Развіццё пазнавальна-даследчай дзейнасці праз арганізацыю дзіцячага эксперыментавання

- 16:35ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У дашкольнай группе Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна створаны выдатныя ўмовы для арганізацыі доследна-эксперыментальнай дзейнасці выхаванцаў. Тут арганізавана міні-лабараторыя, якая ўвесь час папаўняецца матэрыяламі і абсталяваннем у адпаведнасці з узростам дзяцей, створаны вугалок даследчыка, картатэка вопытаў, маецца мультымедыйная ўстаноўка для дэманстрацыі відэадоследаў.  

Дзеці – даследчыкі па сваёй прыродзе. З радасцю і здзіўленнем яны пазнаюць навакольны свет праз вопыт асабістых адчуванняў, дзеянняў, перажыванняў і радуюцца нават самаму маленькаму адкрыццю.

У дзіцячай міні-лабараторыі ёсць усё неабходнае для правядзення доследаў: лупы, шалі, пясочныя гадзіннікі, компасы, магніты, пластыкавы посуд, мерныя стаканы, лейкі, фільтры, папяровыя сурвэткі, гумавыя шары і інш. Абавязковыя атрыбуты – нарукаўнікі, фартушкі, белыя халацікі і галаўныя ўборы (банеты, канфедэраткі, шапачкі). Гэта дазваляе дзецям пераўвасобіцца і прымерыць на сабе вобраз вучонага, даследчыка ці эксперыментатара.

18 лютага выхаванцы рознаўзроставай групы дэманстравалі свае дасягненні ў доследна-эксперыментальнай дзейнасці падчас правядзення пасяджэння школьнага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Як сапраўдныя вучоныя-эксперыментатары дзеці знаёміліся з уласцівасцямі паветра, для чаго самастойна адбіралі неабходнае абсталяванне, праводзілі доследы, праглядалі відэавопыты, рабілі высновы, вучыліся працаваць у парах, папаўнялі свой слоўнікавы запас. Даследаванне ўласцівасцей паветра на гэтым не закончыцца. Яно знойдзе свой працяг у час прагулкі, калі дзеці вызначаць напрамак ветру, на тэматычных занятках “Дзіця і прырода”, калі пацвердзяць доследным шляхам наяўнасць пругкіх уласцівасцей паветра, паназіраюць за расшырэннем паветра, пры правядзенні дамашняга эксперыменту, калі разам з бацькамі надуюць паветраны шарык з дапамогай шкляной бутэлькі.

Калі дзіця-даследчык знойдзе падтрымку ў педагогаў і бацькоў, з яго вырасце даследчык-дарослы – разумны, назіральны, які ўмее самастойна рабіць высновы, лагічна думаць, які ўсё жыццё будзе знаходзіць у навакольным свеце што-небудзь цікавае і незвычайнае, здзіўляцца і радавацца ўсяму, што бачыць вакол сябе. І мне як настаўніку фізікі прыемна, што праз некаторы час сённяшнія выхаванцы прыдуць у школу з ужо набытым багажом ведаў і змогуць самастойна растлумачыць многія фізічныя з’явы.

Таццяна ЛЕВАНЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўнік фізікі
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий