Сёння вучань – заўтра абаронца Радзімы

- 7:33ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У сярэдняй школе № 1 Смаргоні працягваецца дэкада вайсковай славы і памяці “Мы ганарымся Айчынай сваёй”. Субота, 20 лютага, была насычана мерапрыемствамі, прысвечанымі Дню абаронцы Айчыны.

Навучэнцы 2–3-х класаў зладзілі выставу малюнкаў “Прафесіі нашых тат”. Мэтай выставы стала падтрыманне паважлівага стаўлення да бацькі, фарміраванне згуртаванасці паміж блізкімі людзьмі. Хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі адказна падышлі да справы. Усім хацелася паказаць свайго тату ў лепшым выглядзе. Спачатку дзеці распавялі пра захапленні тат “Тата – майстар на ўсе рукі”, адгадвалі загадкі пра прафесіі, спявалі песні пра тату, правялі гульню “Залатыя рукі”.

Калі малюнкі былі гатовыя, кожны навучэнец распавядаў пра свайго бацьку, называў прафесію таты і складаў аповед пра яе. Прафесіі бацькоў маленькіх мастакоў аказаліся вельмі разнастайнымі: машыніст, пагранічнік, кіроўца, інжынер, трактарыст. Дзеці з гонарам разглядалі выставу сваіх работ і дзякуючы ёй змаглі зазірнуць у прафесійны свет.

Навучэнцы 4–5-х класаў наведалі Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Яны даведаліся, што Смаргоншчына стала раёнам найбольшага напружання на германска-расійскім фронце за ўсю Першую сусветную вайну. Таксама вучні зацікавіліся подзвігам нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. З цікавасцю вывучаліся экспанаты музея, што адлюстроўваюць гісторыю дзвюх сусветных войнаў, якія прайшлі праз тэрыторыю роднага горада і раёна.

Вучні 6–8-х класаў правялі розныя мерапрыемствы з цікавымі конкурсамі, віктарынамі, з праглядам відэаролікаў, прысвечаных Дню абаронцы Айчыны. У ходзе мерапрыемстваў навучэнцы вызначалі рысы сапраўднага мужчыны, адказвалі на пытанні віктарыны “Армейская кемлівасць”, успаміналі старонкі ваеннай гісторыі. У канцы сустрэч дзяўчынкі выступілі з пажаданнямі хлопчыкам стаць годнымі абаронцамі нашай Радзімы.

Для 9–11-х класаў быў праведзены спартыўна-патрыятычны конкурс “Сёння вучань – заўтра абаронца Радзімы”. У конкурсе прынялі ўдзел дзве каманды, якія ў ходзе выпрабаванняў даказалі сваё права называцца ваенным атрадам – зладжаным, дружным і баяздольным.

У пачатку гульні каманды паказалі прывітанні – пазыўныя і дэвізы. Далей гульцы ўдзельнічалі ў розных выпрабаваннях, якія патрабуюць не толькі спартыўных уменняў і вынослівасці, але і пэўных ведаў. Конкурсы “Перацягванне каната”, “Эрудыт-віктарына”, “Паласа перашкод”, “Ваенныя вучэнні” дазволілі праявіць юнакам хуткасную вытрымку, страявую падрыхтоўку, веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Шмат эмоцый выклікалі конкурсы “Газы!” і “Самалёцікі”, падчас якіх навучэнцы спаборнічалі ў хуткасці надзявання процівагазаў і “дальнасці палёту” папяровых самалёцікаў.

Мерапрыемства дазволіла стварыць умовы для выхавання волі, трываласці, адвагі і мужнасці старшакласнікаў, спрыяла выхаванню ў вучняў каманднага духу і адзінства, узаемадапамогі і патрыятызму. Каманды праявілі мужчынскую трываласць, спартыўны азарт і сілу духу, за што былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі прызамі.

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА, Гелена ЛЯПЕХА, Ірына ПІЛЬСЦЬ,
настаўнікі сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий