Рэалізацыя ў Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў” (2016–2020) дазволіла зрабіць выснову пра тое, што сацыяльная актыўнасць падлеткаў найбольш эфектыўна фарміруецца ў валанцёрскай дзейнасці, ва ўмовах падтрымкі дарослымі добраахвотніцкай ініцыятывы падлеткаў на карысць ўсіх членаў грамадства.
Калектыў школы распрацаваў інавацыйныя падыходы да фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці, сацыяльных установак асобы, якія паспрыялі фарміраванню адказнасці навучэнцаў за свой дабрабыт, дабрабыт сваёй сям’і, землякоў. Была арганізавана работа узаемазвязаных выхаваўчых цэнтраў, якія аб’ядналі намаганні ўстановы адукацыі з сацыяльнымі аб’ектамі пасёлка і забяспечылі ўдзел школьнікаў у грамадскім жыцці мясцовай супольнасці.
У кампетэнцыю каардынацыйнага цэнтра “Сузор’е” уваходзіла выбудоўванне ўзаемаадносін і наладжванне эфектыўнай работы з прадстаўнікамі мясцовай улады, развіццё вучнёўскага самакіравання, аб’яднанне намаганняў пяці валанцёрскіх атрадаў. Падлеткі, якія ўваходзілі ў склад цэнтра, каардынавалі сацыяльна значную дзейнасць, аказвалі кансультацыйную дапамогу, праводзілі навучанне валанцёраў, выконвалі іншую работу.
Для стварэння адзінага інфармацыйнага асяроддзя дзейнічаў прэс-цэнтр. Члены гэтага аб’яднання займаліся асвятленнем работы валанцёраў у сацыяльных сетках “Instagram” і “Укантакце”, папулярызацыяй валанцёрскай дзейнасці ў СМІ. Прэс-цэнтр дапамагаў і павышэнню медыя-кваліфікацыі падлеткаў, развіццю іх творчых здольнасцей. Нам дапамагаў калектыў “Свіслацкай газеты”. Для актывістаў школьнага прэс-цэнтра была праведзена серыя заняткаў па тэмах “Развіццё блока відэа ў школьным прэс-цэнтры”, “Асновы фота” і “Асновы рэдактуры тэксту”.
“Клопат” – школьны выхаваўчы цэнтр па пасільнай дапамозе ветэранам вайны, інвалідам, адзінокім састарэлым людзям. У цэнтры існавала некалькі штабоў для навучэнцаў рознага ўзросту, кожны з якіх меў свае асаблівасці, атрыбутыку, структуру і кірунак дзейнасці. У новым фармаце пры выбары кірунку дзейнасці было вырашана ажыццяўляць індывідуальны падыход да кожнага патэнцыяльнага валанцёра не па ўзроставай, а па матывацыйнай прымеце: шчырае жаданне аказаць дапамогу, праявіць асабістыя якасці (эмпатыя, міласэрнасць, працавітасць). Для прыцягнення добраахвотнікаў прайшла піяр-кампанія дзейнасці валанцёраў, дзе распаўсюджвалася прома-прадукцыя (інфармацыйныя лістоўкі, візітныя карткі валанцёраў і інш.).
Удакладненне валанцёрамі дадзеных пра пажылых людзей, якія паступілі з цэнтра сацыяльнай абароны, дазволіла з агульнага спісу вылучыць 272 падшэфных, якія маюць патрэбу ў дапамозе. За кожным з іх замацаваны валанцёрскія атрады. Для больш глыбокага вывучэння праблем праводзіліся сустрэчы і тэлефонныя кансультацыі з прадстаўнікамі Поразаўскага сельскага савета, найбліжэйшым асяроддзем падшэфных, вывучаліся іх запыты.
Прома-акцыя “Дапамога – побач!” дапамагла ў наладжванні кантактаў, выбары падлеткамі канкрэтных відаў дапамогі ў адпаведнасці з магчымасцямі і інтарэсамі. Асабістая зацікаўленасць валанцёраў у павышэнні эфектыўнасці вынікаў сваёй дзейнасці тут настолькі высокая, што яны прыцягваюць да яе не толькі аднагодкаў, але бацькоў і аднавяскоўцаў. Бо просьбы па запытах падшэфных – наладзіць тэлевізар, навучыць асновам камп’ютарнай дасведчанасці, удакладніць правілы выкарыстання бытавой тэхнікай і інш. – самыя папулярныя сярод пажылых людзей.
Іншая група валанцёраў была матывавана падтрыманнем атмасферы душэўнасці, наладжвання да дыялогу людзей старэйшага ўзросту. Значныя даты ў жыцці нашых падапечных –прафесійныя святы, дні нараджэння, дзень пажылых людзей і інш. – час, калі падшэфныя асабліва маюць патрэбу ва ўвазе. У супрацоўніцтве з работнікамі Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу валанцёры арганізуюць тэматычныя канцэртныя праграмы, у якіх задзейнічаныя і школьнікі, і самі пажылыя людзі. Зрабіць святочныя дні асаблівымі дазваляе і прома-прадукцыя (паштоўкі, сувеніры і інш.), вырабленая навучэнцамі.
Валанцёры прапанавалі арганізаваць гарачую лінію. Такая сувязь набыла асаблівую актуальнасць з вясны 2020 года, калі многія пажылыя людзі на час вырашылі ўстрымацца ад наведвання магазінаў, аптэкі, амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, бібліятэкі і іншых шматлюдных месцаў.
Выхаваўчы цэнтр “Прасоўванне” дасягаў сваіх мэт паэтапна. Спачатку была арганізавана падрыхтоўка валанцёраў-лідэраў для работы ў асяроддзі аднагодкаў, здольных да ўкаранення сацыяльных праектаў, мерапрыемстваў, акцый. Трэнінгі спрыялі фарміраванню ўмення весці канструктыўны дыялог, развіццю лідэрскіх якасцей, навыкаў мэтавызначэння і планавання.
Затым валанцёры-лідэры пачалі прымаць удзел у пасяджэннях выканкама і сесіях Поразаўскага сельскагаСавета дэпутатаў, кансультавацца з прадстаўнікамі мясцовай улады для пошуку найбольш прадукцыйных шляхоў вырашэння праблем адзінокіх пажылых, інвалідаў і іншых катэгорый вяскоўцаў. Пасля некалькіх пасяджэнняў прадстаўнікі мясцовай улады ўжо не толькі інфармавалі падлеткаў пра патрэбы мясцовай супольнасці, але і кансультаваліся з імі пра шляхі вырашэння, прыслухоўваючыся да іх думак.
Прыкладаў ўплыву канструктыўнага дыялогу на пераадоленне ізаляванасці падлеткаў, іх большую актыўнасць і інфармаванасць, добраахвотную ўцягнутасць у розныя аспекты жыцця мясцовай супольнасці нямала. Так, пры рэалізацыі першага праекта “Ад хаты да хаты” па вырашэнні праблем дастаўкі заказаў і іншых відаў абслугоўвання валанцёры былі дэталёва праінфармаваны, іх абавязкі дакладна вызначаны. У выніку вучні не толькі вырабілі адрасныя шыльды з нумарацыяй, але і размясцілі іх на фасадах дамоў, што значна палегчыла работу супрацоўнікаў аддзялення сувязі і іншых структур.
Наступны этап развіцця партнёрскіх узаемаадносін: ініцыятыва – падлеткаў, рашэнні – сумесныя, калі моладзь прыдумляе праект, а затым рэалізуе яго пры падтрымцы дарослых. Так па ініцыятыве валанцёраў у супрацоўніцтве з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва інваліды аддаленых населеных пунктаў забяспечаны хадункамі, іншымі прыладамі.
“Абарона сваімі рукамі” – гэта кароткатэрміновы праект. Валанцёры вырабілі і распаўсюдзілі сярод людзей сталага ўзросту 500 ахоўных масак. Гэта быў першы праект, цалкам рэалізаваны самімі навучэнцамі, без якога-небудзь ўмяшання з боку дарослых: ініцыятыва – падлеткаў і рашэнні – падлеткаў.
Рэалізоўваючы сацыяльны праект “Карта слабых месцаў”, група валанцёраў праводзіла абыход тэрыторыі пасялковага савета, фіксавала на камеру праблемныя аб’екты, кансультавалася з мясцовай уладай пра магчымыя варыянтыіх ліквідацыі. З 12 знойдзеных слабых месцаў было ліквідавана 8. У ліку вырашаных праблем – ліквідацыя ям на праезнай частцы, размяшчэнне ў двары дома дзіцячай пляцоўкі, ачыстка занесеных пяском абочын праезнай часткі і інш. Астатнія праблемныя зоны знаходзяцца на стадыі разгляду ў сельвыканкаме і ў хуткім часе будуць ліквідаваны.
Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
Іна ГЛЯКОЎСКАЯ,
педагог-псіхолаг
Поразаўскай сярэдняй школыСвіслацкага раёна