Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў старшай групе № 2 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка прайшоў занятак па маральна-патрыятычным выхаванні “Я люблю Беларусь!”.
Дашкольнікі даведаліся шмат новага пра нашу краіну. Ім распавялі пра колькасць абласцей і пра тое, адкуль пайшлі назвы абласных цэнтраў, што знакавае і цікавае знаходзіцца ў кожным з рэгіёнаў.
Выхаванцы замацавалі свае веды пра сцяг нашай краіны, значэнне кожнага колеру і арнамента. Даведаліся пра крылаты сімвал Беларусі – бусла, паслухалі паданне пра яго паходжанне. Успомнілі дзяржаўныя мовы нашай краіны і пераклалі словы з беларускай мовы на рускую.
Дзеці з цікавасцю гулялі ў гульню “Насельнікі беларускіх лясоў”, дзе з дапамогай картак шукалі жывёл, якія пражываюць у нашых лясах. А ў канцы занятку ў знак павагі і любові ўпрыгожылі выяву краіны кветкамі.
Кацярына БУІНСКАЯ,
педагог сацыяльны
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1
Навагрудка