Адной з задач “Вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі” з’яўляецца выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму падрастаючага пакалення. Таму выхаванцы старшай групы № 2 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка накіраваліся ў цікавае падарожжа – у той час, калі жылі нашы дзяды і прадзеды.
Чароўны кут, старадаўні казачны край – наша Беларусь. Са старажытных часоў жылі на гэтай зямлі нашы продкі – дзяды і прадзеды. Радзіма для чалавека – самае дарагое і святое, без чаго ён перастае быць асобаю. У кожнай краіны, нават самай маленькай, ёсць свая мова, свая гісторыя, свая культура, традыцыі. Нацыя толькі тады будзе жыць і развівацца, калі кожнае наступнае пакаленне будзе выхоўвацца на нацыянальных традыцыях.
Падчас “падарожжа” дзеці апынуліся ў беларускай хатцы, даведаліся пра прадметы, якімі карысталіся нашы продкі, а таксама пераканаліся ў тым, што ўсе гэтыя рэчы зроблены рукамі чалавека, ніякіх машын у той час не было. Прасліца, калаўрот, кросны – гэта рэчы, без якіх не абыходзілася ніводная беларуская сям’я, пры дапамозе іх скручвалі ніткі, ткалі дзяружкі, ручнікі, палатно для кашуль. Дзеці самі паспрабавалі скручваць ніткі, пазнаёміліся з ганчарнымі вырабамі, з прасам, кашом, даведаліся, як сяляне гатавалі ежу, у чым яны гатавалі, нават самі паспрабавалі ставіць чыгунок у печ. Дзеці ўспомнілі беларускія вершы, прымаўкі, прызказкі, беларускія казкі, заспявалі калыханку, гулялі ў беларускія народныя гульні “Гарлачык”, “Лапці”.
Упэўнена, што гэтае падарожжа надоўга застанецца ва ўспамінах кожнага з выхаванцаў, а самае галоўнае – дзеці зноў і зноў будуць вяртацца ў беларускую хатку, каб пранікнуцца любоўю і гонарам за сваю Радзіму, свой народ і быць дастойнымі нашчадкамі сваёй зямлі, Бацькаўшчыны.
Іна МАКСІМОВІЧ,
выхавальнік
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка