Наталля ГАРЧЫЧКО,
кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі “ЦветОК”,
Галынкаўскай сярэдняй школы
Зэльвенскага раёна
У Галынкаўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна другі год дзейнічае бізнес-кампанія “ЦветОК”, якая займаецца вырошчваннем шматгадовых раслін і іх рэалізацыяй.
На пачатак 2021 года кампанія выйшла з нядрэнным фінансавым прыбыткам, дзякуючы якому ў школу былі закуплены жалюзі, абноўлена камплектацыя кабінета інфарматыкі. Аднак, на мой погляд, як кіраўніка школьнай бізнес-кампаніі, гэты аспект не з’яўляецца галоўным у развіцці прадпрымальніцкай справы. Нездарма псіхолагі сцвярджаюць, што немагчыма атрымліваць асалоду ад жыцця, арыентуючыся толькі на матэрыяльны прыбытак. Маральнае задавальненне знаходзіцца побач з матэрыяльнымі дабротамі, часта ідзе паралельна з імі. Таму важным крытэрыем эфектыўнасці я лічу развіццё крэатыўнасці вучняў. Калі дзіця пачынае праяўляць уласную ініцыятыву, генерыраваць ідэі развіцця агульнай справы, значыць, бізнес-кампанія становіцца для яго надзённай, патрэбнай часткай школьнага жыцця, спосабам самарэалізацыі. Для падлеткаў важна, што іх ідэі прымаюцца, знаходзяць падтрымку ў суполцы, а значыць, расце і адчуванне ўласнай годнасці, аўтарытэту. Прыкладам такіх ініцыятыў у нашай школе сталі аўтарскія кветнікі і кампазіцыі, якія стваралі старшыя класы, выкарыстоўваючы вырашчаную на школьным участку кветкавую прадукцыю.
У гэтым годзе, назапасіўшы пэўны вопыт кветкаводства, наша бізнес-кампанія стала ўкараняць элементы сацыяльнага прадпрымальніцтва. У канцы лета вучні абмеркавалі магчымыя аб’ёмы рэалізацыі кветак і прыйшлі да высновы, што частка прадукцыі можа застацца нерэалізаванай. Мы арганізавалі мазгавы штурм, і ў выніку сумесных абмеркаванняў нарадзіліся дабрачынныя акцыі, часткай якіх павінны былі стаць нашы кветкі.
Першая акцыя “Дзякуй, настаўнік” была праведзена ў канцы верасня. Вучні падарылі кожнаму пенсіянеру-настаўніку і былым работнікам школы па вялікім кусце хрызантэм для наступнай пасадкі на ўласнай сядзібе. Такія кветкі не завянуць праз тыдзень, а будуць радаваць гаспадароў кожны сезон.
Другая акцыя адбылася ў канцы кастрычніка. Удзельнікі бізнес-кампаніі падарылі сельскаму Савету і сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву “Галынка” каля сарака кустоў шматгадовых кветак для афармлення клумб перад будынкамі.
Частку прадукцыі вучні перадалі для аздаблення тэрыторыі храмаў Святога Архангела ў вёсках Сынкавічы і Вострава.
Апошняй сацыяльнай акцыяй, рэалізаванай ў 2020 годзе, стаў снежаньскі марафон “Павіншуем медыкаў разам”. З лазовых галінак і шышак вучні сплялі калядныя вяночкі, аздобіўшы іх засушанымі кветкамі, ёлачнымі цацкамі і лентамі. Усе вяночкі былі адпраўлены на продаж мясцоваму насельніцтву, а на выручаныя сродкі закупілі салодкія падарункі для медыцынскіх работнікаў, якія працуюць у “чырвонай зоне”, лечаць пацыентаў з COVID-19. Такіх супрацоўнікаў у раённай бальніцы аказалася 45 чалавек. Напярэдадні Новага года да іх адправіліся Дзед Мароз і Снягурка і перадалі ад вучняў цукеркі, віншаванні, падзяку і словы падтрымкі ад усіх грамадзян, якія сутыкнуліся з хваробай.
Такія сацыяльныя акцыі, на наш погляд, фарміруюць у вучняў прадстаўленне пра тое, што прадпрымальніцтва можа прыносіць карысць не толькі таму чалавеку, які распачаў уласную справу. Любы бізнес-праект здольны паляпшаць жыццё навокал, несці ў свет дабрыню. І менавіта на такія праекты ахвотна адклікаюцца спонсары, грантавыя арганізацыі і краўдфандынгавыя платформы. Нездарма вядомы англійскі прадпрымальнік Рычард Брэнсан, адзін з самых багатых жыхароў сваёй краіны, гаворыць: “Кожны бізнесмен адказвае і за людзей, і за планету”.