Выкарыстанне ГІС-тэхналогій у інавацыйнай дзейнасці

- 18:13МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

Семінар-практыкум для педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, удзельнікаў праекта “Укараненне геаінфармацыйных тэхналогій у практыка-арыентаваную навучальную і даследчую дзейнасць навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі для дасягнення мэт устойлівага развіцця рэгіёна” арганізаваў аддзел педагагічных інавацый Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Семінар пачаўся з прывітальнага слова навуковага кіраўніка праекта, старшага выкладчыка кафедры прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова Н.Б.Тупіцынай. Пасля сваім вопытам работы з калегамі падзяліўся педагагічны калектыў гімназіі Мсціслава.

Дырэктар навучальнай установы А.В.Казакоў адзначыў важнасць сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з мэтай абмену інавацыйнымі ідэямі і распаўсюджвання перадавога педагагічнага вопыту. Кожная ўстанова адукацыі – гэта маленькая дзяржава, якая мае сваю гісторыю, законы, традыцыі. Гімназія Мсціслава зараз – рэсурсны цэнтр адукацыйных практык для ўстойлівага развіцця раёна. Усім удзельнікам Zoom-канферэнцыі быў прадстаўлены вопыт работы гімназіі “Магчымасці гімназічнай адукацыі праз прызму ўстойлівага развіцця”.

Адна з найважнейшых праблем у інавацыйнай дзейнасці – праблема арганізацыі гэтай дзейнасці, ці праблема кіравання. Кваліфікацыя кіраўніка, яго прафесійнае майстэрства становяцца найважнейшым фактарам забеспячэння эфектыўнасці інавацыйнай дзейнасці. Пра арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне інавацыйнага праекта расказала намеснік дырэктара Г.М.Сокал.

Яна адзначыла, што метадычнае суправаджэнне педагогаў-інаватараў забяспечваецца ў гімназіі на ўсіх этапах інавацыйнай дзейнасці, пачынаючы з выяўлення інавацыйнага патэнцыялу педагагічнага калектыву і завяршаючы ацэнкай эфектыўнасці інавацыйнага вопыту кожнага педагога. Пры арганізацыі метадычных мерапрыемстваў ва ўстанове ўлічваюцца менавіта запыты настаўнікаў.

Планаванне метадычнай работы ўключае ў сябе не толькі мерапрыемствы навучальнага характару, але і кантроль эфектыўнасці работы па рэалізацыі інавацыйнага праекта, а таксама мерапрыемствы, якія забяспечваюць сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі. У працэсе рэалізацыі праекта асноўная ўвага надаецца развіццю прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у галіне ўкаранення мадэлі арганізацыі дзейнасці ўстановы адукацыі ў рамках інавацыйнага праекта. Удзельнікі творчай інавацыйнай групы рэгулярна прымаюць удзел у навучальных курсах, практычных семінарах на базе МДАІРА. Педагогі, якія ўдзельнічаюць у інавацыйным праекце, прайшлі бясплатны дыстанцыйны курс МООС “Картаграфія” па праграме ESRI і атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Арганізавана цеснае ўзаемадзеянне з навуковым кансультантам праекта праз індывідуальныя і групавыя кансультацыі.

Другі год запар гімназія мае бясплатную ліцэнзію на геаінфармацыйнае забеспячэнне ў выглядзе пакета ArcGISforSchoolsBundle – Small, атрыманую ў якасці гранта ESRI-CIS па праграме падтрымкі школ, накіраванай на развіццё прафесійнай геаінфармацыйнай адукацыі ў Еўропе. Яна дае магчымасць працаваць як на анлайн-платформе ArcGISOnline, так і ўсталяваць праграмнае забеспячэнне на камп’ютары для 50 імянных карыстальнікаў бясплатна. Больш дакладна пра назапашаны вопыт работы паведаміў відэаролік “Гімназія і ГІС”.

Адметна, што наяўнасць гранта дала магчымасць арганізаваць ва ўстанове аб’яднанне па інтарэсах “Геаінфармацыйныя тэхналогіі ў экалагічным краязнаўстве”. Пра работу аб’яднання паведаміла яго кіраўнік А.Ю.Якубенка. Навучэнцы пры дапамозе праграмы ArcGISOnline асвойваюць методыку праектавання геаінфармацыйнага прадукту, вучацца выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і картаграфічныя вэб-сэрвісы для арганізацыі экалагічна значнай дзейнасці, авалодваюць методыкай прымянення рэсурсаў.

А.Ю.Якубенка адзначыла, што выхаванцы аб’яднання па інтарэсах актыўна прапагандуюць інавацыйны праект на розных мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўняў. У далейшым плануецца арганізаваць вывучэнне праграмы ArcGISOnline навучэнцамі 5–9-х класаў. Гэта будуць рабіць непасрэдна выхаванцы аб’яднання па інтарэсах метадам “роўны навучае роўнага”.

Пра выкарыстанне ГІС-тэхналогій пры правядзенні факультатыўных заняткаў расказаў настаўнік гісторыі і англійскай мовы С.Ф.Ходак. Вынікам работы першага года рэалізацыі інавацыйнага праекта стала даследчая работа “Хрысціянскія святыні Мсціслаўшчыны”. На аснове вывучэння гістарычных і культурных помнікаў раёна была створана геаінфармацыйная карта хрысціянскіх храмаў горада Мсціслава і Мсціслаўскага раёна для прыцягнення ўвагі да захавання духоўнай спадчыны для дасягнення мэтаў устойлівага развіцця рэгіёна. Акрамя гэтага, быў створаны адпаведны тэматычны вэб-дадатак.

Зараз у гімназіі праводзяцца факультатыўныя заняткі “Храмы, замкі і палацы Беларусі” па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі” для вучняў 6-га класа. На ўступным занятку навучэнцы пазнаёміліся з архітэктурнымі помнікамі роднага раёна на аснове матэрыялаў даследчай работы і створанай карты. Хлопцы і дзяўчаты пажадалі навучыцца працаваць з праграмай ArcGISOnline і ў працэсе вывучэння матэрыялаў гэтага факультатыўнага курса стварыць інтэрактыўную карту “Храмы, замкі і палацы Беларусі”, нанёсшы на яе тыя помнікі архітэктуры, з якімі знаёмяцца на занятках. У цяперашні час у ходзе вывучэння матэрыялу факультатыўных заняткаў ствараецца геаінфармацыйная карта, на якую наносяцца архітэктурныя помнікі.

Пра выкарыстанне ГІС-тэхналогій у даследчай дзейнасці ў гімназіі Мсціслава паведаміла настаўнік хіміі і біялогіі А.М.Сівакова. Быў прэзентаваны шэраг даследчых работ, якія былі выкананы вучнямі сумесна з педагогамі на працягу рэалізацыі практычнага этапу інавацыйнага праекта.

Па заканчэнні семінара-практыкума было адзначана, што вынікі работы гімназіі Мсціслава ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта сведчаць пра высокую эфектыўную дзейнасць па распрацаванай мадэлі. Выкарыстанне мадэлі ў розных тыпах агульнаадукацыйных устаноў значна павышае матывацыю вучняў да пазнавальнай дзейнасці, актывізуе працэс педагагічнай творчасці, павышае кампетэнтнасць навучэнцаў, бацькоў і педагогаў у пытаннях экалагічных ведаў для дасягнення мэт устойлівага развіцця рэгіёна.

Ганна СОКАЛ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі Мсціслава

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий