Падарунак ад Дзеда Беларусаведа. Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для выхаванцаў сярэдняй групы (ад 4 да 5 гадоў)

- 15:05ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Занятак па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства” для выхаванцаў сярэдняй групы (ад 4 да 5 гадоў)

  

Наталля ШУМЕЦ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 6 г.Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні пра дзяржаўныя сімвалы (сцяг, герб, гімн), жыхароў Рэспублікі Беларусь;
– фарміраваць першапачатковыя ўяўленні пра прыродныя сімвалы Беларусі (зубр, бусел, лён, канюшына, валошка, сасна), уменне параўноўваць прадметы адзення (адзенне мужчынскае і жаночае; кашуля, капялюш, спадніца, чаравікі, боты);
– развіваць пазнавальныя працэсы, уяўленне, прасторавае мысленне, матывацыйна-патрэбнасную сферу, адвольнасць паводзін, выхоўваць эмацыйна-пазітыўнае стаўленне да Рэспублікі Беларусь, цікавасць да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей беларускага народа.

Слоўнікавая работа: сцяг, герб, гімн, зубр, бусел, лён, канюшына, валошка, сасна, кашуля, капялюш, спадніца, чаравікі, боты

Папярэдняя работа: завучванне вершаў А.Бадака “Беларусачка”, С.Сокалава-Воюша “Блакіт нябёс”, разглядванне дзяржаўных сімвалаў.

Матэрыял і абсталяванне: званочкі і сэрцы з паперы чырвонага колеру па колькасці дзяцей, мультымедыйная ўстаноўка, куфар, кніга “Мая Беларусь”, магнітафон, аўдыёзапісы, лялька Дзед Беларусавед, загадкі пра сімвалы, мальберт, дыдактычная гульня “Апранем лялек” (беларускія лялькі з наборам адзення), контур карты, дыдактычная гульня “Сімвалы Беларусі”, маска і бот Бусла для гульні “Бусел і бот”.

 

Ход занятку

 

Дзеці ўваходзяць пад беларускую народную музыку ў музычную залу.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі запрашае дзяцей стаць у круг.

Выхавальнік.

Сонейка ўстала,
Раніца настала.
Усе за рукі ўзяліся,
І ў круг мы сабраліся.
У дзіцячы сад прыйшлі
Тут усе нашы сябры.
Скажам кожнаму “Вітаю!”
Усім здароўя я жадаю!


Выхавальнік.
Дзед Беларусавед заўсёды прыходзіць да нас і здзіўляе новымі ведамі і цікавымі рэчамі. Вось і сёння – прынёс званочкі.

Прапаную пазвінець у званочкі тым, у каго сёння добры настрой.
Пазваніце ў званочкі тыя, хто хоча даведацца шмат цікавага.
Зараз зазвіняць званочкі ў дзяўчынак.
А самыя гучныя званочкі зазвіняць у хлопчыкаў.

(Дзеці выконваюць пэўныя дзеянні са званочкамі)

Выхавальнік. Паглядзіце, які вялікі куфар прынёс Дзед Беларусавед! Напэўна там штосьці ёсць. Але тут вісіць замок. Як вы думаеце, як можна адчыніць замок? (Дзеці выказваюць свае меркаванні, як можна адчыніць куфар). Нездарма наш Дзед – беларусавед. Ён падказвае нам, каб адкрыць куфар, трэба назваць беларускія словы (дзеці называюць словы).

Гучыць чароўная музыка і куфар адкрываецца. (Выхавальнік дашкольнай адукацыі беражліва дастае кнігу “Мая Беларусь”).

Выхавальнік. Гэта кніга незвычайная. Давайце разгледзім яе (педагог разам з дзецьмі разглядаюць вокладку кнігі пад музычную кампазіцыю “Мой родны кут”).

Што вы бачыце на вокладцы? (Я бачу бусла…). Бусел, васілёк, – сімвалы нашай краіны. Як вы думаеце, пра што гэта кніга? (Пра Беларусь). Правільна, гэта кніга пра нашу краіну, якая мае прыгожую назву – (дзеці) Беларусь.

Гартае старонкі. На наступнай старонцы кнігі – выява карты Рэспублікі Беларусь.

Што мы бачым на першай старонцы кнігі? (Карту нашай краіны). Так, правільна, карту нашай краіны. На што яна падобна? (Кляновы ліст). Сапраўды, на карце наша краіна падобна на кляновы ліст.

А як называюцца жыхары нашай краіны, вы ведаеце? (Беларусы). Усе мы, якія нарадзіліся і пражываюць тут, на тэрыторыі Беларусі – беларусы. (Імёны дзяцей, якія вывучылі вершы) падрыхтавалі вершы, давайце паслухаем іх.

 

Дзіця 1:

Твар румяненькі,
Белая хустачка.
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка!
I хачу
Так, як тата і мама,
Родны край свой любіць
Я таксама!
                        (А. Бадак)

 

Дзіця 2:

Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус…
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык-беларус.
                        (С.Сокалаў-Воюш)

Выхавальнік. Вам цікава даведацца, што размешчана на наступнай старонцы кнігі? (Так). Тады гартаем старонкі далей. На наступнай старонцы кнігі размешчаны дзяржаўныя сімвалы нашай краіны, Рэспублікі Беларусь. Назавіце іх? (Дзеці адказваюць: герб, сцяг, гімн).

На экране з’яўляецца слайд з выявамі сімволікі Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны герб з’яўляецца эмблемай дзяржавы. Што адлюстравана на дзяржаўным гербе нашай краіны? (Адказы дзяцей: промні сонца, кветкі канюшыны, валошкі, каласы).

Выхавальнік. Паглядзіце, калі ласка, на экран. Дзед Беларусавед нам штосьці хоча паведаміць.

Дзед Беларусавед (з экрана): На дзяржаўным гербе адлюстраваны зямны контур нашай краіны на фоне промняў узыходзячага сонца. Зверху – чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых з кветкамі канюшыны і лёну. Знізу надпіс “Рэспубліка Беларусь”.

Выхавальнік. Дзякуй, Дзед Беларусавед за цікавыя звесткі. Дзе можна ўбачыць звычайна герб? (Адказы дзяцей: на дзяржаўных будынках, на дакументах, на грашовых знаках, на пашпарце).

Выхавальнік. Наступны сімвал – дзяржаўны сцяг. Колькі колераў мае дзяржаўны сцяг? (Адказы дзяцей). Назавіце іх? (Адказы дзяцей). Давайце паслухаем, што нам раскажа Дзед Беларусавед.

На экране слайд.

Дзед Беларусавед: Зялёны колер – сімвал багатай прыроды Беларусі. Чырвоны колер – сімвал адвагі, шчасця, багацця. Белы колер – сімвал свабоды, чысціні і мудрасці. З краю на белым колеры размешчаны нацыянальны арнамент.

Выхавальнік. Падкажыце, калі ласка, дзе можна ўбачыць дзяржаўны сцяг? (На дзяржаўных установах, на будынках дзіцячых садоў, школ)

Наступны сімвал – дзяржаўны гімн, урачыстая песня нашай дзяржавы. Калі гучыць дзяржаўны гімн? (Гучыць у дзяржаўныя святы, на ўрачыстых дзяржаўных мерапрыемствах, калі ўзнагароджваюць пераможцаў спаборніцтваў). Напэўна, вы ведаеце, якія правілы трэба выконваць, калі гучыць гімн? (Трэба слухаць стоячы і моўчкі, можна падпяваць, мужчыны здымаюць галаўны ўбор). Правільна, такім чынам мы праяўляем павагу да нашай краіны. Усе людзі нашай краіны праяўляюць павагу да дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.

Каб даведацца, што размешчана на наступнай старонцы кнігі, Дзед Беларусавед прапануе адгадаць загадкі.

На экране з’яўляецца слайд з выявай прыроды Беларусі.

Загадкі

З грывай, а не конь,
З рагамі, а не бык,
З барадой, а не казёл.
Гучна-гучна зароў
Цар пушчанскіх звяроў  
                          (Зубр.)
Што пахне на лузе так соладка ўлетку?

Трайныя лісточкі да шарыкі-кветкі.
Карове, каню ды сямейцы трусінай
Наш Яська пайшоў накасіць (канюшыны).

Урадзіўся ён высокі,
Шаўкавісты, сінявокі.
Апранае нас здавён…
Здагадайцеся, хто ён?
                              (Лён.)
Цвіту ўсё лета я,

Жыву звычайна ў жыце.
Нашу хлапечае імя,
Як зваць мяне, скажыце?
                             (Васілёк.)
На галінках у мяне іголкі,

Але даўжэйшыя, чым у ёлкі.
Тут і для вавёркі дом,
Поўны шышак і грыбоў.
                              (Сасна.)
У чырвоных ботах

Па балоце ходзіць,
Жабак спрытна ловіць  
                              (Бусел.)

Пасля кожнай загадкі на экране з’яўляцца карцінка з адгадкай.

Выхавальнік. Прапаную адпачыць і пагуляць у беларускую народную гульню “Бусел і боты”.

 

Беларуская народная гульня “Бусел і боты”

Дзеці разам з дарослымі бяруцца за рукі, утвараюць круг. Вядучы па жаданні дзяцей або з дапамогай лічылкі выбірае на ролю Бусла дзіця. Гульцы ідуць па крузе і вымаўляюць словы: 

У чырвоных новых ботах  
Ходзіць Бусел па балотах.
Нахадзіўся між балот,
Ды вось толькі цісне бот!
  

Трэба Буслу цераз гаць
На адной назе скакаць.

“Бусел” у гэты час ходзіць унутры круга вакол бота, паднімаючы высока сцягно.

На словы: “Трэба Буслу цераз гаць на адной назе скакаць”, дзеці спыняюцца і вымаўляюць наступныя словы:

Мы схавалі Бусла боты,
Каб не швэндаў па балоце.
Бусел, Бусел, сігані –
Свайго бота дагані.

Дзеці перадаюць адно аднаму бот, а “Бусел” спрабуе яго дагнаць. У каго аказаўся бот, становіцца “Буслом”.

Выхавальнік. Але гэта не ўсё, трэба выканаць яшчэ адно заданне ад Дзеда Беларусаведа (падыходзяць да куфру, гучыць чароўная музыка). А заданне вось якое: скласці карцінкі і назваць, што атрымалася. (Дзеці складаюць карцінкі і называюць іх).

Зубр – самы вялікі звер беларускага лесу, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Канюшына – расліна, якую любяць есці хатнія жывёлы.
Бусел – прыгожая, ганарлівая птушка.

Выхавальнік. У народзе лічаць так: калі на даху хаты ці побач пасяліўся бусел, то ў гэтым доме будзе шчасце.

Лён – гэта прыгожая расліна, з якой вырабляюць тканіну.
Валошка – кветка з блакітнымі пялёсткамі, расце ў полі, дзе каласіцца жыта і пшаніца.
Сасна – самае распаўсюджанае дрэва ў Беларусі.  

Выхавальнік. Давайце размесцім прыродныя сімвалы ў кнізе. (Прымацоўваюць сімвалы ў кнізе). Вось і яшчэ адна старонка кнігі гатовая. Паглядзіце, якая прыгожая яна атрымалася.

На экране з’яўляецца слайд з прыроднымі сімваламі Беларусі.

Дзед Беларусавед: Усе гэтыя прыродныя сімвалы адлюстроўваюць гісторыю, нацыянальныя традыцыі, асаблівасці прыроды беларускай зямлі.

Выхавальнік. Перагортваем наступную старонку. У кожнага народа ёсць сваё нацыянальнае адзенне. У беларусаў яно ўпрыгожана асаблівым малюнкам, які называецца арнамент. Давайце разгледзім элементы беларускага касцюма (у кнізе).

У дзяўчынкі – спадніца, кашуля, фартух, чаравікі, вянок.
У хлопчыка – кашуля, штаны, боты, капялюш, пояс.

Прапаную пагуляць у гульню “Апранем лялек”.

Гучыць беларуская народная музыка.

Выхавальнік. Апранем хлопчыка і дзяўчынку і назавём элементы адзення кожнага з іх (дзеці апранаюць адзенне хлопчыку і дзяўчынцы і называюць яго). Хто з вас хоча апрануць дзяўчынку? А хто хлопчыка?

(Апранаюць лялек на мальберце. У гэты час памочнік выхавальніка пераблытвае адзенне хлопчыка і дзяўчынкі ў кнізе).

Выхавальнік дашкольнай адукацыі разам з дзецьмі падыходзяць да кнігі.

Выхавальнік. Паглядзіце, што здарылася? Дзед Беларусавед яшчэ і жартаваць любіць. Пакуль мы з вамі гулялі, ён пераблытаў адзенне хлопчыка і дзяўчынкі. Давайце дапаможам выправіць памылкі. (Разам з памочнікам выхавальніка папраўляюць памылкі). Вось і гатова яшчэ адна старонка ў нашай кнізе! 

Якая цікавая атрымалася кніга! (Лістаем кнігу). У ёй яшчэ засталіся пустыя старонкі. Але іх мы напішам на наступных занятках, таму што пра Беларусь яшчэ будзем гаварыць вельмі многа, бо наша краіна вельмі багатая і прыгожая. А кнігу паставім на паліцу ў кніжны куточак. Давайце скажам прыгожыя словы нашай любімай краіне…….

Гучыць музыка “Родны кут”.

Выхавальнік. Я люблю сваю краіну, таму што яна….(педагог гаворыць словы і прымацоўвае на контур карты чырвонае сэрца). (Дзеці падыходзяць да карты, называюць словы) Разам з прыгожымі словамі, мы перадалі сваю любоў да нашай краіны. Вазьміце ў рукі званочкі.

Зараз няхай зазвініць званочак у таго, хто пазнаў нешта новае пра нашу Радзіму Беларусь.

Няхай зазвініць званочак у таго, каму было цікава.
Няхай зазвініць званочак у таго, каму спадабалася кніга ад Дзеда Беларусаведа.

Паслухайце мой званочак, што я хачу вам сказаць: вы – маленькія беларусы нашай вялікай краіны. Вы можаце зрабіць нашу Радзіму моцнай, славутай і магутнай, калі будзеце любіць сваіх блізкіх, сваіх сяброў, свой край.

Пад музыку дзеці пакідаюць залу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий