Дыскусійная пляцоўка да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна

- 17:06МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Ці заслугоўвае даравання чалавек, які здрадзіў? Каб знайсці адказ на гэтае філасофскае пытанне, у сярэдняй школе № 2 г. п. Глуска разгарнулася дыскусійная пляцоўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна. Удзельнічалі ў ёй вучні 9–11 класаў і настаўнікі, якія ўваходзяць у склад творчай групы па рэалізаціі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў вучняў 9–11 класаў у працэсе сацыяльна значнай дзейнасці”.

Актыўная грамадзянская пазіцыя маладога чалавека пачынае фарміравацца з маленства: кнігі, кіно, інтэрнет, сябры, а, можа, і недругі. У апошні час мы многа чуем пра патрыятызм, нацыянальную свядомасць, грамадзянскасць, але павінны быць справы – сапраўдныя і дзейныя. Мы, дарослыя, павінны дапамагаць разумець мінулае і сучаснае, арыентавацца на шчаслівую і спакойную будучыню. Калі не мы, настаўнікі, то хто?..

У мінулым годзе наша краіна святкавала 75-годдзе з дня заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, сёлета спаўняецца 80 гадоў з дня пачатку гэтай трагічнай старонкі нашай гісторыі.

Шмат твораў беларускіх пісменнікаў прысвечаны падзеям жудаснай вайны. Большасць з іх ваявала. У іх шэрагу быў і Іван Шамякін, які прайшоў усю вайну і сустрэў перамогу ў Германіі. Ен шмат пісаў пра вайну і чалавека на вайне. Не мог абысці і тэму здрады. Свае перажыванні і разважанні ён перадаў на старонках рамана “Вазьму твой боль”, які быў напісаны ў 1979 годзе і экранізаваны ў 1980, рэжысёрам фільма стаў Міхаіл Пташук.

Менавіта над учынкамі і падзеямі гэтага твора разважалі члены дыскусінай пляцоўкі. Яны ўзнімалі пытанні здрады і даравання. Высветлілі прадумовы ўчынкаў галоўных герояў твора Івана Батрака, яго жонкі і паліцая Шышкі, які забіў маці і сястру Івана. Вялікая ўвага была звернута на маладое пакаленне ў творы – на дачок галоўных герояў. Дачка Івана – прадстаўніца так званай “залатой моладзі” таго часу, вельмі крытычна ставіцца да псіхалагічнай напружанасці ў сям’і. У яе на першым плане яе пережыванні, яе каханне, а памяць пра падзеі вайны ёй не патрэбная. Дачка Шышкі верыць у тое, што яе бацька – пакутнік, ён атрымаў сваё пакаранне і заслугоўвае даравання. Учынак Таісіі, жонкі Івана, выклікаў уздым дыскусіі. Бо адны апаненты апраўдвалі яго, а другія казалі, што гэта ўсё роўна злачынства. У выніковых выказваннях кожны ўдзельнік пляцоўкі аргументаваў свае думкі і разважанні ў адказ на пастаўленае раней пытанне: ці заслугоўвае даравання чалавек, які здрадзіў?

Закончылася дыскусія словамі з Евангелля ад Лукі: “Не судзіце, і не будзеце судзімыя; не асуджайце, і не будзеце асуджанымі; даруйце, і будзеце дараванымі”.

Д.М.Ківерына,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 2 г. п. Глуска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий