Кожны месяц рэспубліканскі праект“ШАГ” збірае старшакласнікаў устаноў адукацыі. Лельчыцкая раённая гімназія не выключэнне, яна таксама стала месцам пошуку адказаў на важныя пытанні пра тое, што такое Радзіма для чалавека, што азначае быць грамадзянінам сваёй краіны і інш.
У адным з праграмных вершаў Някрасаў пісаў: “Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан…”. Напэўна, складана стаць паэтам, бо гэты талент дадзены не кожнаму. Быць грамадзянінам, калі спасылацца на значэнне слова, здаецца, проста. Чалавек мае грамадзянства дзяржавы, карыстаецца правамі, прадугледжанымі законам, і мае абавязкі перад грамадствам. Так думалі і мы, пакуль не сталі ўдзельнікамі праекта “ШАГ”. Незвычайнага, сучаснага і, як паказала практыка, паспяховага.
“Я родным краем ганаруся, і ведаю – я не адзін” – пад такой назвай прайшла снежаньская сустрэча старшакласнікаў у рамках праекта. Гасцямі мерапрыемства сталі загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лельчыцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Давыдзенка і бібліятэкар Таццяна Дашкевіч. У працэсе гутаркі з імі дзевяцікласнікі зацвердзіліся ў думцы: грамадзянінам быць абавязаны.
“У кожнага з нас свая дарога ў жыцці, свой шлях, але няхай у нашых сэрцах жыве любоў да роднай зямлі, краіны, вуліцы, на якой вы жывеце. Менавіта з гэтага пачынаецца разуменне таго, што ты грамадзянін і жыхар незвычанай краіны”, – звярнулася да прысутных намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Дашкевіч.
Тэму чарговай сустрэчы мы разгледзелі па кроках.
Крок першы. Разважаем. Што такое Радзіма? Дзевяцікласнік Аляксандр Хамутоўскі падсумаваў думкі равеснікаў: “Гэта месца, куды хочацца вяртацца, калі з’ехаў. Гэта горад ці вёска, якім трэба дапамагчы, калі ты можаш гэта зрабіць. І краіна, на развіццё якой трэба аддаваць час і сілы”. Хлопца падрымаў яго сябар Арцём Бараноўскі: “Крочыць па жыцці можна звычайна, а можна назіраючы за ім. Зараз адбываецца менавіта апошняе. Мы паглыбляемся ў гісторыю, успамінаем поспехі і радуемся за зёмлякоў, з якіх хочацца браць прыклад, – адзначыў вучань. – Я сам хацеў бы стаць спецыялістам у спартыўнай галіне, увайсці ў лік людзей, якія змогуць прадстаўляць Гомельшчыну ў спорце”.
Крок другі. Даведваемся, дзівімся, натхняемся. Прысутных здзівіла дзевяцікласніца Мілана Коркуць. Гімназістка прадставіла аднакласнікам і гасцям факты паспяховага развіцця прадпрыемстваў краіны і Лельчыцкага раёна. “Дасягненні суверэннай Беларусі ў сферах грамадскага жыцця здзіўляюць. Дзейнасць ільнокамбінатаў Оршы – экалагічная і прыбытковая. Прадукцыя “Бабулінай крынкі” ў Магілёве – прэзентабельная і смачная, брэсцкага “Савушкавага прадукту”– канкурэнтаздольная. Гомель, аказваецца, спартыўны, – заўважыла Мілана. – Лельчыцы – пасёлак, на тэрыторыі якога сёлета нарыхтавана 156 тысяч кубаметраў драўніны, аб’ём экспарту якой склаў 1 446,6 тысячы долараў. Адным словам, кожны населены пункт уносіць свой уклад у развіццё краіны. За пералічаным –штодзённая зладжаная праца звычайных грамадзян, на плячах якіх – адказнасць за сучаснасць і будучыню Беларусі”.
Крок трэці. Дзейнічаем. Візіт Людмілы Давыдзенка пераканаў: неабходна браць прыклад з землякоў. Што можа зрабіць звычайны школьнік? Напрыклад, стаць удзельнікам праекта па ахове навакольнага асяроддзя, увайсці ў склад валанцёрскага атрада ці маладзёжнай арганізацыі, паўдзельнічаць у “Марафоне добрых спраў”.
Вынікі падведзены. Грамадзяне, на думку гімназістаў, не проста гараджане. Як высветлілася, быць грамадзянінам –значыць быць чалавекам, які ўмее не толькі разважаць. Трэба мець веды, набываць навыкі, вучыцца дзейнічаць; быць актыўным, праяўляць ініцыятыву, умець пераконваць; не ігнараваць абавязкі. Усё няпроста. Грамадзяніна ў сабе трэба гадаваць, выхоўваць, таму што, па словах класіка, кожны абавязаны ім быць.
А напярэдадні навагодніх свят навучэнцы Лельчыцкай гімназіі наведалі дзіцячае аддзяленне Лельчыцкай раённай бальніцы. Запрасіўшы з сабой Дзеда Мароза і Снягурку, павіншавалі малых і іх матуль з надыходзячымі святамі, папоўнілі гульнявы пакой медыцынскай установы. Дзеці падарылі візіцёрам столькі нечаканых эмоцый, што гімназісты вырашылі: марафон неабходна працягнуць, таму што, робячы дабро, у адказ атрымліваеш яго значна больш.
Наталля ЛІСІЦКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Лельчыцкай раённай гімназіі