Першыя адкрытыя спаборніцтвы па адукацыйнай робататэхніцы “RoBoTechGames” адбыліся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска.
Удзел у турніры прынялі 15 каманд з Бабруйска, Мінска і Віцебска. Усяго спаборніцтвы аб’ядналі 25 самых моцных юных спартсменаў Беларусі.
– Многія нават не чулі пра тое, што робаты ўмеюць спаборнічаць. “Робарэйс”, “Міні-сумо”, “Лабірынт”, “Вялікае падарожжа” – усё гэта пералік катэгорый спаборніцтваў, у якіх удзельнічаюць пачынаючыя праграмісты, якія захапляюцца робататэхнікай. “RoBoTechGames” праходзіў у двух катэгорыях: “Прытрымліванне лініі. Адукацыйныя канструктары” і “Прытрымліванне лініі. Стандарт”. Сутнасць спаборніцтваў складалася ў тым, што робат павінен праехаць па спецыяльнай траекторыі – “трасе” за мінімальны час. У кожнай каманды было тры спробы. Пры падвядзенні вынікаў залічвалася самая лепшая, – распавяла загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска Таццяна Кізатава.
Паводле яе слоў, спаборніцтвы прайшлі дынамічна, ярка і запамінальна. На адкрыцці ўдзельнікаў павіталі ганаровыя госці – начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца і інжынер, кандыдат тэхнічных навук, валанцёр-трэнер па робататэхніцы, прадстаўнік аргкамітэта Кубка адукацыйнай робататэхнікі Аляксей Голік.
У ходзе спаборніцтваў не раз гаварылася пра неабходнасць правядзення ў рэгіёнах турніраў, падобных “RoBoTechGames”. Яны не толькі папулярызуюць адукацыйную робататэхніку, але і дапамагаюць раскрыццю здольнасцей навучэнцаў. Часта пасля ўдзелу ў такіх мерапрыемствах хлопцы і дзяўчаты яшчэ больш захапляюцца робататэхнікай і ўжо свядома займаюцца гэтай справай.
Дарэчы, па выніках “RoBoTechGames” у прызёрах апынуліся ў асноўным прадстаўнікі сталіцы. У катэгорыі “Прытрымліванне лініі. Адукацыйныя канструктары” у тройку прызёраў увайшлі каманды “ZUBRoid”, “White Storks” і “White Wings”, усе прадстаўнікі Мінска. У катэгорыі “Прытрымліванне лініі. Стандарт” перамогу атрымала каманда “T-Rex” з Мінска, другімі сталі рабяты з мінскай каманды “Чыкагскі Кот”, а вось замкнулі тройку лідараў бабруйчане – каманда “Q Bit”.
Усім пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама і каштоўныя падарункі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадстаўлена
Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска