Баль таленавітай моладзі

- 15:24МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Каля 50 юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Магілёўшчыны сталі ўдзельнікамі абласнога навагодняга балю для вучнёўскай і студэнцкай моладзі.

 

Удзельнікі балю – лепшыя прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рэгіёну. Кожны з іх ужо дасягнуў значных поспехаў у пэўным напрамку. Адны маладыя людзі з’яўляюцца выдатнікамі вучобы, пераможцамі алімпіяд, другія бліскуча праяўляюць сябе ў творчасці, выступаючы на прэстыжных фестывалях і конкурсах, дэманструюць спартыўныя рэкорды, паспяхова займаюцца навуковай ці грамадскай дзейнасцю. Навагодні баль стаў для моладзі своеасаблівым падарункам за працавітасць і стараннасць, падтрымкай іх дасягненняў, матывацыяй на заваяванне новых вышынь.

З надыходзячымі святамі адоранную моладзь шчыра павіншаваў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч.

– На сённяшнюю ўрачыстасць з’ехаліся лепшыя прадстаўнікі магілёўскай моладзі. Вы – наша будучыня, эліта нашага грамадства. Няхай ажыццявіцца ўсё, пра што вы марыце, няхай у вас будзе яшчэ больш значных здзяйсненняў. У добры шлях! – пажадаў Анатоль Васільевіч.

– Мы акунуліся ў чароўную атмасферу цудоўнай навагодняй урачыстасці. Вельмі значна, што ў нашай краіне аказваецца ўсебаковая падтрымка моладзі. Адчуваючы гэты клопат, хочацца развівацца, павышаць свае веды, працаваць на карысць нашай роднай Беларусі, – адзначыла ад імя ўсіх удзельнікаў балю студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Наталля Сіранкова.

 

І вось пачаўся баль. У Палацы культуры вобласці загучалі рытмы вальса, полькі, паланэза. Урачыста закружыліся ў танцы юныя дамы і кавалеры. Музыку змянялі вакальныя выступленні і гульні.

Са святамі таленавітую моладзь рэгіёну павіншавалі і галоўныя навагоднія персанажы – Дзед Мароз і Снягурка. Напрыканцы мерапрыемства кожнаму маладому чалавеку ў якасці падарунка былі ўручаны салодкія прысмакі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий