Акцыя “Адзіны дзень бяспекі” завяршылася ў Кармянскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У гэтыя дні намаганні педагогаў цэнтра былі накіраваны на прапаганду бяспечных умоў пражывання навучэнцаў, развіццё культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы.
Выхавальнікі цэнтра правялі гульнявы занятак “Небяспечныя прадметы ў побыце”. Падчас мерапрыемства навучэнцы дашкольнай групы-класа вучыліся правільна абыходзіцца з электрапрыборамі, адгадвалі загадкі, выконвалі заданні, практычна адпрацавалі дзеянні ў надзвычайных сітуацыях падчас камбінаванай эстафеты, падрыхтавалі калаж “Асцярожна – электрапрыборы”.
Таксама была арганізавана выстава малюнкаў па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Усе малюнкі былі розныя, але аб’ядноўваліся адной тэматыкай – “Азбука бяспекі”. У прадстаўленых сюжэтах дзеці паказалі, з якімі небяспечнымі сітуацыямі можна сутыкнуцца на дарогах, як трэба правільна сябе паводзіць на праезнай частцы.
У рамках адзінага дня бяспекі адбылася адпрацоўка эвакуацыі навучэнцаў і работнікаў цэнтра з будынка, дзякуючы якой кожны ўспомніў, што неабходна прадпрымаць у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі.
На заканчэнне акцыі дырэктар ЦКРНіР В.М.Ігнаценка выступіла перад работнікамі калектыву і бацькамі навучэнцаў. Яна расказала пра папярэджванне гібелі людзей ад знешніх прычын, у тым ліку надзвычайных сітуацый.
Святлана ШВАЧЫЧ,
намеснік дырэктара
Кармянскага раённага цэнтра
карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі