З мэтай павышэння цікавасці да вывучэння нямецкай мовы ў 5–8-х класах, актывізацыі дзейнасці вучняў пры правядзенні ўрокаў аўтар практыкуе правядзенне нестандартных урокаў-квестаў.
Рэгіна ДРАВІЦА,
настаўнік нямецкай мовы
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Як захапіць сучасных вучняў сваім прадметам? Такое пытанне хвалюе многіх настаўнікаў і мяне ў тым ліку. Вось і вырашыла паспрабаваць правядзенне ўрокаў у выглядзе квестаў. Прыйшла да высновы, што такая форма апраўдана, і яе можна выкарыстоўваць, змяняючы нешта час ад часу.
З мэтай павышэння цікавасці да вывучэння нямецкай мовы ў 5–8-х класах, актывізацыі дзейнасці вучняў пры правядзенні ўрокаў практыкую правядзенне нестандартных урокаў-квестаў. Гэтую форму ўрокаў лепей праводзіць пры абагульненні вучэбнага матэрыялу, але магчыма і ў ходзе вывучэння тэмы на этапах замацавання. Такія ўрокі не толькі актывізуюць дзейнасць вучняў, але і садзейнічаюць развіццю памяці, лагічнага мыслення. Запамінанне вучэбнага матэрыялу праходзіць не праз завучванне, а праз практычнае атрыманне ведаў і іх выкарыстанне ў нестандартных сітуацыях.
Прапаную некалькі квестаў.
Тэма “Школа”, 6-ы клас
Для вучняў падрыхтавана чатыры заданні. Фотаздымак школы разразаю на чатыры часткі, кожная частка адпавядае заданню. На адваротным баку карткі напісана літара. Калі вучні выканаюць усе заданні, яны збяруць усе карткі і змогуць скласці слова. У мяне гэта слова SCHULE.
Карткі з нумарамі заданняў знаходзяцца ў “чароўным мяшочку”. Вучні выцягваюць нумарок, з адваротнага боку запісана падказка, дзе знаходзіцца канверт з заданнем. У мяне гэта словы (die Blume, die Tafel, der Schrank, der Stuhl). Вучні знаходзяць канверт, на якім змешчаны QR-код, сканіруюць яго, і атрымоўваюць заданне, якое імкнуцца як мага хутчэй выканаць. І так усе заданні па чарзе.
Калі ў класе некалькі груп, можна арганізаваць некалькі розных маршрутаў. У класе прысутнічае дух спаборніцтва, вучні вучацца працаваць у камандзе.
Заданні да квеста па тэме “Школа”
https://docs.google.com/document/d/1NR8wB9H22NR17BiQePCs5QtsqJcxyuWK/mobilebasic
Тэма “Урок замежнай мовы”, 7-ы клас
Карцінка для пазла са словамі “Wir lernen Deutsch“
https://docs.google.com/document/d/12xmrNrLphvCu6vbSCcxS64IRTFQBwZTz/mobilebasic
QR-кодам адкрываем кожнае заданне паасобку (QR-код змешчаны на кожным канверце). Заданні, а таксама іх колькасць можна прыдумаць самыя розныя – у залежнасці ад узроўню класа.