Мэты: садзейнічаць пашырэнню кругагляду і слоўнікавага запасу вучняў; развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, цікавасць да вывучэння роднай мовы; выхоўваць любоў і павагу да роднага слова праз знаёмства са спадчынай беларускага народа.
Таццяна РУДНЕВА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа аг. Пагранічны”
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэты:
– садзейнічаць пашырэнню кругагляду і слоўнікавага запасу вучняў;
– развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, цікавасць да вывучэння роднай мовы;
– выхоўваць любоў і павагу да роднага слова праз знаёмства са спадчынай беларускага народа.
Абсталяванне: аўдыязапіс песні “Спадчына”, “Полька беларуская”; карта Беларусі, партрэты Ф.Скарыны, Я.Коласа, Я.Купалы, Е.Полацкай; карткі для работы ў групах.
Ход мерапрыемства
1 Арганізацыйны момант
Настаўнік. Я вітаю тых: хто сёння з задавальненнем ішоў у школу; хто хоча добра ведаць родную мову; хто хваляваўся з розных прычын; хто любіць вучыцца; у каго добры настрой.
Я хачу, каб вам было цікава і весела на працягу ўсяго занятку.
2 Уступная гутарка
Цiха гучыць народная музыка.
Настаўнік. Сябры, наша сённяшняя сустрэча прысвечана самаму значнаму скарбу чалавека ‒ роднай мове.
– 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. А ці ведаеце вы, што ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў? На жаль, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.
– Мова ‒ душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова ‒ жыве народ, жыве i памяць продкаў. Няма роднай мовы ‒ няма народа, няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці.
– Як думаеце, ці доўга пражыве дрэва, калі ў яго абсякуць карані? (Адказы вучняў)
– А якім стане чалавек, калі ў яго забяруць родную мову? Абавязак кожнага чалавека нашай краіны ‒ любіць і шанаваць нашу родную беларускую мову. Вось чаму многія беларускія пісьменнікі і звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, а размаўлялі на беларускай мове.
– Сёння мы з вамі будзем размаўляць на беларускай мове, якую пяшчотна называем роднай, матчынай. Перасяленцы з іншых краін прынеслі з сабой сваю мову – рускую, польскую, украінскую, але нашай мовай застаецца беларуская. Роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Яго з пашанай называюць люстэркам культуры.
Падрыхтаваныя вучнi чытаюць вершы
Вучань 1.
Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай.
На паліцах – безліч кніг!
Тоўстых, тонкіх – розных самых,
Цэлы свет – у кніжках тых!
– Я куплю табе во гэту…
Гэту й гэту варта ўзяць…
Ты пра ўсе краіны свету
З гэтых кніжак будзеш знаць.
Пра Аўстралію, Аляску,
Чылі, Індыю, Кітай.
Пра Еўфрат во нават казка…
Толькі, сын, бяры чытай.
– О, як добра! Дзякуй, мама!
Я пра іх чытаць люблю.
Толькі б знаць хацеў таксама
Я й пра нашую зямлю.
Ты купі на мове нашай,
Беларускай, кніжку мне.
То ж айчыны нашай мова,
Мова прадзедаў, бацькоў.
У той мове што ні слова –
Дыямент жывы вякоў.
Ці паляк, ці грэк, ці швед там
Мова ў кожнага свая.
Як усе, хацеў бы ведаць
Мову родную і я.
К. Цвірка “У кнігарні”
Вучань 2.
Вы паслухайце родную мову:
Жаўруковаю песняй звініць…
Колькі фарбаў, адценняў у слове!
Як пявуча ліецца-гучыць!
Васількамі, рамонкамі шэпча
У квяцістых, раздольных лугах.
Гулкім рэхам гамоніць у зарэччы,
Салаўінаю трэллю ў гаях.
То шчымліва, журботна галосіць,
То вясёлкай над борам плыве.
Так у госці ласкава запросіць,
Так бяседу гасцінна вядзе!
Хай жа іскрыцца сонцам вясеннім,
Спелым коласам нівы шуміць!
У карагодзе кружыць вясельным
Веру, мова мая – будзе жыць!
Мілагучная і ласкавая!
Не згубілася ў цемры вякоў.
Мой святы пасаг, мая спадчына –
Мова родная, мова бацькоў!
Лідзія Полазава “Родная мова”
Настаўнік. Разгледзьце ўважліва воблака слоў. Якія ў ім есць словы? Якія з іх, на вашу думку, характарызуюць беларускую мову? (Мілагучная, родная, цікавая, вобразная, вольная, пявучая, любімая.)
– Мы, беларусы, ганарымся сваімі славутымі продкамі: Еўфрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім, Францыскам Скарынам. Нашы выдатныя пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч, Канстанцыя Буйло марылі аб незалежнай Беларусі з уласнай мовай і культурай і сваёй творчасцю, сваімі справамі набліжалі гэты час. Яны любілі наш край і гэтую любоў адлюстроўвалі ў вершах.
Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў…
I песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца, плывуць.
Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з шчасцем першым я спазналась
I з гора першаю слязой.
– На ўроках беларускага чытання мы з вамі прачыталі ўжо шмат вершаў. Я лічу вершы і творы адным са скарбаў роднай мовы. Як думаеце, чаму?
– І зараз я прапаную вам паўдзельнічаць у конкурсе “Пазнай твор па яго пачатку”.
1. Як выходзілі сябры
У дарогу на зары,
Бралі яны рэчы,
Клалі іх за плечы. (“Сябры ў паходзе”, Н.Гілевіч, 3-і клас)
2. Раненька,
на зорцы, на зары
Прыляцелі
Цёплыя вятры.
Сонца на блакіт снягоў
Прынеслі ‒
Зазвінелі ручайкі,
Як песні.(“Лісце прыляцела”, У.Карызна,3-і клас)
3. Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь! (“Дарагая Беларусь”, П.Броўка, 4-ы клас)
4. Песня і казка
Ходзяць у пары,
Сеюць на свеце
Дзівы і чары,
Будзяць спрасоння
Думкі дзіцячы,
Як той уранні
Промень свяцячы. (“Песня і казка”, Я.Купала, 4-ы клас)
– Паглядзіце, калі ласка, на малюнак. Што на ім адлюстравана? (Прыказка“Хто два зайцы гоніць, ніводнага не здагоніць”.)
– Так, наступны скарб нашай мовы – гэта прыказкі і прымаўкі. Імі багатая беларуская мова. Памерлі ўжо людзі, якія сказалі мудрыя словы, а прыказкі працягваюць жыць. Мы з вамі ведаем многа прыказак і прымавак. Давайце паспрабуем злучыць пачатак прымаўкі з яе канцом і растлумачыць сэнс.
Дзе рукі і ахвота ‒ | як сонца ўзыход. | |
Жаданая праца, | там вялікая работа. | |
З рамяством дружыць | то ў кожнай справе мёд пачуеш. | |
Як добра папрацуеш, | у жыцці не тужыць. |
– А цяпер я прапаную да малюнкаў падабраць фразеалагізмы. Што яны азначаюць?
Скласці зубы на полку |
Як курыца лапай |
Кот наплакаў |
Рабіць з мухі слана |
– Скажыце, а фразеалагізмы мы можам лічыць скарбам?
Гучыць беларуская музыка. У клас уваходзiць Гаспадынька.
Гаспадынька. Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі! Шчыра вас вітаю і здароўя ўсім жадаю! А ці любіце вы, дзеткi, гуляць? А якія гульні вам падабаюцца? (Адказы дзяцей)
– У духоўнай спадчыне нашага народа ёсць такія скарбы, якім суджана жыць стагоддзі і здзіўляць сваёй мудрасцю многія пакаленні. Сярод іх – беларускія народныя гульні. Прыйшлі яны да нас з глыбінь стагоддзяў. Гэтак жа, як песні і казкі, самабытныя народныя гульні перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жадаеце даведацца, у якія гульні гулялі вашы продкі? Нечым яны падобныя на сучасныя, нечым адрозніваюцца. Існуе шмат беларускіх народных гульняў. З некаторымі з іх прапаную вам сёння пазнаёміцца.
– Увага, пачынаем! Як называецца першая гульня, вы даведаецеся, калі адгадаеце наступную загадку.
Маленькія лапкі,
На лапках царапкі,
Ціхенька ступае,
Мышак выглядае. (Кот)
– Так, гульня называецца “У ката”. Але ж перад тым як пачаць гуляць, нам неабходна вывучыць лічылку, якой будзем выбіраць ката.
(Гаспадынька развучвае з вучнямі лічылку: “Раз, два, тры, чатыры, кошку грамаце вучылі: не чытаць, не пісаць, а за мышкамі скакаць”, – а затым расказвае ўмовы гульні)
Усе дзеці становяцца ў адзін рад, выбраны лічэннем “кот” становіцца насупраць. Удзельнікі скачуць і крычаць: “Тра-та-та, тра-та-та, не баімся мы ката!” “Кот” робіць выгляд, што не звяртае на іх увагі. Калі дзеці надта разыдуцца, “кот” кідаецца да іх. Усе заміраюць. Той, хто зварухнецца, пераходзіць да “ката”.
Гаспадынька. Адгадайце яшчэ адну загадку: “Што з зямлі капалі, смажылі, варылі, елі і хвалілі”. (Бульба.)
– Для гульні, якая называецца “Бульба”, нам неабходна падзяліцца на дзве каманды. Кожнай камандзе неабходна як мага хутчэй “пасадзіць” бульбу. Кожны ўдзельнік мае права пасадзіць толькі адзін клубень. Перамогу атрымоўвае тая каманда, у якой кошык хутчэй стане пустым. Дадатковая ўмова: перажываць і хвалявацца за каманду можна толькі на беларускай мове. Зразумелі? Тады пачынаем!!!!
Гульня “Адгадай, чый галасок”
Дзеці ўтвараюць круг. Адзін з iгpaкoў становіцца пасярэдзіне яго i закрывае вочы. Дзеці гавораць:
Сталі ў круг, i – раз – два – тры!
Павярнуліся, сябры!
На апошнія словы ўсе паварочваюцца вакол сябе i спяваюць:
А як скажам – скок, скок, скок…
Адгадай, чый галасок?
Словы “Адгадай, чый галасок?” ‒ гаворыць той, каму загадзя прапануе Гаспадынька. Той, хто стаіць у цэнтры з закрытымі вачыма, павінен адгадаць, хто сказаў словы “Адгадай, чый галасок?”. Той, каго пазналі, ідзе на сярэдзіну круга.
Гаспадынька. Малайцы, удзельнікі! Вы вельмі спрытныя і актыўныя. Адкажыце, дзеці, якія гульні вам сёння запомніліся? Ці спадабаліся яны вам? Да сустрэчы!
Настаўнік. Вось амаль скончылася наша мерапрыемства. Мы з вамі адкрылі некалькі скарбаў нашай беларускай мовы. Давайце ўспомнім якіх. Вывучаючы беларускую мову, вы зможаце даведацца і пра іншыя. Я жадаю кожнаму з вас назаўсёды захаваць у сваіх сэрцах гордасць, павагу і любоў да роднай мовы i да сваёй зямлі. Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, размаўляйце па-нашаму, размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах – і нашай мовай захочуць гаварыць іншыя.