Чарговая сесія маладзёжнага парламента сабрала актыўных, мэтанакіраваных, неабыякавых прадстаўнікоў моладзі Бераставіцкага раёна, гатовых ініцыяваць новыя праекты і напаўняць жыццё аднагодкаў новымі цікавымі справамі.
10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека маладыя парламентарыі Бераставіччыны ў анлайн-фармаце абмеркавалі свае правы і абавязкі, акцэнтаваўшы ўвагу на магчымасці ўдзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі маладзёжных праграм і праектаў, абменьвацца з аднагодкамі інфармацыяй і ідэямі.
Падчас правядзення “Кірмашу маладзёжных ідэй” кожны ўдзельнік сустрэчы змог рэалізаваць сваё права аналізаваць, прапаноўваць, выказваць уласны пункт гледжання і быць пачутым. Вынік–новыя ініцыятывы для рэалізацыі на 2021 год: правядзенне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, вывучэнні і рэкламе славутасцей малой радзімы, актывізацыі спартыўна-масавай работы, розныя творчыя і забаўляльныя праграмы, развіццё дыстанцыйных форм узаемадзеяння моладзі, якія спрыяюць самаадукацыі і самаразвіццю. Напярэдадні надыходзячых свят Каляд і Новага года маладзёжныя лідары прапанавалі прыняць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх акцыях “Нашы дзеці” і “Цуды на Каляды” і арганізаваць віншаванне са святамі ўсіх дзяцей і дарослых, якія маюць патрэбу ў клопаце і ўвазе, у тым ліку падрыхтаваць і разаслаць усім святочнае відэавіншаванне.
Падчас дыялогу “Мае правы, мае абавязкі” школьнікі яшчэ раз сумесна прыйшлі да высновы, што кожны юны грамадзянін мае не толькі пэўныя правы: на адукацыю, ахову здароўя, свабоду, жыццё ў сям’і. Ён павінен памятаць і пра свае абавязкі: клапаціцца пра бацькоў, паважаць правы і інтарэсы іншых грамадзян, традыцыі і культурныя каштоўнасці беларускага народа, іншых нацый і народнасцей, авалодваць ведамі і рыхтавацца да самастойнай працоўнай дзейнасці.
Завяршыўся дыялог стварэннем сінквейна на тэму “Маё права. Мой выбар. Мая адказнасць”. Удзельнікі сустрэчы ў творчай форме прадставілі сваё бачанне правоў і абавязкаў кожнага юнага грамадзяніна краіны, адзначылі важнасць і неабходнасць удзелу моладзі ў розных сацыяльных праектах.
Таццяна ТАБЕРКА,
дырэктар
Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі