Навучэнец сярэдняй школы № 7 Навагрудка Павел Госцік прывёз адразу тры залатыя медалі са спаборніцтваў Гродзенскай вобласці па зімовым шматбор’і “Абаронца Айчыны”.
У Навагрудку створаны ўсе ўмовы для прыцягнення насельніцтва да здаровага ладу жыцця. Адкрыты і функцыянуюць спартыўны комплекс “Лідар”, футбольныя пляцоўкі, лядовыя каткі, працуюць школа па біятлоне і клубы розных напрамкаў. Усё гэта прыносіць свой плён: спартсмены Навагрудчыны ўжо не раз заяўлялі пра сябе на розных спаборніцтвах. Асабліва шмат заслуг у нашых школьнікаў у біятлоне. Павел Госцік – адзін з такіх таленавітых вучняў.
Паша ўжо досыць даўно і сур’ёзна займаецца біятлонам, наведвае секцыю, ездзіць на зборы. Вядома, цяжка сумяшчаць спорт і вучобу, тым больш, юнак вучыцца ў 9-м класе і сёлета будзе здаваць экзамены, але Пашы ўсё ўдаецца. Надалей ён хоча звязаць сваё жыццё з біятлонам, займацца ім прафесійна. Мы ўпэўнены, што ў яго ўсё атрымаецца.
Т.ЖЫЗНЕЎСКАЯ,
класны кіраўнік 9 “А” класа
сярэдняй школы № 7 Навагрудка