“Ведай свае правы, але не забывай і пра свае абавязкі!” – пад такім дэвізам у Пелішчанскай сярэдняй школе Камянецкага раёна прайшоў тыдзень прававых ведаў, у якім актыўна ўдзельнічалі вучні 1–11 класаў.
Дзіця мае права на адукацыю, але абавязана наведваць школу. Дзіця мае права на ахову здароўя, але абавязана берагчы ўласнае здароўе. Дзіця мае права на свабоду слова, але павінна паважаць правы іншых. Мы часта чуем ад дзяцей: “Маю права!..” Але далёка не ўсе разумеюць, што, клапоцячыся толькі пра рэалізацыю сваіх правоў, мы можам парушыць правы іншых.
Тыдзень прававых ведаў пачаўся з тэматычных інфармацыйных гадзін, падчас якіх адзінаццацікласнікі (вучні педагагічнага класа) выступілі перад малодшымі дзецьмі на тэму “Што мы ведаем пра свае правы і абавязкі?”. Для будучых выпускнікоў школы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.Л.Кур’яновіч разам з класным кіраўніком правяла класную гадзіну “Атрыманне адукацыі – права ці абавязак?”.
Школьны бібліятэкар А.А.Шышчыц арганізавала ў школьным фае тэматычную выставу літаратуры. Вучні 5–11 класаў стварылі серыю калажаў на тэму “Нашы правы і абавязкі”. Творчыя праекты кожнага класа вылучаліся крэатыўнасцю, маляўнічасцю і змястоўнасцю.
Групавыя мерапрыемствы, праведзеныя М.Л.Кур’яновіч і І.І.Першынай з шасцікласнікамі на тэму “Правільны выбар” і са старшакласнікамі на тэму “Права для цябе, такіх, як ты, і тых, хто ад цябе адрозніваецца”, дапамаглі паказаць падлеткам адзінства іх правоў і абавязкаў. Школьнікі азнаёміліся з асноўнымі палажэннямі шэрага нарматыўных дакументаў: Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Канвенцыі аб правах дзіцяці, Канстытуцыі Беларусі, Грамадзянскага і Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Вучні абмяркоўвалі такія важныя паняцці, як закон, адказнасць, правы і свабоды. Конкурсы, прапанаваныя ў форме гульні-спаборніцтва, дапамаглі выявіць ступень дасведчанасці вучняў у сваіх правах і абавязках і прадоўжыць работу па фарміраванні прававой кампетэнтнасці.
Для малодшых школьнікаў былі праведзены заняткі “Прававая азбука”,“Клопат пра дзяцей”, “Закон і дзеці” і “У лес пускаюць без квітка”.
Завяршыўся тыдзень круглым сталом на тэму “Захаванне сацыяльна-прававых норм”.
На працягу тэматычнага тыдня яго арганізатары пастараліся дапамагчы школьнікам разабрацца ў існуючых прававых нормах, адказалі на многія пытанні, якія цікавяць дзяцей, тым самым перасцярогшы іх ад магчымага канфлікту з законам, далі парады, як не стаць правапарушальнікам ці ахвярай злачынства.
Сутыкаючыся з канкрэтнай жыццёвай сітуацыяй, многія з нас не заўсёды ведаюць, як паступіць, як самастойна абараніць свае правы, куды звярнуцца па дапамогу. Часам цяжка разабрацца ў тым, дзе заканчваецца права і пачынаецца адказнасць. Спадзяёмся, мы дапамаглі вучням стаць больш дасведчанымі ў прававых пытаннях. Дзеці павінны ведаць законы дзяржавы і свае правы, умець імі карыстацца, але не забываць і пра абавязкі.
Марына КУР’ЯНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;
Ірына ПЕРШЫНА,
сацыяльны педагог
Пелішчанскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна