Святлана ЧАЙКА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Круцілавіцкая сярэдняя школа”
Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Клас: 1-ы.
Тэма: Зіма ў лесе.
Мэта: у канцы ўрока вучні павінны навучыцца перадаваць у малюнку характэрныя асаблівасці будовы дрэў у тэхніцы “Графіка”.
Задачы:
– пашырыць уяўленні аб сродках мастацкай выразнасці вобраза (пластычнае рашэнне аб’екта адлюстравання);
– развіваць творчую фантазію, выяўленчыя ўменні і навыкі;
– удасканальваць уменні ствараць мастацкі вобраз графічнымі сродкамі (лінія, штрых, пляма);
– стымуляваць цікавасць да эстэтычнага асваення навакольнай рэчаіснасці;
– выхоўваць беражлівыя адносіны да роднай прыроды, правілы бяспечных паводзін у зімовы час.
Абсталяванне: гелевыя ручкі, шаблоны дрэў (ёлка), лісты самаацэнкі, ілюстрацыі відаў мастацтва (жывапіс, графіка, скульптура), прэзентацыя “Зімовы лес”, музычны альбом П.І.Чайкоўскага “Поры года” (“Снежань”, “Студзень”, “Люты”), выява “Сняжынкі-смяшынкі”, плакат ”Зімовы лес”.
Ход урока
І Арганізацыйны момант
На творчы наш урок
Празвінеў зараз званок.
Будзем размаўляць, запамінаць
І малюнак свой ствараць.
– Добры дзень, дзеці! Для таго каб наш урок прайшоў у цёплай атмасферы, каб усё запланаванае атрымалася, дарую вам сняжынку-смяшынку. Паглядзіце, як весела яна ўсміхаецца! Падарыце і вы ўсмешку адно аднаму. Жадаю, каб усё на ўроку вам было зразумела, каб у вас быў цудоўны настрой і вы атрымалі неабходныя веды.
ІІ Праверка арганізацыі рабочага месца
На рабочым месцы павінны размясціцца гелевая ручка, шаблон ёлкі ў канверце, шкала самаацэнкі.
ІІІ Уступная гутарка
– Вось цяпер мы гатовы пачаць урок. Паслухайце, калі ласка, загадку.
Снег ляціць, мароз трашчыць,
Хто адгадае, калі гэта бывае? (Зімою.)
ІV Паведамленне тэмы і мэт урока
– Якая пара года ў нас цяпер? (Зіма.)
– А давайце зараз узгадаем, па якіх прыметах мы даведаемся, што на вуліцы зіма?
– Ляжыць снег.
– Мароз.
– Адляцелі пералётныя птушкі.
– Хмары шэрага колеру.
– Сонейка свеціць зрэдку і ўжо не грэе.
– Дрэвы стаяць без лісця.
– Так, сапраўды, зіма любімая пара года многіх людзей. Вы любіце зіму? Чаму?
– Але ў гэты ж час зіма – самая небяспечная пара года. Чаму?
– Скажыце, калі ласка, якія правілы паводзін мы павінны помніць зімой, каб не трапіць у небяспечныя сітуацыі?
– Цёпла апранацца.
– Мець на сабе святлоадлюстроўваючыя элементы.
– Не гуляць па вадаёмах на каньках.
– Катацца на санках, лыжах, каньках у спецыяльна адведзеных месцах.
– Не пускаць самім піратэхнічныя вырабы.
– У галалёд рухацца па пасыпаных пяском тэрыторыях і інш.
– У нашым вугалку бяспекі і здароўя ёсць усе гэтыя правілы.
Зараз у нас з вамі ўрок выяўленчага мастацтва. Дзеці, скажыце, з якімі відамі мастацтва мы з вамі знаёмы? (Жывапіс, графіка, скульптура).
На дошцы прымацаваны запісы з гэтымі відамі мастацтва.
– У вас на партах ляжаць ілюстрацыі з рознымі відамі мастацтва. Вам неабходна размясціць іх па групах.
– Скажыце, ілюстрацый якога віду менш? (Графікі.)
– Параўнайце ілюстрацыі зімовага пейзажу ў жывапісе і зімовага пейзажу ў графіцы. (У мастацтве жывапісу – шмат колераў, а ў мастацтве графікі – толькі два: белы і чорны.)
– А што ў іх агульнага? (Зімовы лес. Дрэвы.)
– Так. На іх адлюстраваны дрэвы ў зімовым убранні, прыгажосць прыроды зімой. Паглядзіце на выяву зімовага лесу ў графіцы. Якія колеры пераважаюць у ім? (Чорны і белы.)
– Як вы лічыце, пры дапамозе чаго выкананы гэтыя выявы карцін? (Пры дапамозе алоўка.)
– Так, дзеці, аловак, гелевую ручку, або туш выкарыстоўваюць у такім відзе мастацтва, як графіка. Мастакоў, якія ствараюць графічныя творы, называюць мастакамі-графікамі.
– Хто з вас здагадаўся, што мы з вамі сёння будзем маляваць? (Дрэвы.)
– Так. А дакладна – дрэвы зімой. Тэма нашага ўрока – “Зімовы лес”.
Слайд 1
– Мы з вамі будзем вучыцца маляваць дрэвы ў тэхніцы “Графіка”. Паглядзіце, якімі графічнымі сродкамі мы з вамі можам выканаць свае работы.
Слайд 2
– Штрых, пляма, лініі. Успомніце, дзе мы з вамі ўжо выкарыстоўвалі гэтыя сродкі? (На ўроках пісьма, калі вучыліся толькі пісаць літары, у размалёўках.)
Слайд 3
Слайд 4
– З гэтых штрыхоў, плям, ліній нараджаюцца зімовыя пейзажы.
Слайд 5
– Якія сродкі графічнай выразнасці выкарыстаў мастак пры адлюстраванні ёлак на гэтай карціне? (Штрыхоўка, лініі.)
– Сёння мы з вамі будзем мастакамі-графікамі і навучымся прымяняць гэтыя прыёмы пры маляванні дрэў і створым з вамі карціну-пейзаж.
– Я сама паспрабавала яе намаляваць.
– Як вы лічыце, яна закончана? Так. У мяне не хапіла часу.
– Фон у мяне ўжо гатовы. А што вы бачыце на заднім плане нашай карціны? (Яловы лес.)
– Які ён па колеры? (Чорны.)
– Якія дрэвы па памеры? (Маленькія.)
– Якія па памеры дрэвы мы размесцім з вамі на пярэднім плане? (Вялікія.)
– А вось якія дрэвы з’явяцца ў нашым лесе, мы даведаемся, калі прачытаем і адгадаем загадку.
Заўсёды летам і зімой
Мае іголачкі са мной.
Галінак у мяне багата,
Я сустракаю з імі свята. (Ялінка)
– Давайце зараз мы з вамі крышачку адпачнём.
V Фізмінутка
Фізічныя практыкаванні.
– Сядайце.
– Знайшлі на нашай зрокавай табліцы круг пад № 2. Па стрэлачках правялі вочкамі 4 разы: 1, 2, 3, 4.
– Знайшлі круг пад № 1. Таксама па стрэлачках правялі вочкамі 4 разы (1, 2, 3, 4).
– Знайшлі фігуру пад № 4. Намалюйце вочкамі матыля 4 разы.
– А цяпер давайце разагрэем нашы далоні:
1) кончыкі пальцаў разамнём;
2) паглядзім якая рука мацней;
3) стрэслі рукі.
– Каб у нас атрымаліся выдатныя работы, давайце папросім нашы пальчыкі нам дапамагчы.
– У вас на партах ляжаць канверты. У іх ляжаць шаблоны нашых ёлак, якія мы будзем размалёўваць, выкарыстоўваючы сродкі графічнай выразнасці – штрых, лініі, плямы.
– Вось перад вамі наша ёлка. Паглядзіце, як трэба правільна выконваць штрыхоўку. Калі вы хочаце паказаць аб’ём галінак, штрыхі трэба выконваць часцей. Штрыхі можна рабіць з адрывам і без адрыву. Паглядзіце, як гэта раблю я. (Паказ на дошцы).
– Але перш чым мы пачнём маляваць, давайце ўспромнім крытэрыі, па якіх будзем ацэньваць свае работы. (Акуратна, самастойна.)
– На партах у кожнага з вас ляжаць лісты самаацэнкі.
– Зараз я прапаную вам прыступіць да выканання работы, а суправаджаць нашу работу будзе музычны твор “Поры года”, які напісаў рускі кампазітар П.І.Чайкоўскі (Партрэт на слайдзе).
Слайд 6
– Музыка дапаможа вам лепш уявіць прыгажосць зімовага лесу. (Гучыць музыка).
VІ Самастойная праца дзяцей
– Я бачу, што ўсе справіліся з заданнем.
– Пакладзіце свае гелевыя ручкі і вазьміце лісты самаацэнкі.
– Падніміце руку, у каго ваша ацэнка супала с ацэнкай сябра?
– Малайцы! Я таксама згодна з ацэнкай вашых работ.
– Давайце дапоўнім нашу карціну вашымі дрэвамі. Як прыгожа! Як быццам ў зімовым лесе!
VІІ Вынік урока
– Зараз мы паўторым тое, пра што вы даведаліся на сённяшнім уроку. Як называецца від мастацтва, дзе карціны выконваюцца алоўкам, гелевай ручкай, або тушшу? (Графіка.)
– Як называюць мастакоў, якія ствараюць графічныя творы? (Мастакі-графікі.)
Слайд 7
– Пры дапамозе якіх сродкаў графічнай выразнасці мы стварылі зімовую карціну? (Штрых, лінія, пляма.)
– Малайцы!
VІІІ Аналіз работ
– А зараз паглядзіце на нашу сняжынку-смяшынку. Яна нам усміхаецца? Значыць сёння ў нас з вамі ўсё атрымалася!