Дзетвара марозу не баiцца

- 9:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У дашкольным цэнтры развiцця дзiцяцi Свiслачы Зiма-чараўнiца сустрэла выхаванцаў на заснежанай спартыўнай пляцоўцы, каб разам правесці дзень здароўя “Мы марозу не баiмся!”.

Адразу ўдзельнiкам паведамілі, што ім дазваляецца быць здаровымі, вясёлымі, дружнымі, спрытнымі, сябраваць са спортам і фізкультурай і строга забараняецца хадзіць бруднымі, сутулымi, плакаць, хныкаць, сварыцца і біцца. Пасля гэтага Зiма правяла размiнку “Правільная зарадка”, у якой дзецi паказалi добрыя веды пра зiмовыя віды спорту, затым запрасiла паспаборнічаць і даведацца, хто самы хуткі, спрытны і смелы.

Раптам пачуўся скрып снегу і з’явiўcя Снегавік. Ен быў пакрыўджаны тым, што яго не запрасiлi на свята. Дзецi прапанавалі яму пагуляць разам. Снегавік расказаў дашкалятам, як ён клапоцiцца пра сваё здароўе: умацоўвае мускулатуру, катаецца на санках, лыжах і каньках, есць шмат гародніны і садавіны, малочных прадуктаў, не любіць доўга сядзець за камп’ютарам, таму што ён шкодны для здароўя, можа сапсаваць зрок і паставу.

Каб праверыць, цi сапраўды дзецi не баяцца зімовага холаду, Снегавiк паспрабаваў iх “замарозiць”, але ў яго нiчога не атрымалася!

Затым каманды “Снегавік” і “Снежная баба” паспаборнiчалi ў эстафетах.

У эстафеце “Хто хутчэй данясе камячок” неабходна было перанесці снежныя камячкі ў лапатцы да пэўнага месца. Эстафета “Змейка” патрабавала ад удзельнiкаў спрыту, каб хутка прабегчы паміж конусаў з палкай у руках і перадаць яе наступнаму гульцу.

Каб дзецi крышачку адпачылі ад спаборніцтваў, Снегавік прапанаваў пагуляць у гульню “Два Маразы”. А потым Зіма зноў паклікала іх на старт. Каманды прыступілі да наступнай эстафеты – “Наперад на “санках”. Дзецi бегалі парамі, адзін – унутры абруча, другі – звонку.

У самым складаным выпрабаваннi “Пераправа на iльдзiнах” неабходна было пераскокваць з абруча ў абруч, але смелыя хлопчыкi i дзяўчынкi з гэтым справiлicя! Павесялiла дашкалят і “Катанне на конях” у парах, гульня “Снежная фігура, замры”.

Свята закончылася, дзецi марозу не баяцца, таму Зiма прынясе iм яшчэ шмат весялосцi i цiкавых гульняў!

Аксана ЛАМАШКЕВІЧ,
кіраўнік фізічнага выхавання
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий