Класная гадзіна ў форме вуснага часопіса “Беларусы на Алімпійскіх гульнях”. 10-ы клас

- 9:53Классный час

Класная гадзіна накіравана на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў і ставіць сваёй задачай актуалізаваць веды вучняў пра дасягненні краіны ў вобласці спорту, пра знакамітых землякоў, а таксама спрыяць выхаванню пачуцця патрыятызму, пачуцця гонару за сваю краіну, за свой народ.

Юлія ГУШЧА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Лышчанская сярэдняя школа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць

 

 

 

Мэта: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў.

Задачы:

– актуалізаваць веды вучняў пра дасягненні краіны ў вобласці спорту, пра знакамітых землякоў;
– ствараць умовы для развіцця маўлення, памяці, мыслення, цікаўнасці;
– спрыяць выхаванню пачуцця патрыятызму, пачуцця гонару за сваю краіну, за свой народ.

Форма: вусны часопіс.

Метады: аповед-гутарка; наглядна-вобразны – дэманстрацыя ілюстрацый, прыём “Пытанне класу”, разгадванне рэбусаў, прыём “Воблака слоў”.

Дыдактычны матэрыял і абсталяванне: ілюстрацыі па тэме.

Падрыхтоўчая работа: адбор матэрыялу для сцэнарыя класнай гадзіны; стварэнне рэбусаў; падрыхтоўка сцэнарыя.

План мерапрыемства

Арганізацыйны момант – 2 мінуты.
Уводзіны ў тэму – 5–7 мінут.
Асноўная частка – 30 мінут.
Рэфлексія – 3–5 мінут.

 

Ход мерапрыемства

I Арганізацыйны момант

Добры дзень! Я вітаю ўсіх вас на сённяшняй нашай класнай гадзіне! Жадаю вам добрага настрою і плённай працы. Спадзяюся, што наступныя сорак пяць мінут прынясуць вам карысць.

 

II Уводзіны ў тэму

Як вы лічыце, што аб’ядноўвае нас з вамі?

Адказы вучняў.

Так, усе мы – жыхары прыгожай і міралюбівай краіны. Наша Радзіма – Рэспубліка Беларусь.

Беларусь – еўрапейская дзяржава – зялёны лiсток на карце: лясы, пералескi, лугi, пушчы, ураджайныя палеткi. Вакол нас – карагод краiн: Расiя, Украiна, Лiтва, Польшча.

Наша краіна – незалежная дзяржава і мае свае сімвалы: Дзяржаўны герб, Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь . Мы павінны ведаць свае сімвалы і адносіцца да іх з павагай і гонарам, як сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны.

Галоўны скарб нашай краіны – людзі. Яны ўслаўляюць сваю зямлю, нясуць у свет добрае імя беларусаў.

Сёння кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа ганарыцца дасягненнямі сваёй краіны.

Беларусь мае высокія дасягненні ў навуцы, мастацтве, спорце. Менавіта пра спартыўныя дасягненні нашай краіны я і прапаную сёння пагаварыць.

 

III Асноўная частка

Беларускія спартыўныя дасягненні дазволілі ўсяму свету даведацца пра нашу краіну. Таленавітыя выхадцы з нашай краіны, дзякуючы палітыцы дзяржавы, што ажыццяўляе падтрымку адораных спартсменаў, здаўна выдатна праяўляюць сябе ў міжнародных спаборніцтвах, на Алімпійскіх гульнях. У нашай краіне паспяхова развіваецца сто трыццаць два віды спорту.

Прыём “Пытанне класу”: Скажыце, пра якія віды спорту вядзецца размова?

Адказы вучняў (футбол, лёгкая атлетыка, гімнастыка, хакей, біятлон і іншыя).

Беларусь можна па праве назваць спартыўнай краінай, бо тут будуюцца новыя спартыўныя комплексы і збудаванні, а заняткі спортам падтрымліваюцца не толькі заканадаўча, але і самім Прэзідэнтам рэспублікі. 280 беларусаў на гэты момант ужо сталі чэмпіёнамі свету і Еўропы ў розных відах спорту. Адным з галоўных спартыўных дасягненняў з’яўляецца тое, што наша краіна выхавала семдзесят шэсць прызёраў Алімпійскіх гульняў розных гадоў.

Развіццё і станаўленне спорту на тэрыторыі Беларусі пачалося ў савецкія часы. У СССР заняткам спортам была адведзена адна з ключавых пазіцый у жыцці грамадзян. Аднак у рэспубліцы Беларусь, якая ў тыя часы часткова ўваходзіла ў склад СССР і польскай дзяржавы, ён развіваўся нераўнамерна. Пакуль жыхары Мінска, Магілёва, Віцебска і Гомеля выступалі ў складзе савецкіх зборных, выхадцы Гродна, Брэста і Пінска заваёўвалі ўзнагароды ў спаборніцтвах Польшчы.

Нягледзячы на свае больш чым сціплыя памеры, наша радзіма можа ганарыцца сваімі выхадцамі, імёны якіх, дзякуючы спартыўным дасягненням, вядомыя ўсяму свету.

Першы алімпіец з ліку нашых землякоў, Караль Румель (Дадатак 1), тройчы браў удзел у Алімпійскіх гульнях. На Амстэрдамскай IX Алімпіядзе 1928 года, будучы ў складзе польскай зборнай, ён заваяваў бронзу па трохборстве.

Яшчэ ў савецкія часы нашу радзіму ўславілі Аляксандр Мядзведзь і Вольга Корбут. Аляксандр Мядзведзь тройчы рабіўся алімпійскім прызёрам і заваёўваў тытул чэмпіёна свету ў розныя гады. Ураджэнец беларускай зямлі прызнаны лепшым барцом у вольным стылі дваццатага стагоддзя.

Не менш значны ўклад Вольгі Корбут у беларускі спорт. Легендарная гімнастка атрымала прызнанне ў якасці лепшай спартсменкі свету за 1972 год, у якім заваявала адразу тры залатыя ўзнагароды на Алімпіядзе ў Мюнхене.

Яшчэ адзін знакаміты беларускі спартсмен – Віталь Шчэрба, які дасягнуў вышынь у спартыўнай гімнастыцы, прызнаны лепшым спартсменам дзесяцігоддзя (з 1991 года па 2000). Ён не раз заваёўваў узнагароды на Алімпійскіх гульнях, з’яўляўся чатырнаццацікратным чэмпіёнам свету і дзесяціразовым – Еўропы.

Прыём “Пытанне класу”. Дзе і калі ў гонар перамог беларусаў упершыню на Алімпійскіх гульнях узняўся Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь? 

Адказы вучняў (Атланта, ЗША, 1996 год.)

Гісторыя заваёвы алімпійскіх узнагарод у якасці самастойнай каманды была распачата ў 1996. У XXVI Алімпійскіх гульнях у Атланце бярэ ўдзел нацыянальная зборная Рэспублікі Беларусь, у склад якой увайшлі 162 чалавека. 

Прыём “Пытанне класу”. Хто са спартсменаў заваяваў першае “золата” для Беларусі ў сучасных Алімпійскіх гульнях? 

Адказы вучняў (Кацярына Карстэн, акадэмічнае веславанне, 1996 год.)

Золата заваявала Кацярына Карстэн, якая была лепшай у спаборніцтвах па акадэмічным веславанні на адзіночных байдарках. Таксама ў Беларусь прыехала шэсць срэбных і восем бронзавых медалёў.

У 2004 годзе ў Афіны ў складзе нацыянальнай зборнай прыехалі 147 спартсменаў, якія прынялі ўдзел у дваццаці трох відах спорту. Удзел у XXVIII Алімпіядзе быў на здзіўленне плённым: беларусы заваявалі дзве залатыя медалі (у бегу была лепшай Юлія Несцярэнка, а ў дзюдо – Ігар Макараў), а таксама 6 срэбных і 7 бронзавых узнагарод.

Абсалютным рэкордам для Беларусі стаў удзел у Пекінскай Алімпіядзе, што прайшла ў 2008 годзе. Тады нашы спартсмены атрымалі цэлых 19 узнагарод, а нацыянальная зборная заняла шаснаццатае месца па якасці і трынаццатае – па колькасці медалёў. У той год беларусы прывезлі на радзіму 4 залатых медалі, атрыманых за дасягненні ў лёгкай атлетыцы (Андрэй Арамнаў), кіданні молата (Аксана Мянькова), групавым веславанні на байдарках і каноэ: байдарка-чацвёрка, 1000 метраў (Раман Петрушэнка, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў), каноэ-двойка, 1000 метраў (Аляксандар і Андрэй Багдановічы).

Нельга не ўспомніць дасягненні беларусаў у зімовых відах спорту. Першым прызёрам зімовых Алімпійскіх гульняў, у якіх выхадцы Беларусі бяруць удзел з 1964 года, становіцца канькабежац Ігар Жалязоўскі на дыстанцыі 1000 метраў. Знакавая падзея адбылася ў далёкім 1988 годзе, у канадскім горадзе Калгары. З тых часоў беларускія спартсмены паспяхова выступаюць на кожнай зімовай Алімпіядзе.

Прыём “Пытанне класу”. Скажыце, ці памятаеце вы, дзе прайшлі алімпійскія гульні ў 2014 годзе?

Адказы вучняў.(2014 год, Сочы.)

У 2014 годзе, у час ХХII зімовых Алімпійскіх гульняў, што прайшлі ў Сочы, беларускія спартсмены асабліва вылучыліся: была заваявана найвялікшая колькасць залатых медалёў за ўвесь час. 

Я прапаную зараз успомніць тых алімпійцаў, дзякуючы якім наш гімн гучаў неаднаразова на ўвесь свет. Для гэтага я прадэманструю вам рэбусы, разгадаўшы якія вы беспамылкова назавяце імя і прозвішча спартсмена.

Рэбусы (Дадатак 2).

(Вучню, які правільна назваў імя і прозвішча спартсмена, прапануецца ўзгадаць звесткі з біяграфіі вядомага спартсмена).

Прыём “Пытанне класу”. Калі і дзе адбыліся апошнія зімовыя алімпійскія гульні?

Беларусь была ў ліку 92 краін – удзельніц XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў, якія прайшлі 9–25 лютага 2018 года ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Каманда нашай краіны была прадстаўлена ў шасці відах спорту – біятлоне, фрыстайле, канькабежным спорце, шорт-трэку, лыжных гонках і гарналыжным спорце.

Медалі зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях – 2018 у Пхёнчхане.

Золата: Ганна Гуськова (фрыстайл, лыжная акрабатыка), Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, Дар’я Домрачава (біятлон, эстафета 4х6 км).

Серабро: Дар’я Домрачава (біятлон, мас-старт). 

Прыём “Пытанне класу”. Дзе і калі адбыліся апошнія летнія Алімпійскія гульні?

XXXII летнія Алімпійскія гульні, якія з-за пандэміі каранавіруса COVID-19 адбыліся на год пазней і прайшлі ў Токіо з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.

Нашу краіну на галоўных стартах чатырохгоддзя прадставілі 108 спартсменаў у 20 відах спорту.

Узнагароды зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях – 2021 у Токiо.

Золата: Іван Літвіновіч (скачкі на батуце).

Серабро: Ірына Курачкіна (вольная барацьба, да 57 кг), Магамедхабіб Кадзімагамедаў (вольная барацьба, да 74 кг), Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнёва, Надзея Папок (веславанне на байдарках і каноэ, байдарка-чацвёрка, 500 м).

Бронза: Максім Недасекаў (скачкi у вышыню), Ванэса Каладзінская (вольная барацьба, да 53 кг), Аліна Гарнасько (мастацкая гімнастыка, індывідуальнае мнагабор’е).

Больш падрабязна з біяграфіямі ўсіх гэтых спартсменаў мы пазнаёмімся на наступных класных або інфармацыйных гадзінах.

Алімпійская зборная Беларусі заняла 45-е месца ў неафіцыйным медальным заліку Гульняў у Токіо. У актыве беларускіх спартсменаў сем узнагарод.

Брэнд нацыянальнай алімпійскай каманды – TEAM BY (Дадатак 3).

Ён быў прэзентаваны ў снежні 2018 года, і менавіта з Гульняў у Токіо беларусы афіцыйна пачалі выступаць пад гэтай назвай. Ключавы элемент лагатыпа каманды і адзін з самых пазнаваемых сімвалаў Беларусі – бусел. Талісманам алімпійцаў таксама стала бусляня. Па выніках галасавання балельшчыкаў ён атрымаў імя Буслік.

Афіцыйны мэсэнджар алімпійцаў Беларусі – Viber. Дадатак, які зарадзіўся і прадаўжае развівацца ў беларускіх цэнтрах распрацоўкі, а сёння з’яўляецца актывам японскай кампаніі Rakuten, падтрымаў спартсменаў краіны. Дарэчы, НАК Беларусі стаў першым з 206 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, што ўваходзяць у структуру Міжнароднага алімпійскага камітэта, які запусціў афіцыйную супольнасць у Viber. Летам 2019 года ў мэсэнджары таксама з’явіўся спецыяльны стыкерпак у падтрымку TEAM BY (Дадатак 4).

Спартыўную форму для каманды Беларусі на Гульні ў Токіо распрацавалі спецыялісты з айчынных кампаній “Сола-Пінск” і “Світанак”.

Беларусь на Паралімпійскіх гульнях у Токіо.

З 24 жніўня па 5 верасня японская сталіца прымала XVI летнія Паралімпійскія гульні. Беларусь на Паралімпіядзе прадставілі 20 спартсменаў, якія выступілі ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, плаванні, дзюдо, пара-веславанні і фехтаванні.

У неафіцыйным медальным заліку беларуская нацыянальная каманда заняла 27-е месца. У скарбонцы зборнай Беларусі сем медалёў: пяць залатых, адзін сярэбраны і адзін бронзавы. На рахунку плыўца Ігара Бокія пяць залатых узнагарод, серабро ў плыўца Ягора Шчалканава і бронза ў кідальніцы кап’я Лізаветы Пятрэнка. Ігар Бокій таксама ўстанавіў некалькі сусветных рэкордаў у розных дысцыплінах. Лізавета Пятрэнка у сваёй лепшай спробе абнавіла рэкорд кантынента.

Для незалежнай Беларусі гэта сёмыя летнія Паралімпійскія гульні ў гісторыі.

 

IV Рэфлексія

Наша краіна не стаіць на месцы, працягвае развівацца, дасягаць усё новых вяршынь. Вы, маладое пакаленне, у адказе за нашу Радзіму, за яе непаўторную прыгажосць, багатую шматвяковую спадчыну, тэхналагічны і эканамічны дабрабыт, яе шчасце, яе будучыню!

Прыём “Воблака слоў”. Напэўна, вы заўважылі, што падчас размовы я рабіла запісы некаторых слоў на дошцы. Гэта апорныя словы, якія адпавядаюць сэнсу нашай сённяшняй гутаркі.

А зараз я прапаную кожнаму з вас падысці да дошкі і напісаць па адным слове-асацыяцыі, якое можна падабраць да тэмы сённяшняй нашай класнай гадзіны.

Вучні падыходзяць да дошкі і запісваюць словы-асацыяцыі.

Праславіць Беларусь, сваю Радзіму, быць патрэбным сваёй Айчыне можна не толькі праз дасягненні ў спорце. Я жадаю вам знайсці сваё месца ў жыцці, любімую справу, якая б прыносіла радасць не толькі вам, але і карысць грамадству, пераўтвараючы кожны дзень у свята творчасці і самааддачы.

Жадаю вам перамог!

Дзякуй усім за работу!

 

Дадаткі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий