11 снежня ў 3 “А” класе Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната прайшло выхаваўчае мерапрыемства “Зімовы калейдаскоп”.
Так педагогі хацелі пашырыць уяўленні дзяцей пра традыцыі ўпрыгожвання ёлкі да Новага года і пра свята Новы год. Задача мерапрыемства была ў развіцці ўмення аналізаваць, супастаўляць, параўноўваць, прыводзіць прыклады, выдзяляць галоўнае, усталёўваць прычынна-следчыя сувязі, а таксама выхоўваць у навучэнцаў беражлівыя адносіны да захавання традыцый і звычаяў беларускага народа.
На працягу мерапрыемства выхаванцы разгадвалі загадкі, звязаныя з зімовым надвор’ем, расказвалі вершы пра зіму, састаўлялі з пазлаў малюнкі, складалі прыказкі і прымаўкі пра зіму і зімовае надвор’е. Падчас фізкультхвілінкі гулялі ў зімовыя забавы, якія не толькі дастаўляюць дзецям незвычайную радасць, але і прыносяць карысць для здароўя.
У нашай установе навучаюцца асаблівыя дзеці, таму, здавалася б, простае мерапрыемства, несла ў сабе глыбокі сэнс. Яно было накіравана на фарміраванне камунікатыўных навыкаў, а гэта перш за ўсё ўменне данесці сваю думку да іншых, а таксама навыкаў узаемадзеяння ў парах, калі дзеці здольныя слухаць і чуць адно аднаго, прымаць пазіцыю іншага, прыходзіць да агульнага меркавання.
Вольга РАДЧАНКА,
выхавальнік Навагрудскай
спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця,
цяжкасцямі ў навучанні