Выхаванцы старшай групы – удзельнікі адукацыйнага пректа “Зялёныя школы” – вельмі адказна аднесліся да акцыі па падліку вадаплаўных птушак, якая арганізавана з 15 па 31 студзеня грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Ужо з дашкольнага ўзросту дзеці ведаюць, што птушкі – нашы сябры і памочнікі. Яны не толькі прыносяць карысць людзям, дапамагаючы знішчасць шкодных насякомых у агародах і садах, але і дастаўляюць эстэтычную асалоду сваімі спевамі і прыгажосцю. У любую пару года назіранне за птушкамі захапляе, нібы цікавая кніга. А калі назіранне праводзіцца яшчэ і з навуковай мэтай – гэта ўдвая больш займальна і важна.
Падлік праводзіцца, каб ацаніць, колькі і якіх відаў вадаплаўных птушак зімуе ў Беларусі і лепш спланаваць дзеянні па іх захаванні і на ўзроўні краіны, і нават на міжнародным узроўні.
Разуменне важнасці гэтай справы выклікала сапраўднае пачуццё гонару ў дзяцей. Разам з бацькамі і выхавальнікамі дзеці назіралі за качкамі-крыжанкамі, якія зімуюць на возеры каля Мірскага замка, лічылі іх колькасць. З дапамогай дарослых запоўнілі лісты анкеты па выніках назірання і адаслалі іх у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
А таксама нашы маленькія бёрдвочары вельмі сур’ёзна расказвалі турыстам, якія прыехалі наведаць мясцовую славутасць – Мірскі замак і таксама любаваліся птушкамі на возеры, што качак ні ў якім разе нельга карміць хлебам і батонам, як гэта людзі звычайна робяць: гэтая ежа для птушак небяспечная, бо іх стрававальная сістэма для такой ежы не прызначаная, корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў; гэта тое самае, што чалавека ўвесь час карміць цукеркамі.
Назіранне і ўлік вадаплаўных птушак – не толькі важная і адказная справа, а яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры. Таму запрашаем усіх жадаючых – далучайцеся!
Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г.п.Мір
Карэліцкага раёна