Ён адкрыў чытачам Беларусь: да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

- 19:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Прадметны тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча прайшоў у сярэдняй школе № 22 Гродна.

Вялікі сын вялікага народа. Легендарны беларускі літаратар і не менш выдатны гісторык. Чалавек, які пісаў, што “любіў у жыцці толькі адну жанчыну, Беларусь”. І быў ёй верны і адданы, пакуль білася яго сэрца.

Гэтыя ўзнёслыя і пранікнёныя словы пра Уладзіміра Караткевіча, хлопца з Оршы, з прыдняпроўскай кручы. Нядаўна яму споўнілася б 90 гадоў. Пісьменнік жыве і будзе жыць сярод нас. І таму настаўнікі-філолагі сумесна з творчай вучнёўскай групай вырашылі прысвяціць прадметны тыдзень беларускай мовы і літаратуры менавіта яму, Караткевічу-беларусу, Караткевічу-патрыёту.

Варта адзначыць, што шырокая вучнёўская ініцыятыва падтрымлівалася і праяўлялася ва ўсім: у планаванні, у арганізацыйных асновах, у змесце і формах дзейнасці. Быў распрацаваны і праведзены шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных беларускаму песняру.

Адкрываўся тыдзень аўтарскай фотавыставай вучаніцы 8 “А” класа Аляксандры Кандрашынай “Мая “Зямля пад белымі крыламі”. Здымкі рабіліся на працягу 2020 года ў розных кутках Беларусі.

Я ўпэўнена, вы згадзіцеся з маёй думкай, што гісторыя і літаратура – сёстры. У літаратурным вечары-успаміне “Дарога, якую прайшоў” удзельнічалі вучні 9–11 класаў. Вечарына ладзілася ў бібліятэцы. Не пакрыўлю душой, калі скажу – гэта было сапраўднае свята-фэст.

Сцэнарый быў пабудаваны на аснове гістарычнай храналогіі. Навучэнцы акрэслілі асноўныя этапы жыцця і творчасці выдатнага мастака слова, прайшліся сцежкамі памяці, разгледзелі шырокі творчы дыяпазон яго дзейнасці, павандравалі па старонках знакамітых аповесцей, раманаў, п’ес. Выхаванцы зведалі асалоду ад чытання вершаў на памяць у выкананні юных талентаў нашай школы. Сапраўды, кожнае слова, кожны радок былі пранізаны цеплынёй, пяшчотай, павагай да сваёй роднай мовы, да сваёй Бацькаўшчыны. “Усе вершы Караткевіча, якія я чытала, напісаны на хвалі высокага эмацыянальнага напружання, таму што ў ім раствараюцца кавалачкі душы песняра”, – адзначыла вучаніца 11-га класа Таццяна Чапрасава.

Элеанора Стрэшка, вучаніца 10-га класа, рэдактар школьнай газеты, у сваім міні-даследаванні нагадала пра тое, што жыццё паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста непарыўна звязана з Гродна. Сюды ён прыязджаў неаднойчы. Шмат вершаў Уладзімір Караткевіч прысвяціў Васілю Быкаву, Дануце Бічэль-Загнетавай, Максіму Багдановічу, лёс якіх знітаваны з горадам над Нёманам.

Запала ў душу выступленне Аляксандры Родзік, вучаніцы 11-га класа, якая ў сваёй прэзентацыі творчасці пісьменніка зрабіла акцэнт на словах паэта, што калі б меў магчымасць, то адрэстаўрыраваў бы Стары Горад, накрыў яго шкляным каўпаком, каб ён не разбурыўся – словы сталі прароцкімі: рэстаўрыруецца Стары Замак. Аповед суправаджаўся музыкальным афармленнем, яскравай мультымедыйнай прэзентацыяй. Гэта разбудзіла пачуцці дзяцей, настроіла на лірычны пазітыўны лад. Вучні з ахвотай падрыхтавалі творчыя нумары, якімі аздаблялася правядзенне мерапрыемства: шыкоўны народны танец (Дзіяна Конан, Дар’я Дзямбіцкая, вучаніцы 10-га класа), меладычная ігра на флейце (Таццяна Чапрасава, вучаніца 11-га класа).

Напрыканцы мерапрыемства старшакласнікі паглядзелі відэафільм “Рыцар і слуга”. Дзеці пераканаліся ў тым, што Караткевіч – прыклад патрыёта, чые творы ўспрымаюцца як споведзь, як чароўная песня. Ён адкрыў чытачам Беларусь, яе даўняе, сівое мінулае, увекавечыў сваю нацыю, сваім чарадзейным пяром прызнаны майстар уваскрэсіў вякі. Яго творы вучаць нас любіць жыццё, шанаваць каханне, не толькі браць, але і аддаваць, верыць і перамагаць.

У рамках тыдня Таццяна Іванаўна Грэцкая правяла майстар-клас урока беларускай літаратуры ў 5-м класе “Нямоглы бацька”. Настаўніца выкарыстала шырокі арсенал прыёмаў і метадаў, арыгінальныя творчыя заданні: выкарыстанне эмодзі, якое спрыяла актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў з нізкай матывацыяй, гульня-вандраванне, складанне кадраплану, змястоўныя хвілінкі адпачынку – рэкламныя паўзы ў гонар юбіляра, незвычайная рэфлексія. Нават дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця паказалі сябе з нечаканага боку, раскрылі здольнасці да творчай працы. Не перабольшу, калі скажу, што праца кіпела. Урок уразіў дзяцей і ўсіх прысутных сваёй непаўторнасцю, арыгінальнасцю і навізной. Гэтыя заняткі абудзілі ў пяцікласнікаў пачуццё гонару за сваю слаўную гісторыю, багатую культуру. Яны пераканаліся ў тым, што трэба любіць і шанаваць сваю мову, свой край, умець бачыць прыгажосць беларускай зямлі, паважаць і захоўваць векавыя традыцыі і звычаі.

Актыўна ўключыліся вучні 8–11 класаў у конкурс тэатральнага мастацтва. “Дзе кожны кут цяплом душы сагрэты, там толькі нараджаюцца паэты”. Нашай увазе былі прадстаўлены ўрыўкі з вядомых твораў пісьменніка-драматурга. Нельга не ўлічваць таго, што дзеці самастойна, як умелі, распрацавалі афішы, праграмы, запрашэнні. Юныя артысты адчувалі сябе на сцэне свабодна, незакамплексавана, захоўваючы дасціпнасць, дэманстрыруючы ўсё сваё майстэрства і літаратурны талент. Канечне, і зноў-такі – гэта вопыт гаварэння, прамоўніцтва, таму садзейнічае развіццю камунікатыўных уменняў, творчага патэнцыялу вучняў, уменню працаваць у камандзе, што спатрэбіцца ім у дарослым жыцці. Паслухаўшы і праглядзеўшы тэатральныя выступленні, гледачы прыйшлі да высновы, што сваімі творамі выдатны сын зямлі беларускай заклікае маладое пакаленне, усіх нас, палюбіць, захапіцца радзімай, яе гістарычным мінулым, яе сынамі і дочкамі, яе слаўнай гісторыяй.

Класныя кіраўнікі правялі панараму класных і інфармацыйных гадзін, дзе навучэнцы мелі магчымасць дакрануцца да незвычайнага майстэрства слова, жыццяпісу і літаратурнай спадчыны слыннай постаці айчыннай гісторыі, чыё сэрца гарэла палымянай любоўю да радзімы, да бацькоўскай зямлі.

Заключны акорд тыдня – гульня-падарожжа “Бацькаўшчына – любоў мая”. У ім удзельнічалі вучні 5–6 класаў. Мерапрыемства праходзіла ў музейным пакоі, які нагадваў звычайную беларускую хатку. Гэтым самым быў створаны адпаведны эмацыянальны настрой, таму што ўсе экспанаты былі наскрозь прасякнуты беларускім духам. Гэта быў своеасаблівы экскурс у мінулае. Вучні-экскурсаводы з натхненнем і энтузіязмам правялі змястоўную экскурсію па музейным пакоі, расказалі, як трапілі гэтыя экспанаты, каштоўныя прадметы і вырабы да нас. Трэба было бачыць, як іскрыліся цікаўныя і дапытлівыя вочы дзяўчынак і хлопчыкаў. Колькі радасці! Колькі задавальнення! Колькі азарту! Кожнаму хацелася дакрануцца да гэтых рэчаў, высветліць, для чаго яны створаны і як працуюць. Гэта падарожжа насіла навучальна-выхаваўчы характар. У канцы яго была праведзена віктарына. Дзеці чарговы раз усвядомілі ісціну, што наша гісторыя з’яўляецца тым бясцэнным багаццем, без якога не магло б быць нас сённяшніх і не можа быць нас заўтрашніх.

Ды хто ж ён, Уладзімір Караткевіч? Бясспрэчна, выдатны мастак слова, які стварыў у літаратуры нашу гісторыю, стварыў наша мінулае. З яго лёгкай рукі стагоддзі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, арыгінальна і даходліва. Дык няхай жа гэта размова працягваецца вечна, як памяць пра мастака рэдкай і непаўторнай сілы, пра аршанскага Рыцара, Беларуса!

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 Гродна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий