Сакрэты гліны пазналі дашкольнікі з Дзятлава

- 19:29ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Работа па азнаямленні дзяцей з глінай у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава ажыццяўлялася ў межах пазнавальна-даследчага праекта “Сакрэты гліны”. Дзейнасць у межах праекта садзейнічала павышэнню пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў, развіццю цікавасці, даследчых уменняў, творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы.

Прырода – найважнейшы сродак пазнаваўчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. Сваёй навізной, разнастайнасцю, дынамічнасцю яна выклікае ў выхаванцаў цікавасць, дапытлівасць, жаданне пазнаваць яе таямніцы. Адной з таямніц прыроды з’яўляецца гліна.

Праект уключаў розныя формы і метады работы з дзецьмі, прадугледжваў штодзённую дзейнасць з выкарыстаннем назіранняў, экскурсій і даследаванняў, наглядных сродкаў, гульняў, твораў мастацкай літаратуры і фальклору, выяўленчай дзейнасці. Так, дзеці пазнавалі, дзе і як знаходзяць гліну, параўноўвалі яе з глебай і пластылінам у працэсе экперыментаў, бліжэй пазнаёміліся з ганчарствам, асаблівасцямі працы дарослых па вырабе прадметаў з гліны.

З вялікай цікавасцю слухалі яны пра творчасць свайго земляка, беларускага мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага, і разглядалі яго работы на выставе ў гарадскім музеі.

Гліна – вельмі прыемны матэрыял для лепкі. Ствараючы гліняны выраб, мы аддаём цяпло сваіх рук, настрой. Работа з аднатоннай і падатлівай глінай дазваляе фарміраваць у выхаванцаў уяўленні пра яе сродкі выразнасці (аб’ём, форма, дынамізм, фактура), развіваць уменні ствараць прадметныя і дэкаратыўныя вырабы, камбінаваць прыёмы і спосабы лепкі. Падчас лепкі з гліны ў дзяцей развіваецца дробная маторыка рук, мысленне, уяўленне, яны знаёмяцца з асаблівасцямі і якасцямі гліны.

Праект прадугледжваў сумесную дзейнасць “выхаванцы – педагогі – бацькі”, што ўмацавала партнёрскія ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэса.

У выніку праекта педагогі разам з дзецьмі аформілі фотаэкспазіцыі “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы земляка М.Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”; распрацавалі гульні-лато “Нежывая прырода”, “Мастацкія вырабы”; падрыхтавалі драматызацыю верша А.Дзеружынскага “Радзіма” з глінянымі медальёнамі і фігуркамі. А бацькі былі ўдзельнікамі падрыхтоўкі буклетаў “Гатуем у гліняным посудзе”, міні-выставы “Хатнія вырабы з гліны”.

Спадзяёмся, што педагогі, дзеці і бацькі добра пазналі ўсе сакрэты гліны.

Ларыса БАЛБУНОВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий