Малое залатое кальцо Ваўкавышчыны – ідэя стварэння турыстычнага маршрута па самых цікавых культурна-гістарычных аб’ектах Ваўкавыскага раёна.
Вера АРЛОЎСКАЯ,
настаўнік геаграфіі
ДУА “Сярэдняя школа №8 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць
Кожны з нас неаднаразова чуў словазлучэнне “Залатое кальцо Расіі”. Але ці ўсе ведаюць, што яно сабой уяўляе і адкуль узнікла?
Аўтар тэрміна – знакаміты ў мінулым літаратар і журналіст Юрый Бычкоў, які ў далёкім 1967 годзе напісаў і апублікаваў цэлую серыю нарысаў пад гэтай агульнай назвай. Тэрмін прыжыўся і стаў папулярным.
Малое залатое кальцо Ваўкавышчыны – ідэя стварэння турыстычнага маршрута па самых цікавых культурна-гістарычных аб’ектах Ваўкавыскага раёна, у якім знаходзіцца 39 аб’ектаў, занесеных у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. У тым ліку 21 аб’ект археалогіі, 7 аб’ектаў гісторыі (у асноўным брацкія магілы) і 11 аб’ектаў архітэктуры: сядзіба ў Красках, Падароску, Цеаліне, сядзібныя дамы ў Гнезна і Ваўкавыску і іншыя. А таксама цэрквы і касцёлы.
Адзнакі аб месцазнаходжанні самых значных культурна- гістарычных славутасцях нанесены на карту Ваўкавыскага раёна.
Па даных археалагічных раскопак, сядзібы вядомы на тэрыторыі Беларусі з XI–XII стст. Яны былі магутнымі гаспадарчымі сістэмамі і выключнай культурна-гістарычнай з’явай Ваўкавыскага краю. Уладальнікі сядзіб былі цудоўна адукаванымі, займаліся навукай, мастацтвам, вельмі многа зрабілі для Беларусі.
Сядзіба ў Красках
Сядзібна-паркавы комплекс канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца помнікам архітэктуры. Уся тэрыторыя сядзібы займае 50,2 гектара.
Сядзіба Булгарыных
Сядзіба была радаводным гняздом Булгарыных некалькі стагоддзяў. З сярэдзіны XIX стагоддзя сядзібай валодаў род Сянегаў, што пабудавалі на месцы аднапавярховага драўлянага дома сапраўдны палац у неагатычным стылі.
Сядзіба ў Падароску
Сядзібна-паркавы комплекс у Падароску быў заложаны ў другой палове XIX стагоддзя Раманам Бохвіцам. Яго жонка Альжбета з роду Чэчатаў прынесла маёнтак Падароск як пасаг свайму мужу, які заняўся перабудовай сядзібы ды і ўсяго жыцця ў маёнтку.
Бохвіцы
Сядзібны комплекс, размешчаны на правым беразе Зяльвянкі, уключае дом, парк, некалькі драўляных і каменных пабудоў. Парк, заложаны ў другой палове XIX стагоддзя складаецца з дзвюх частак, партэрнай, перад сядзібным домам, і пейзажнай, у паўночнай частцы сядзібы, якія аб’яднаны перпендыкулярнымі алеямі. Да гэтых пор ходзяць легенды, што былы гаспадар у адным са слупоў агароджы пад дэкаратыўнай верхавінай схаваў частку сваіх зберажэнняў.
Сядзіба ў Гнезна
Усходняя частка сучаснай вёскі – гэта тэрыторыя былой сядзібы. Тут да сённяшняга часу захавалася некалькі каменных жылых і гаспадарчых XIX стагоддзя, а галоўнае – панскі дом, размешчаны на беразе Нятупы.
Сядзіба ў Цеаліне
У 1750 годзе гаспадар маёнтка Стэфан Грабоўскі так назваў яго ў гонар сваёй жонкі Тэолы. Сядзібны дом, дакладней вялікую рэзідэнцыю з двума флігелямі ў Цеаліне пабудаваў у канцы XVIII стагоддзя Томаш Грабоўскі.
Сядзіба ў Росі
Самыя першыя згадкі аб панскай сядзібе ў Росі адносяцца яшчэ да XVI стагоддзя. Вядома, што ў 1569 годзе Аляксандрам Хадкевічам побач са старым дваром ужо быў пабудаваны вялікі новы дом на каменным фундаменце. З былых пабудоў засталося 4 дамы, кухня, пякарня, піваварня, 2 стайні, «чорная» і «белая» лазні. Плошча ўсёй памешчыцкай гаспадаркі складала каля 6000 м.кв.
Сядзіба ў Мачуліна
У XVIII стагоддзі Стэфан Алендскі, самы багаты са свайго роду, пабудаваў у Мачуліна рэзідэнцыю і заклаў вялікі парк. Сядзібны дом быў пабудаваны з лістоўніцы ў стылі барока і класіцызму:на высокім падмурку, двухпавярховы ў цэнтральнай часты з порцікам на чатырох калонах і трохвугольным франтонам.
Сядзіба Нямейкі ў вёсцы Дубаўцы
У канцы XIX стагоддзя будынак належаў мясцоваму жыхару Зубялевічу. Гавораць, пан Зубялевіч быў не вельмі багаты, трымаў усяго чатыры каровы. Многія сяляне працавалі на Зубялевіча. У 1939 годзе Зубялевіча раскулачылі, і да вайны пра яго нічога не было вядома. Падчас вайны ён зноў вярнуўся ў вёску, а ў хуткім часе пасля перамогі выехаў у Польшчу.
Гісторыя беларускай зямлі пакідае сённяшняму пакаленню нямала “белых плям”. Зараз на Беларусі дастаткова месцаў, якія лічацца асноўнымі культурнымі цэнтрамі, “жамчужынамі” рэспублікі. Многія з іх аблашчаны ўвагай турыстаў, а другія толькі чакаюць свайго часу. Вось і пра тое, што на Ваўкавыскай зямлі ёсць каштоўнейшыя гістарычныя сядзібы, ведае далёка не кожны жыхар або госць краіны.