У першы дзень вясновых канікул у яслях-садзе № 9 Ваўкавыска прайшоў дзень здароўя “Здаровы я – здаровая краіна”.
Дзень пачаўся з аздараўленчай ранішняй гімнастыкі. У спартыўнай зале рабят чакаў вясёлы і забаўны Нязнайка, які разам з выхаванцамі зрабіў ранішнюю гімнастыку пад вясёлую музыку. Дзеці атрымалі зарад бадзёрасці на цэлы дзень.
Пасля смачнага і карыснага снедання да выхаванцаў у госці прыйшоў доктар Айбаліт. Ён правёў пазнавальныя гутаркі пра здаровы лад жыцця, праверыў чысціню і парадак у групе. Вельмі цікава прайшла гульня “Пазнай прадметы гігіены”, дзе дзеці навобмацак пазнавалі знойдзеныя прадметы асабістай гігіены і расказвалі, для чаго яны патрэбныя.
На вуліцы, на спартыўнай пляцоўцы, Нязнайка падрыхтаваў для хлопчыкаў і дзяўчынак вясёлыя эстафеты і гульні.
У эстафеце “Пачастуй сябра вітамінкамі” дзеці замацавалі свае веды пра карысць вітамінаў, паказалі сваю спрытнасць, уменне працаваць у камандзе. Імкненне перамагчы, радасць і вясёлы настрой прысутнічалі ў эстафеце “Хто хутчэй”. Многа станоўчых эмоцый і перажыванняў за камандны вынік атрымалі выхаванцы ў спаборніцкай гульні “Садавіна для Нязнайкі”. Гатоўнасць суперажываць і дапамагаць адно аднаму, адказнасць за асабістыя і камандныя дзеянні, уменне дакладна выконваць каманды былі праяўленыя ў эстафеце “Звілістая дарожка”.
Вось такім шумным, вельмі вясёлым і актыўным атрымаўся наш дзень здароўя!
Таццяна ТРАЦЦЯК,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 9 Ваўкавыска