Выхаванцы навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната пабывалі на чарговай экскурсіі. У гэты раз яны адправіліся ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей, дзе была прадстаўлена калекцыя саматканых паясоў Навагрудскага раёна і іншых рэгіёнаў Беларусі.
Дзеці даведаліся, што пояс у традыцыйнай культуры беларусаў з’яўляўся значным, шматфункцыянальным прадметам і быў абавязковым элементам адзення. Экскурсавод паведаміла, што пояс быў абавязковай часткай сялянскага адзення, выкарыстоўваўся для розных бытавых патрэб. Разам з тым пояс меў важныя сімвалічныя функцыі, што абумовіла яго выкарыстанне ў абрадах.
Дзеці з цікавасцю слухалі аповед пра тое, што мужчына без пояса не мог пераступіць парога сваёй хаты і з’явіцца на вуліцы, а жанчыны насілі на поясе свой андарак, спадніцу і фартух. У традыцыйным строі пояс выконваў адразу некалькі функцый: практычную, сімвалічную, магічную, ахоўную, этычную, знакавую, эстэтычную. Здзівіла нашых выхаванцаў, што паясы адрозніваліся ў залежнасці ад полу, узросту, месца жыхарства. Пояс і спосаб яго нашэння давал іінфармацыю пра тое, з якой мясцовасці паходзіць чалавек, а дзеці і моладзь традыцыйна насілі больш вузкія і сціплыя па дэкоры паясы, чым дарослыя.
Асобна пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй навагрудскіх паясоў. Так яны даведаліся, што ў канцы XIX – першай палове XX стагоддзя на тэрыторыі Навагрудскага раёна выраблялі паясы некалькіх відаў: шырокія, сярэднія і вузкія і выкарыстоўвалі самы прасцейшы спосаб ткацтва – ткацтва на дошчачках.
Прыгожыя рознакаляровыя паясы, безумоўна, не пакінулі дзяцей раўнадушнымі. Цяпер яны ведаюць, што, нягледзячы на тое, што значнасць гэтага элементу адзення ўжо засталася ў гісторыі, пояс лічыцца адным з самых папулярных сувеніраў.
Вольга РАДЧАНКА,
выхавальнік Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах ”Мая Бацькаўшчына ”