Эканамічная дасведчанасць з маленства

- 9:42ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Напэўна, да кагосьці прыдуць сумненні, ці могуць выхаванцы дзіцячага сада сябраваць з такім, на першы погляд, недзіцячым тэрмінам. Завітайце ў групу Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы – і вы ўпэўніцеся ў адваротным.

Нягледзячы на ўзрост, нашы дзеці ідуць у нагу з патрабаваннямі часу і растуць добра дасведчанымі ў аспектах эканамічнага выхавання. Свае першыя крокі ў свет эканомікі яны ўжо зрабілі ў сям’і, дзе ўпершыню ўбачылі сапраўдныя грошы, усвядомілі той факт, што мамы і таты ідуць на працу і атрымліваюць там зарплату, за якую пасля сумесна здзяйсняюць пакупкі для ўсіх членаў сям’і. А ў дзіцячым садзе гэты назапашаны вопыт замацоўваюць у час любімай усімі дзецьмі гульні “Магазін”, дзе “купляюць” і “прадаюць”, “расплачваюцца” за пакупкі “грашыма” і банкаўскай карткай. Ну хіба ж гэта не эканоміка?

Выхавальнікі з дапамогай гульняў, эканамічных задач, абмеркавання твораў мастацкай літаратуры ўводзяць дзяцей у складаны свет прадметаў, рэчаў, чалавечых узаемаадносін. Мы вырашаем эканамічныя пытанні пры рашэнні матэматычных задач, азнаямленні з навакольным светам, пры чытанні казак. І найлепшы вынік нашай працы ў тым, што дзеці правільна выкарыстоўваюць атрыманыя веды. На прыкладзе размеркавання грошай на пакупкі дзеці замацоўваюць уменне складаць, адымаць; у іх фарміруюцца ўяўленні пра рэальны кошт рэчаў і паслуг; яны ўмеюць выбраць паміж карысным і шкодным, паміж неабходным і тым, што можа пачакаць. Мы замацоўваем і ўдакладняем уяўленні дзяцей пра свет эканамічных з’яў і тэрмінаў у дыдактычных гульнях “Кім быць?”, “Сямейны бюджэт”, “Мае пакупкі”, “Абмен”. Зрабіць эканоміку зразумелай дапамагаюць сюжэтна-ролевыя гульні “Супермаркет”, “Будаўніцтва дома”, “Цырульня”, “Атэлье”. У час спецыяльна арганізаванай дзейнасці мы знаёмім дзяцей з прафесіямі, дапамагаем зразумець ролю працы ў жыцці чалавека, выхоўваем беражлівыя адносіны да рэчаў і прыродных рэсурсаў.

Эканамічнаму выхаванню садзейнічае знаёмства з прамысловымі цэнтрамі і прадпрыемствамі нашага краю. Мы праводзім гутаркі пра гісторыю паходжання грошай, пра тое, куды можна патраціць грошы, як трацяць іх у сям’і. Уся наша праца робіць працэс пазнання эканомікі цікавым і даступным, таму што мы размаўляем з дзецьмі на зразумелай ім мове. Упэўнена, што нашы выхаванцы вырастуць эканамічна дасведчанымі.

Ала ПАЎЛОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий