вучыць.
Розум – найлепшае багацце.
Розум не сякера – не пазычыш.
Як многа чытаеш, то многа ведаеш.

 

Прыказкі пра дабро і зло

Гукні на лес, то і лес адгукнецца.
Дабро не надакучыць.
Добрае доўга помніцца, а ліхое ніколі не забудзецца.
Добрае слова не забывайце.
Добры чалавек і сабакі не будзе дражніць.
Добрым людзям і мы будзем рады.
Добрая слова ў кошыку ляжыць, а дрэнная па дарожцы бяжыць.
Ад злосці баляць косці.
Злосць – невялікі памочнік у працы.

 

Прыказкі пра чуласць і міласэрнасць

Шчыраму і Бог дапамагае.
Ад добрага чалавека вада даражэй, чым мёд ад кепскага.
Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы.
Можна не рукацца, але прывітацца.
Лепей быць пакрыўджанаму, чым каго пакрыўдзіць.
Дарагі не абед, а прывет.
Госцю трэба дараваць, а гаспадару – памаўчаць.
Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ парадзіць.
Адным арэхам падзеліцца.
Ад парады язык не адваліцца і зубы не высыплюцца.
Міласці прашу к нашаму шалашу.
Праўдзівая прыязнасць ніколі не памрэ.
Добрая гаспадыня і падносіць, каб пілі-елі, просіць; і мухі не заб’е.

 

Прыказкі пра давер і недавер’е

Вер Яўменю, а грошы кладзі ў кішэню.
Кумка кумцы – па сакрэту, а кума – усяму свету.
Не вер чужому слоўку, а вер свайму вочку.
Недагледзіш вокам, заплаціш бокам.
Не вераць – не бажыся, а вераць – сцеражыся.
Не заўсёды вер воку.
Суседа не купляй і не прадавай, а то і сам сябе прадасі.
Чалавек не арэх, адразу не раскусіш.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий