Госцем літаратурнай гасцёўні стала беларуская паэтэса, празаік, журналіст, літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў СССР і Саюза беларускіх пісьменнікаў – Людміла Іванаўна Рублеўская. Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ў свеце 21 лютага.
Таццяна ЯВАРЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія г. Ляхавічы”,
Брэсцкая вобласць
Мэты:
– выхаванне пачуцця любові да роднай мовы як галоўнага нацыянальнага скарбу, пачуцця гонару за свой народ, яго дасягненні;
– знаёмства з творчасцю беларускай паэтэсы, празаіка, журналіста, літаратурнага крытыка, сцэнарыста Людмілы Рублеўскай.
Ход мерапрыемства
У выкананні вучня гімназіі гучыць песня “Родная мова”.
Два гімназісты чытаюць верш Г.Бураўкіна “Я ведаю: нядобрых моў няма”.
Першы вядучы. Родная мова… Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легендаў, паданняў.
Другі вядучы. З роднай мовай мы пакідаем бацькоўскі парог, адпраўляючыся ў далёкія вандраванні. І пачуццё роднай зямлі, якое неяк губляецца, калі ты жывеш на ёй, асабліва абвастраецца, калі апынішся дзесьці далёка. І гэта невыпадкова. Бо мова – душа народа. Векавая праца многіх пакаленняў. Люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства. Наш галоўны нацыянальны скарб.
Першы вядучы. Няма мовы – няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? Загіне дрэва. Якім жа стане чалавек, калі ў яго вырвуць зямлю з-пад ног, родную мову? Загіне чалавек. Нездарма Якуб Колас казаў: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову».
Другі вядучы. Сёння ў гімназістаў свята… І не толькі таму, што 21 лютага мы адзначаем Міжнародны дзень роднай мовы. А яшчэ і таму, што ў гасцях у нас беларуская паэтэса, празаік, журналіст, літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў СССР і Саюза беларускіх пісьменнікаў – Людміла Іванаўна Рублеўская. Сустракайце!
Першы вядучы. Людміла Іванаўна нарадзілася ў 1965 годзе ў горадзе Мінску. Пасля 9-га класа паступіла ў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум на аддзяленне архітэктуры. Пасля заканчэння вучобы, два гады працавала на вытворчым аб’яднанні “Гарызонт”. У гэты ж час пачала друкаваць свае вершы ў перыядычных выданнях. Пад уплывам Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча прыйшла да беларускага слова і ўласнага рамантызму.
Другі вядучы. У 1986 годзе Людміла Іванаўна паступіла ў Літаратурны інстытут імя М.Горкага ў Маскве на аддзяленне паэзіі, праз год перавялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала ў газеце “Наша слова”, часопісе “Першацвет”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Затым перайшла ў газету “Беларусь сегодня”, дзе цяпер працуе аглядальнікам аддзела культуры. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Першы вядучы. Сёння Людміла Рублеўская – вядомая паэтка, яна аўтар паэтычных зборнікаў “Крокі на старых лесвіцах”, “Замак месячнага сяйва”, “Рыцарскія хронікі”, “Над замкавай вежай”, “Шыпшына для пані”, “З’яўленне інфанты”…
Другі вядучы. Людмілу Іванаўну найбольш прываблівае лёс знакамітых людзей Беларусі. Тых, хто стаяў ля вытокаў нашай культуры, беларускага адраджэння, асветніцтва, нашай дзяржаўнасці. Хто ўласнай мужнасцю, ахвярнасцю, талентам, пакутніцкім жыццём упісаў сваё імя на скрыжалі гісторыі.
Першы вядучы. Знаёмства з лірыкай Людмілы Рублеўскай дазваляе сцвярджаць, што пераважная большасць твораў прысвечана тэме гісторыі, у прыватнасці, гістарычным асобам.
Другі вядучы. Верш “Ефрасіння”. Чытае________________
На фрэсках лік яе жаўцее,
Сухі, як ліст, і гожы цяжка…
Прадслава, ўнучка Чарадзея,
Упарта хоча стаць манашкай.
«Навука дзеўку папсавала!» –
Старыя па вуглах скуголяць.
Але яна была – Прадславай!
А слава вымагае волі.
Счарнеў аж з твару горды бацька.
Жаніх гульбою ганьбу глушыць.
А маці!..
Што ж казаць пра маці…
А слава да таго ж – і мужнасць.
Жанкі!
Такі наш выбар будзе
Паўсюль, няўмольна і адвечна:
Ці – крыж на маладыя грудзі,
Ці – церам з цемрай чалавечай.
Балюча нам даецца воля.
Заплаціш мужнаю душою.
А дзеці?!
Што належыць болей –
Сваё радзіць? Вучыць чужое?
І што на што мяняць ня варта –
Ні адгадаць, ні прадугледзець…
…Прадслава хоча стаць упарта
Святой – і вольнаю, як вецер….
Першы вядучы. Верш “Рагнеда”. Чытае _________
Чаму яго ты не забіла,
Чужынца, бабніка, забойцу?
Якая сіла нож спыніла –
Кальчуга? Шлюбны сон? Жаноцкасць?
Ты – не забіла… Не парвала
Ахвяр і хціўцаў сувязь злую.
І ў божай ночы пакрывале
Зямля твая, як ты, вякуе.
Крывавы Полацк не счакаўся
Крывавых Кіева маленняў…
Не дыяменты-слёзы – стразы,
Падробкі – ты ліла, напэўна,
Князёўна – болей не князёўна,
Княгіня – болей не княгіня,
Пры ўладару – п’яным і сонным,
Па скошанай, як луг, радзіне.
Ты мусіла забіць, Рагнеда!
Ты столькі год жыла рабыняй,
Кляла яго – ды ён – не ведаў,
Нянавісць прывівала сыну,
І – ўсё дарма…
Твае нашчадкі
Павязаны чужой крывёю.
Іх будуць ваяваць спачатку,
Пасля – пазбавяць сілы вояў,
Пасля – імя сваё прыўлашчаць,
І будзе край гібець бяссілы…
Твой муж цябе задоўга лашчыў.
Чаму яго ты не забіла?
…Вось ён глядзіць на нож дарэмны,
Усмешка злая крывіць вусны.
Ідзі, няўдалая царэўна,
Далоў з вачэй, да Белай Русі…
Другі вядучы. Верш “Скарына ў Празе”. Чытае _________
Зноў Багемская Камора
Шле свой допіс Фердынанду:
«Пан Францыск, садоўнік новы,
Завіхаецца ня надта.
Трэба гнаць яго без жалю
Ці рабіць як след прымусіць.
Лайдака сюды прыслалі
Нам з якойсці Белай Русі!»
Вулкі пражскія святлеюць
Цёплым снегам тапаліным.
Па замеценай алеі
Сам ідзе мудрэц Скарына.
Снег таполевы знікае
На сівым яго валоссі.
Там, у родным белым краі,
Вецер пух таксама носіць…
Пан садоўнік, столькі сілаў
Ты ахвяраваў асвеце,
Каб зрабіўся іх магілай
Каралеўскі сад – і вецер.
Бібліі жывое цела
Разрывае поп рукамі…
Пан садоўнік, ты пасеяў
Зерне на сцюдзёны камень…
І твае гараць усходы
У кастрах Масквы і Вільні,
Бо над Захадам і Ўсходам
Нецярпімасць – бог адзіны.
Пан садоўнік, пан Скарына
Па алеях саду крочыць.
Цёплым снегам тапаліным
Засыпае вецер вочы…
А Багемская Камора
Крэхча, грошы лічыць, піша,
Піша пра беларусіна,
Што садоўнік ён няўвішны.
А Багемская Камора
Хоча ягад размаітых…
І ляціць на чэшскі горад
З Русі – попел белых літар….
Першы вядучы. Людміла Рублеўская вядома і як празаік. Аўтар кніг прозы “Старасвецкія міфы горада Б”, “Сэрца мармуровага анёла”, “Пярсцёнак апошняга імператара”.
Другі вядучы. Урывак з рамана “Дагератып”. Чытае____________
Дарога ў Жухавічы
Дажджу не было, затое ўсчаўся вецер. Ён выў, нібыта празрысты злы воўк, страсаў халодныя кроплі з ігліцы, кідаўся на мінакоў, быццам юрад, выпрошваючы капейчыну або спрабуючы паведаміць страшнае прымроенае прароцтва. Шлях размок, як хлеб у місе з квасам. Там, дзе па абодва бакі дарогі была дрыгва, глеба стала пругкай, адчувалася, што пад коламі – грэбля, насцеленая над безданню і прысыпаная пяском, і вось-вось бездань паглыне гэтыя жаласныя спробы абмежаваць яе прагу ахвяраў і волі.
Вецер біўся ў шчыльную тканіну навеса над брычкай, як у ветразь, так што здавалася, быццам экіпаж вось-вось ператворыцца ў віціну і паплыве наўзбоч дарогі.
Другі вядучы. Людміла Рублеўская выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца. Піша казкі для дзяцей. Стварыла некалькі драматычных паэм і п’ес, некаторыя з іх пастаўлены на тэатральных падмостках.
Усяго выйшла больш як два дзясяткі кніг Людмілы Рублеўскай у розных жанрах – паэзія, проза, драматычныя творы эсэ, крытыка, творы для дзяцей…
Першы вядучы. Людміла Рублеўская піша раманы на гістарычныя сюжэты. З лёгкасцю прыдумвае герояў для сваіх кніг, змяшчаючы іх у XVII, XVIII, XX стагоддзі, і ў наш час. Многія параўноўваюць яе творы з кнігамі незабыўнага Уладзіміра Караткевіча. А іншыя – з Джоан Роўлінг, аўтарам кніг пра Гары Потэра.
Другі вядучы. Людміла Рублеўская мае шматлікія ўзнагароды: з’яўляецца лаўрэатам конкурсу драматургіі “Купалавы далягляды» 2002 года (за п’есу “Апошнія гастролі Агасфера”).
Першы вядучы. 2004 год – лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў” (за раман “Золата забытых магіл”).
Другі вядучы. 2011 год – лаўрэат прэміі Францішка Багушэвіча (за раман “Падзямелле Рамула”).
Першы вядучы. 2017 год – лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Лепшы празаічны твор” – за раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”.
Другі вядучы. І гэта яшчэ далёка не ўсё…
Першы вядучы. Летам 2018 года нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь анансавала пачатак здымкаў фільма “Авантуры Пранціша Вырвіча”, па рамане “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”.
Другі вядучы. Падзеі ў фільме адбываюцца ў XVIII стагоддзі – у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыг і крывавых войнаў.
Першы вядучы. Пазнаёмцеся з Вырвічам-шкаляром – і вам абавязкова захочацца дазнацца, што адбывалася далей з Вырвічам-студыёзусам, Вырвічам-драгуном і нават Вырвічам-здраднікам.
Другі вядучы. Спецыяльна для здымкаў фільма быў створаны танк на паравым рухавіку, які апісваецца ў кнізе як “жалезная чарапаха”. Танк па чарцяжах Леанарда Да Вінчы.
Здымкі фільма праходзяць у гістарычных лакацыях Беларусі: у Лідскім, Мірскім, Нясвіжскім замках. Смалявічах, Снове, Бабруйску, Гальшанах.
Першы вядучы. Дыялогі ў фільме гучаць на рускай мове з далейшай мэтай прадаць кіно ў Расію і паказаць на кінафестывалях.
Другі вядучы. Для паказу ў кінатэатрах Беларусі фільм будзе прадубліраваны на беларускай мове.
Першы вядучы. Да здымак фільма прыступілі 18 лютага, у гэты дзень была ўрачыста разбіта талерка з імёнамі здымачанай групы. У галоўных ролях зняліся Георгій Пятрэнка і Іван Трус.
Другі вядучы. Плануецца, што ў сакавіку выйдзе на экраны кінатэатраў чатырохсерыйны фільм “Авантуры Пранціша Вырвіча”. Мы будзем з нецярпеннем чакаць выхаду кінастужкі ў свет. А пакуль, увага на экран.
Дэманструецца рэкламны ролік фільма.
Першы вядучы. Улюбёны жанр паэткі – балада. Найчасцей яна стварае партрэтна-псіхалагічныя балады, дзе разгортваюцца думкі-перажыванні чалавечнай асобы, пэўная гістарычная падзея ці з’ява паказваюцца ў драматычна-складаным кантэксце часу.
Другі вядучы. “Балада пра нясвіжскага дойліда”. Чытае _____________
У Нясвіжы ціхі вечар
Гасіць залатую восень.
З недабудаванай вежы
Муляры са смехам сходзяць
Да каханых і да жонак.
А адзін стаіць паныла.
Гэта – Казімір Ждановіч,
Дойлід князя Радзівіла.
Ён глядзіць туды, дзе нізка
Сонца вісне на каштанах,
Дзе расце тэатр нясвіжскі
Для Уршулі, яснай пані,
Каб сыгралі п’есы пані
З бласлаўлення волі Божай
Пра шчаслівае каханне,
Незалежнае ад грошай,
Пра людзей магутнай волі,
Што за талент шчасце мелі.
I глядзіць паныла дойлід
На стварэнне рук умелых.
Будзе пані заставацца
Паняй – хай яна паэтка.
Ты ж – хоць сто збудуй палацаў,
Не твае палацы гэта.
I, як сонца шчыт чырвоны
Звонка падае з каштанаў,
Упадуць твае праклёны
У глухую ноч расстання.
I па ўсенькай Беларусі
Ты Нясвіж праславіш горды.
Будзе ён, як песня-скруха
Пра любоў тваю і годнасць.
…У Нясвіжы ціхі вечар
Залатую гасіць восень.
З недабудаванай вежы
Вецер горкі ўздых адносіць.
Першы вядучы. Зараз паслухайце “Баладу пра сваё і чужое”. Чытае _____________
Ён біўся на чужой зямлі.
За што?
Не верыць, што дарэмна.
Радзіму ў яго ўзялі,
I ён назваў Радзімай –
неба.
А суайчыннікі яго
Муры замшэлыя ўздымалі.
Зямля цішэла ад снягоў,
I прыхадні снягі тапталі.
“Ратуйце!” –
крык стаяў паўсюль,
А вой,
пакрыўджаны навечна,
Мог верыць толькі слову куль,
Чужы для веры чалавечай.
Ён хмарай плыў.
I ветрам быў.
I пазабыўся,
скуль быў родам.
…I на Радзіме –
родных біў,
Пракляты Богам і народам.
Другі вядучы. Хто яна, Людміла Рублеўская? Празаік? Паэтка? Гісторык-даследчык, які аднаўляе ў нацыянальнай свядомасці праўдзівыя кадры мінулага? Ці казачніца, якая стварае новую прыгожую гісторыю Беларусі? Відавочна адно: яе творы – мастацкія рэфлексіі вакол малавядомых фактаў з даўніны.
Першы вядучы. (Звяртаючыся да другога вядучага) Ведаеш, нават сціслы агляд творчасці нашай госці пераконвае, што яе лірычны герой бачыць сэнс быцця ў тым, каб памятаць, што “ёсць родны край і яго гісторыя, якую проста неабходна ведаць і ганарыцца ёю,“ісці да Храма” і вяртацца на “сцежкі-дарожкі да сваёй Айчыны”.
Другі вядучы. Сапраўды. Думкі і разважанні, пачутыя ў творах, падштурхоўваюць нас задумацца над важнымі праблемамі. І найперш пра сапраўдны сэнс жыцця і нашу агульную будучыню.
Першы вядучы. Мне здаецца, што пара даць слова нашай госці.
Другі вядучы. Я згодны з табою. Хочацца хутчэй бліжэй пазнаёміцца і даведацца, як і калі прыйшло разуменне таго, што не архітэктура, а літаратура ваша прызванне?
Першы вядучы. Слова Вам, паважаная Людміла Іванаўна!
Пытанні да паэткі:
– Людміла Іванаўна, скажыце, калі ласка, да чаго больш ляжыць душа: да паэзіі, прозы, журналістыкі ці літаратурнай крытыкі?
– Людміла Іванаўна, раскажыце, калі ласка, як праходзілі здымкі фільма? Ці задаволены вы вынікам?
– Людміла Іванаўна, як ужываюцца ў адной сям’і два творчыя чалавекі?
– Пачытайце, калі ласка, свае любімыя вершы.
– Падзяліцеся, калі ласка, сваімі творчымі планамі…
Выказванне слоў падзякі за сустрэчу. Развітанне.