У сярэдняй групе ясляў-сада № 10 Навагрудка прайшоў дзень пад назвай “Падарожжа ў свет захапленняў”.
Дашкольнікі пазнаёміліся з паняццем “хобі”, паходжаннем і прызначэнне гэтага роду дзейнасці чалавека. Выхаванцы сумесна з бацькамі, загадзя падрыхтавалі апавяданні пра свае захапленні або захапленні сваіх бацькоў, а ў час віртуальнага падарожжа падзяліліся імі са сваімі сябрамі. Мы з дзецьмі пабывалі ў Краіне Калекцыянераў, Краіне Рукадзелля, Краіне Кандытараў, Краіне Падарожнікаў, Краіне Творчасці І Краіне Кветкаводаў.
Так дзякуючы падарожжу малыя даведаліся, што ў кожнага чалавека ёсць сваё захапленне, якое прыадчыняе часцінку яго ўнутранага свету. Людзі малююць, збіраюць маркі, вяжуць, шыюць, разводзяць рыбак, слухаюць музыку, вырошчваюць кактусы, пякуць смачныя тарты… Свет захапленняў настолькі вялікі і разнастайны, што мы з дзецьмі маглі б яшчэ вельмі доўга падарожнічаць і знаходзіць шмат цікавага і карыснага.
А яшчэ выхаванцы адправіліся ў сапраўднае маленькае падарожжа. Мы наведалі персанальную выставу Алега Анікевіча “Свет маіх захапленняў”, якая размясцілася ў доме-музеі Адама Міцкевіча.
Наведванне музея стала для дзяцей пазнавальным мерапрыемствам і выклікала ў іх шмат станоўчых эмоцый. Экскурсiя нам вельмi спадабалася. Дзеці з цікавасцю разглядалі работы з дрэва і слухалі аповед пра захапленні гэтага таленавітага чалавека.
Вераніка БОГУШ,
выхавальнік сярэдняй групы
ясляў-сада № 10 Навагрудка