Гукі [ц],[ц’]. Літары Цц. Урок чытання ў 1-м класе

- 10:06Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Навучанне грамаце (навучанне чытанню). Урок-казка, урок вывучэння новага матэрыялу.

Яўгенія МАРЦІНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Зімовіцкая базавая школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

Клас: 1

Прадмет: Навучанне грамаце (навучанне чытанню)

Тып урока: урок-казка, урок вывучэння новага матэрыялу

Тэма: Гукі [ц], [ц’]. Літара Цц.

Мэта: знаёмства з гукамі [ц] [ц’] і літарамі Ц, ц.

Задачы:

адукацыйныя

– фарміраваць уменні распазнаваць у словах гукі [ц], [ц’] і абазначаць іх літарамі;
– фарміраваць уменне чытаць літару Цц, склад і словы з новай літарай;

карэкцыйна-развіваючыя

– садзейнічаць развіццю ўмення вучняў абагульняць атрыманыя веды;
– стварыць умовы для развіцця камунікатыўных навыкаў, мовы вучняў праз узбагачэнне слоўнікавага запасу;
– забяспечыць умовы для развіцця зрокавай памяці, мыслення, увагі;
– садзейнічаць разуменню прачытанага;

выхаваўчыя

– забяспечыць умовы для фарміравання свядомай дысцыпліны і норм паводзін вучняў;
– садзейнічаць развіццю творчых адносін да вучэбнай дзейнасці;
– стварыць умовы для выхавання працавітасці, маральных якасцей асобы.

Абсталяванне і сродкі навучання: буквар А.Клышка, прадметныя малюнкі, табліца складоў, ланцужкі слоў, малюнкі да казкі “Рукавічка”.

Асноўныя метады навучання: тлумачальна-ілюстратыўны, даследчы, праблемна-пошукавы.

 

Ход урока

І Арганізацыйны этап. Прывітанне

Стаў настаўнік каля дошкі –
Разам папрацуем трошкі.
Розум у сэрца ўкладзіце,
Часам, дзеці, даражыце!

– Сёння ў нас незвычайны ўрок, да нас прыйшлі госці. Я жадаю вам быць дружнымі на ўроку, дапамагаць адно аднаму, працаваць з добрым настроем. На ўроку мы з вамі адправімся ў казку. А казка называецца “Рукавічка”. Вось паслухайце.

Ішоў дзед лесам, а за ім бег сабака. Ішоў дзед ішоў ды згубіў рукавічку. І не заўважыў, што рукавічкі няма. Дапаможам дзеду знайсці рукавічку? Каб яму дапамагчы, трэба ўспомніць што мы вывучалі на мінулым уроку. Нельга пачаць новае, не закончыўшы старое. 

 

 

ІІ Этап актуалізацыі ведаў

Гульня “Дакажы слова” (настаўнік пачынае сказ, а дзеці даюць адказы)

– Наша мова складаецца са… (сказаў).
– Сказы складаюцца са… (слоў).
– Словы складаюцца з… (гукаў).
– Гукі бываюць… (зычныя і галосныя).
– Зычныя бываюць… (цвёрдыя і мяккія, звонкія і глухія).
– Галосныя бываюць… (націскныя і ненаціскныя).

Чытанне табліцы складоў (Чытаюць дзяўчынкі, хлопчыкі, хорам)

Не паспелі мы з вамі дапамагчы дзеду, таму што знайшла рукавічку мышка і захацела ў ёй жыць. Давайце дапаможам мышцы залезці ў рукавічку і выканаем наступнае заданне.

 

ІІІ Этап паведамлення новай тэмы. Увядзенне ў тэму

– Паслухайце загадкі:

Між агуркамі, буракамі
Каза з зялёнымі рагамі. (Цыбуля)

Каля хаты, каля градкі
Вырас пан чырванаваты.
Ён расце і белаваты, жаўтаваты і махнаты. (Цюльпан)

– Як клічуць куранятак? (Цып, цып, цып.) 
– Як пішчаць кураняткі? (Ціў, ціў, ціў.)

– Выдзеліце першы гук у словах цыбуля, цюльпан, ціў, цып.

– Тэма сённяшняга ўрока: гукі [ц], [ц’]. Мы пазнаёмімся з літарай, якая абазначае гэтыя гукі. Як вы ўжо здагадаліся, гэта літара Ц.

 

IV Этап засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў

– Як вы думаеце, які гэта гук – галосны ці зычны, цвёрды зычны ці мяккі, звонкі ці глухі? (Зычны, цвёрды і мяккі, глухі.)

– Давайце павучымся гаварыць гукі [ц], [ц’]. Дагаварыце склад, які вымаўляецца ўпачатку

Цы-цы-цы – дзеці малай…(цы)
Ці-ці-ці – трэба нам іс…(ці)
Цэ-цэ-цэ – аловак у ру…(цэ)
Це-це-це – кветачка цві…(це)

– Вось мы дапамаглі мышцы. 

Яна залезла ў рукавічку і кажа:
– Тут я буду жыць.
А тым часам зайчык прыбег і пытаецца:
– Хто, хто ў рукавічцы жыве?
– Я мышка-скрабушка. А ты хто?
– Я зайчык-уцякайчык. Пусці і мяне.
– Добра, але спачатку выканай маё заданне.

Развіццё мовы

– Працуем са словам цыбуля: дзелім яго на склады. (Цы-бу-ля.)

– Якая бывае цыбуля? (Смачная, салодкая, пякучая, маленькая, вялікая, круглая, доўгая, жоўтая, сіняя, белая.)

– Што робіць цыбуля? (Расце, ляжыць, есці, вырасці, тарчыць.)

– Складаем сказ, і лічым колькасць у ім слоў. (Цыбуля расце на градцы. Маці з цыбулі зрабіла салату. Я люблю есці цыбулю.)

 

Гульня “Чуйныя вушкі”

– Паслухайце верш і вызначце словы з гукам [ц]. Калі пачуеце гэты гук, хлопніце ў далоні.

Коцік

Брудным быць не хоча коцік:
Мые спінку і жывоцік.
Мые лапкі, хвосцік мые…
Вучаць коціка малыя:
– Станеш чыстым, коце мілы,
Калі будзеш мыцца з мылам.

Вучні называюць словы з верша: коцік, жывоцік, хвосцік, вучаць, коціка, коце, мыцца.

– Дапамаглі мы зайчыку выканаць заданне, пусціла мышка яго жыць у рукавічку.

 

Фізкультхвілінка

Зайцы скачуць, скок ды скок.
Ды на беленькі сняжок.
Прысядаюць, устаюць,
Лапкамі хлопаюць, а другімі тупаюць.
Галоўкамі павяртаюць, ваўкоў выглядаюць.
Сядуць зайчыкі ў кусты, і не знойдуць іх ваўкі.

Бяжыць да рукавічкі лісічка: 

– Хто, хто ў рукавічцы жыве?
– Мышка-скрабушка, зайчык-уцякайчык. А ты хто?
– Я лісічка-сястрычка. Пусціце мяне.
– Мы згодны, але трэба выканаць заданне, і не адно.

 

Знаёмства з літарай

– Вы ўжо ведаеце, што гукі на пісьме абазначаюцца літарамі. А цяпер давайце пазнаёмімся з абазначэннем гукаў [ц] [ц’] на пісьме. Гэта літара Ц (цэ).

Верш пра літару Ц 

Нямала літар мы пазналі,
І дабраліся да Ц.
Ёсць словы, дзе Ц – у пачатку,
Ёсць словы, дзе Ц – у канцы.

Чытанне складоў з Ц хорам: ца, цу, цы, цо, цэ, ці, це (на дошцы).

 

V Першасная праверка разумення вывучанага

Работа ў падручніку (с. 87)

Чытанне слоў у слупках з падручніка (словы таксама запісаны на дошцы). Дзеці чытаюць ланцужком па слупках.

 

Гульня “Перакладчык” (словы на дошцы з малюнкамі)

Навальніца – гром
Маланка – молния
Ложак – кровать
Цукар – сахар
Цукерка – конфета

– Малайцы, выканалі правільна, пусцілі лісічку жыць у рукавічку, будзем слухаць казку далей.

Бяжыць воўк, і таксама пытае да рукавічкі:
– Хто, хто ў рукавічцы жыве?
– Мышка-скрабушка, зайцык-уцякайчык, лісічка-сястрычка. А ты хто?
– Я ваўчок-шэры бачок, пусціце і мяне.
– А ты выканай наша заданне, тады і пусцім.
– Дзеці, давайце дапаможам ваўку. 

 

Праца над тэкстам “Цімох-баязлівец”

Настаўнік чытае тэкст “Цімох-баязлівец”, пасля задае пытанні.

– Назавіце галоўнага героя.
– Пра каго гаворыцца ў гэтым тэксце?
– Чаго баяўся Цімох?

Чытанне тэксту дзецьмі.

– А цяпер давайце знойдзем словы з літарай Ц. Дзе яна размяшчаецца?

 

– Наша казка працягваецца.

Залез воўк, і іх стала чацвёра. Цесна ім стала, павярнуцца не могуць. А тут да рукавічкі ідзе мядзведзь і раве:
– Хто, хто ў рукавічцы жыве?
– Мышка-скрабушка, зайчык-уцякайчык, лісічка-сястрычка, ваўчок-шэры бачок. А ты хто?
– Шмат вас тут, а я мядзведзь-бацюхна. Пусціце мяне.
– Як жа мы цябе пусцім? Тут і так цесна.
– Ды як-небудзь!
– Выканай наша заданне.
– Дапаможам, дзеці, мядзведзю? 

 

VI Этап замацавання новых ведаў і спосабаў дзеянняў

Гульня “Словы-хітруны”

– Давайце з вамі пабудзем даследчыкамі, даследуем слова, прачытаем, падзелім на склады і знойдзем у ім яшчэ адно слова.

Ціна (Іна), ціскі (ціс, іск, ціск), цыбуля (Уля), цюльпан (пан, цюль).

 

VII Этап прымяненне ведаў і спосабаў дзеянняў

Гульня “Ланцужок слоў”

– Я паказваю словы, вы па аднаму чытаеце.

Цімох, баязлівец, навальніца, маланка, залез, паліла, цесна, брусніцы, чарніцы, клубніцы, суніцы, цукар, цукерка, мінула, трасецца, баіцца.

 

Гульня на словаўтварэнне “У што пакладзём” 

Звяртаецца ўвага на з’яўленне гука [ц] у новым слове:

Соль – сальніца; цукар – цукарніца; цукерка – цукерніца.

– Слухаем казку далей.

– Ды хадзі, мядзведзь, ды з краёчку.  
Залез мядзведзь, ды так цесна, што рукавічка вось-вось разарвецца. А тым часам дзед спахапіўся, што няма рукавічкі. І вярнуўся яе шукаць. Сабачка пабег наперадзе і заўважыў, што рукавічка варушыцца. Сабачка тады:
– Гаў! Гаў!
Звяры спалохаліся ды ў рассыпную ў лес уцякаць. Дзед падышоў і забраў рукавічку… І падзякаваў вам за тое, што ў рукавічцы жылі звяры, якім вы дапамагалі, і яе не замяло снегам.
– Вось і скончылася наша казка. 

 

VIII Этап абагульнення і сістэматызацыі ведаў

– Дзеці, назавіце гукі, якія вы сёння вывучылі.
– Пакажыце літару, якой гэтыя гукі абазначаюцца.
– Назавіце словы з гэтым гукам.

 

IX Рэфлексія

– Ці цяжкія заданні сёння былі?

– Які настрой у вас? У вас дзве рукавічкі: адна вясёлая, другая сумная. Выберыце, калі ласка, сваю рукавічку: калі ўсё спадабалася, было лёгка выконваць заданні – вясёлая, калі сумна і цяжка было на ўроку – сумная.

– Каго пахваліць і за што?

– Хто можа пахваліць сябе і за што?

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий