У рамках праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” вучні 8 – 11-х класаў Кукаўскай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна сустрэліся з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Н.У.Здрок, з якой пагаварылі пра самае дарагое – малую радзіму.
Нашым вучням пашчасціла нарадзіцца ў вёсцы Кукава Ганцавіцкага раёна. Ёй прысвячаўся першы блок мерапрыемства “Гісторыя малой Радзімы – гісторыя лёсаў людзей”, у межах якога адкрыўся віртуальны музей гісторыі аграгарадка Кукава “Тут маё сэрца”.
Настаўнікі, дзеці і бацькі правялі вялікую сумесную работу па зборы матэрыялаў, якія леглі ў аснову музейнай экспазіцыі. Вучні-экскурсаводы азнаёмілі з ёй наведвальнікаў з дапамогай QR-кодаў. Н.У.Здрок падзялілася ўражаннямі ад убачанага, расказала пра сваю малую радзіму – вёску Люсіна, падзялілася самымі яркімі ўспамінамі пра яе.
Асаблівасць створанага музея ў тым, што наведвальнікам неабавязкова прыходзіць ва ўстанову адукацыі. Яны могуць наведаць яго віртуальна, праз школьны сайт, пакінуць там водгукі, падзяліцца дакументамі, фотаздымкамі і ўспамінамі пра вёску.
У тым, што Беларусь – прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі гарадамі, дагледжанымі сельскагаспадарчымі ўгоддзямі і багатай прыродай, вучні пераканаліся ў блоку “Дасягненні суверэннай Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця”, дзе былі паказаны прамысловыя і сацыяльныя аб’екты дзяржавы, запамінальныя мерапрыемствы з нагоды Года малой радзімы.
Разглядаючы блок “Марафон добрых спраў – наш уклад у развіццё малой радзімы”, вучні ўспомнілі, што зрабілі для сваёй малой радзімы, які ўклад унеслі ў яе развіццё і што яшчэ могуць зрабіць у будучыні.
Азнаёміўшыся з матэрыяламі праекта “З гонарам у сэрцы”, падрыхтаванага БелТА, дзеці ўявілі сябе рэжысёрамі і аператарамі, якія здымаюць фільм пра малую радзіму.
Завяршылася сустрэча пранікнёнымі словамі паэта Сяргея Грахоўскага: “Жыві, шукай, усё рабі як след, каб на Радзіме твой свяціўся след…”
Таццяна ВОЛАХ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Кукаўскай сярэдняй школы
Ганцавіцкага раёна