Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры (з вопыту работы)

- 15:39II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

Работа настаўніка беларускай мовы і літаратуры скіравана не толькі на тое, каб перадаць веды па сваім прадмеце, але выхаваць грамадзяніна, інтэлігента, носьбіта лепшых духоўных і маральных якасцей.

Таццяна КАЗЛОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Цырынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Работа настаўніка беларускай мовы і літаратуры скіравана не толькі на тое, каб перадаць веды па сваім прадмеце, але выхаваць грамадзяніна, інтэлігента, носьбіта лепшых духоўных і маральных якасцей.

Апошнім часам асаблівая ўвага даследчыкаў накіравана менавіта на вывучэнне праблемы фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Нацыянальная самасвядомасць – гэта сукупнасць уяўленняў, якія характарызуюць рэальнае засваенне людзьмі ідэалаў, культурных норм, пэўных традыцый, сістэму поглядаў, уяўленняў, ідэй, на аснове якіх адбываецца ўсведамленне сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці адбываецца пад уздзеяннем цэлага шэрагу фактараў, сярод якіх першае месца належыць сістэме адукацыі.

У маёй педагагічнай практыцы выхаванне нацыянальнай самасвядомасці рэалізуецца на аснове культуралагічнага падыходу. Так як у сучаснай методыцы навучання беларускай мове вызначэнне мэт і задач навучання адбываецца з улікам разнастайнасці функцый мовы, сярод якіх на першы план у лінгвадыдактычным аспекце выступаюць кагнітыўная, камунікатыўная, кумулятыўная (мова – прадукт культуры) функцыі. Указаныя функцыі мовы і маўлення вызначаюць неабходнасць арганізацыі працэсу навучання мове на аснове трох падыходаў: сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага і лінгвакультуралагічнага. Лінгвакультуралагічны падыход арыентаваны на засваенне вучнямі пэўнай сумы ведаў і спасціжэнне імі нацыянальнай і сусветнай культуры, на далучэнне вучняў да культуры народа, замацаванай у мове.

Методыка фарміравання нацыянальнай самасвядомасці вучняў, выхаванне “адукаванага, высокамаральнага чалавека” на аснове культуралагічнага падыходу на ўроках роднай мовы і літаратуры рэалізуецца мною праз сістэму заданняў, накіраваных на:

1) спасціжэнне каштоўнасцей і рэалій нацыянальнай культуры;
2) вывучэнне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы;
3) навучанне беларускай мове і літаратуры ў дыялогу культур.

У гэтым кірунку выпрацавана пэўная сістэма работы на ўвесь перыяд навучання, выкарыстоўваюцца педагагічныя метады і прыёмы, якія найлепшым чынам садзейнічаюць творчаму, пазітыўнаму стаўленню моладзі да ўсяго, што звязана з Бацькаўшчынай. Зразумела, што на кожнай новай ступені навучання ўскладняюцца змест і методыка па выхаванні духоўнасці, грамадзянскасці, патрыятызму сродкамі мовы і літаратуры. Асэнсаванне вучнямі культурнага вопыту беларускага народа павінна пачынацца ўжо на так званых уступных уроках, сфармуляваных у праграме па літаратуры як “Уводзіны”. Гэтыя ўрокі, лічу, павінны насіць выразна акрэсленую нацыянальную ідэю. Мэта іх – зарыентаваць вучняў на тое, чым яны будуць займацца на працягу года; давесці важнасць спасціжэння сэнсу паняццяў Бацькаўшчына, Радзіма, народ, нацыянальная мова, мастацтва, культура; навучыць суадносіць гістарычны і духоўны вопыт народа пачынаючы ад старажытнасці і да нашых дзён.

Каб пазбегнуць шаблону і аднастайнасці, я канкрэтызую галоўную ідэю такіх урокаў у выглядзе своеасаблівых дэвізаў. Напрыклад, у 5-м класе – “Мая Бацькаўшчына – Беларусь!”, у 6-м – “Ёсць песняры на Беларусі…”, у 7-м – “Ёсць многа твораў цікавых і розных”, у 8-м – “Пашана да Айчыны пачынаецца з бацькоўскага парога”, у 9-м – “Былое нібыта набліжаецца да нас”, у 10-м – “Гавораць галасы эпохі”, у 11-м – “А хто такія мы? А што мы?”. Удала падабраны, цікавы, змястоўны матэрыял у канчатковым выніку падводзіць вучняў да высновы, што яны – жыхары цудоўнага краю з цудоўнай прыродай, багатай гісторыяй і культурай, што Беларусь для кожнага з нас – адначасова Бацькаўшчына, бо ў ёй жывуць нашы бацькі, дзяды, жылі нашы продкі; Радзіма – бо мы тут нарадзіліся, гаворым на роднай мове і ўсё тут для нас роднае; Маці – бо яна корміць нас сваім хлебам, поіць сваімі водамі, як маці абараняе і беражэ ад ворагаў. На ўступных занятках я засяроджваю ўвагу вучняў на тым, што пра Беларусь пісалі, пішуць і будуць пісаць паэты, празаікі, драматургі – выдатныя мастакі нацыянальнага слова, на якіх багатая наша зямля. Вывучаць іх творы – значыць развіваць свае пазнавальныя інтарэсы і чытацкі густ, выхоўваць у сабе нацыянальна свядомую асобу. Дбаючы пра будучыню Бацькаўшчыны, народ пакінуў нам, сваім нашчадкам, багатую духоўную спадчыну. Ведаць яе – пачэсны абавязак моладзі, бо фальклор і сёння – наш мудры дарадца, які вучыць і выхоўвае адначасова. Менавіта ў фальклорных творах раскрыўся педагагічны талент беларускага народа, увасобіліся яго ідэалы, жыццёвыя погляды, духоўныя каштоўнасці.

Фальклорныя творы – вельмі прыдатны матэрыял і для ўрокаў мовы. Скарбонка духоўнай сілы народа, яго мудрасці, своеасаблівыя маральныя законы і правілы, якімі заўжды неабходна кіравацца чалавеку ў жыцці, – гэта беларускія прыказкі. Вельмі часта выкарыстоўваю гэтыя сакавітыя, лаканічныя выслоўі на матывацыйным і іншых этапах і прашу вучняў патлумачыць іх значэнне: “Пусты колас высока стаіць”, “Што ведаеш, насіць не цяжка”, “Работа і корміць, і поіць, і жыць вучыць”, “Адзін добры вопыт мудрэй за сем разумных павучанняў”, “З разумнаю галавою і рукам лёгка” і інш.

Яшчэ ў пачатковых класах вучні далучыліся да багацця песеннага жанру як на ўроках літаратурнага чытання, так і на ўроках музыкі, адчулі, што душа народа жыве ў яго песнях. У 6-м класе яны паглыбляюць свае веды па гісторыі беларускай народнай песні, пачынаюць усведамляць яе ролю ў лёсе канкрэтнага чалавека і ўсёй нацыі, разумець, што песні – своеасаблівы летапіс жыцця краіны, бо ў іх апавядаецца пра сацыяльнае становішча народа, яго побыт і традыцыі, змены ў свядомасці, пра асабістае шчасце і барацьбу за лепшую долю.

Народныя песні – багатая і цудоўная спадчына, якая і сёння адыгрывае выключна важную ролю ў выхаванні нацыянальнай свядомасці кожнага чалавека, у духоўным жыцці беларусаў. Самы распаўсюджаны жанр песеннага фальклору – каляндарна-абрадавая паэзія, а адно з галоўных і маляўнічых свят народнага календара зімовага цыкла – Каляды, таму, каб вучні зразумелі калядныя песні ў кантэксце свята, урок праводжу ў форме літаратурна-музычнай кампазіцыі “На зямлі шчодры вечар”. Такая форма заняткаў знаёміць шасцікласнікаў з асаблівасцямі святкавання Калядаў на Беларусі. Вучні слухаюць запісы выканання народных песень, спяваюць самі, адкрываюць для сябе, што песні і абрады зімовага цыкла праводзіліся ў гонар Каляды – бога багацця і дабрабыту – і былі скіраваны на тое, каб загадзя паўплываць на будучы ўраджай, захаваць зімовыя пасевы, рунь на палях.

Усё гэта развівае свядомасць і ўяўленне, закладвае надзвычай важныя ментальныя паняцці, рысы нацыянальнага характару. Выхаванне нацыянальнай свядомасці працягваецца і на так званых біяграфічных уроках, дзе вывучаецца жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў. Знаёмства з жыццём і літаратурна-грамадскай дзейнасцю такіх выдатных дзеячаў старажытнасці, як Еўфрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, павінна абудзіць у вучняў пачуццё гонару за нашых далёкіх продкаў і іх справы. Далучэнне моладзі да жыцця і дзейнасці славутых дзеячаў старажытнасці – гэта адначасова і далучэнне да гісторыі Беларусі, якая такая ж цікавая і багатая, як і гісторыя іншых краін.

На ўроку пра дзейнасць Ф.Скарыны я не абмяжоўваюся толькі звесткамі са школьнага падручніка. Выхаванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў садзейнічае інфармацыя пра тое, што Скарына першы сярод усходнеславянскіх народаў і другі (пасля чэхаў) сярод сусветнага славянства даў народу кнігу на яго роднай мове, увёў нас, беларусаў, у агульнаеўрапейскую сям’ю народаў, выявіў наша права на нацыянальна-культурнае вызначэнне, заклаў падмурак (разам з М.Гусоўскім) нацыянальнай літаратуры эпохі Адраджэння. На такіх уроках я выкарыстоўваю праблемна-тэматычны прынцып падачы біяграфічнага матэрыялу, абмяркоўваючы з вучнямі асноўныя праблемы дзейнасці Ф.Скарыны, праблемы, узнятыя ў яго прадмовах і пасляслоўях. Выступленні вучняў “Перачытваючы старонкі жыцця Ф.Скарыны”, “Сучасная беларуская Скарыніяна”, “Слава Скарыны не ведае межаў” не толькі забяспечваюць рэалізацыю гісторыка-літаратурнага прынцыпу падачы праграмнага матэрыялу, але даюць вучням магчымасць адчуць, якую вялікую справу зрабілі нашы продкі, як дбалі яны пра лёс Беларусі, які вялікі іх уклад у справу развіцця нацыянальнай культуры і якімі вялікімі павінны быць сёння наш гонар, наша адказнасць за духоўную спадчыну.

Выразна акрэсленую нацыянальную ідэю ўрокаў па вывучэнні жыццёвага і творчага шляху пісьменнікаў ХІХ–ХХ ст. бачу ў тым, каб падвесці вучняў да высновы, што кожны куток Беларусі мае таленавітых людзей, што малая радзіма натхняла і натхняе пісьменнікаў на стварэнне выдатных твораў, у якіх выяўляецца сапраўдны непадробны патрыятызм. Дэвіз такіх урокаў: “Яго нарадзіла зямля…” (Міншчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны і інш.). Падарожнічаючы па краіне дзяцінства, юнацтва пісьменнікаў і паэтаў, мы з вучнямі бачым не толькі лічбы, даты, асобныя факты з біяграфіі, а разглядаем асаблівасці прыроднага ландшафту гэтага краю, чуем гаворкі гэтых мясцін, назіраем за жыццём і побытам народа, яго псіхалогіяй.

Выкарыстанне твораў мастацтва (музыкі, жывапісу), мясцовага краязнаўчага матэрыялу ў якасці аб’екта даследавання, з дапамогай дыдактычнага і ілюстрацыйнага матэрыялу на занятках па роднай мове і літаратуры садзейнічае фарміраванню культуралагічнай кампетэнцыі вучняў. Каб на ўроках мовы вырашалася не толькі навучальная, але і развіваючая, выхаваўчая мэта, заўсёды ўдумліва падыходжу да выбару лексічнай тэмы. Далучэнне вучняў да каштоўнасцей нацыянальнай культуры, знаёмства з багатай духоўнай спадчынай беларусаў прадугледжвае ўключэнне ў змест урокаў беларускай мовы культуразнаўчых тэкстаў (урыўкаў з твораў мастацкай літаратуры, фальклору, публіцыстыкі, навуковай літаратуры і інш.) рознай тэматыкі. На аснове зместу тэкстаў адбываецца не толькі выпрацоўка моўных і камунікатыўных уменняў і навыкаў, але і асэнсаванне вучнямі культурнага вопыту народа (нацыянальных звычаяў і традыцый, духоўна-маральных каштоўнасцей, мастацкіх дасягненняў і г.д.).

Працуючы з урыўкам з рамана Леаніда Дайнекі “Меч князя Вячкі” (7-ы клас), я не зводжу мэту ўрока толькі да высвятлення розніцы паміж навуковым і мастацкім адлюстраваннем жыцця. Спецыфіка мастацкага твора гістарычнага зместу падказвае і такі кірунак аналізу, як пашырэнне ведаў пра пэўную гістарычную эпоху. Гэтаму спрыяе падрыхтоўка ілюстрацый з выявай тагачаснага горада, відаў узбраення – шчыта, мяча, кальчугі. У тэксце ўрыўка з рамана сустракаецца шмат устарэлых слоў – гістарызмаў і архаізмаў. Таму мы абавязкова праводзім слоўнікавую работу, засяроджваючы ўвагу на такіх адзінках старабеларускай лексікі, як дзясніца, паходня, стрый, кунігас, валка, ленныя сцягі. Такая работа з нацыянальна маркіраванымі моўнымі адзінкамі садзейнічае пазнанню тых далёкіх часоў, а значыць і разуменню вобраза Вячкі – асобы гістарычнай, мужнага воіна, вялікага патрыёта сваёй зямлі, сумленнага чалавека і добрага бацькі.

Раскрыццю нацыянальнай адметнасці беларускай і рускай моў садзейнічаюць наступныя заданні:

– зрабіць пераклад тэксту, параўнаць пераклады мастацкіх твораў, параўнаць моўныя адзінкі:
– лексічныя значэнні міжмоўных амонімаў: благі чалавек – благие дела;
– фразеалагізмаў, прыказак: цікаўнай Амілі нос прышчамілі – любопытной Варваре нос оторвали;
– сінтаксічных канструкцый: ажаніцца з Ганнай – жениться на Анне і інш.

Такім чынам, метады, сродкі і формы навучання павінны спрыяць таму, каб кожны ўрок меў сваё выхаваўчае аблічча, свой маральна-эстэтычны лейтматыў, накіраваны на выхаванне каштоўнасных адносін да жыцця, нацыянальнай самасвядомасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий